Віталь Рымашэўскі. Партрэт на фоне кратаў вачыма жонкі
Здаецца ўсё, што я магла распавесьці пра свайго мужа, распавяла яшчэ да выбараў, летась у сьнежні. Як пазнаёміліся, як спадабалася мне адвага Віталя, ягонае ўменьне захапляцца справамі і захапіць імі іншых. Як адкрыла вельмі важныя для палітыка якасьці, здольнасьць спагадаць і дараваць людзям.
Хаця ёсьць рэчы, якія могуць выклікаць у ім адмоўную рэакцыю. Ён ня церпіць крывадушнасьці, пыхлівасьці і дурасьці. Шчырасьць і прамалінейнасьць Віталя прыцягвае, але зь іншага боку нараджае ворагаў. Таму сярод яго знаёмых няма абыякавых да Віталя, яму або сымпатызуюць, або ненавідзяць.
Віталь ніколі не будуе звышрэальных плянаў. Мэты, якія ён ставіць перад сабой, заўжды канкрэтныя і дасягальныя. У яго ёсьць здольнасьць адразу бачыць і галоўнае. І галоўнае, рабіць канкрэтныя крокі па вырашэньню шматлікіх пытаньняў. І вядома, не без дапамогі паплечнікаў і сяброў, без іх не было б столькі натхненьня і сілаў.
Ідэя Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі не бяз Віталя атрымала шырокае разьвіцьцё ў нашай краіне ў няпросты час, калі пачыналіся наступы на свабоду ў краіне, калі зьнішчэньне мовы і культуры з боку ўладаў уступіла ў актыўную фазу.
Віталь шукаў выйсьце з сытуацыі, якая склалася ў краіне. Шукаў як хрысьціянскі вернік і палітычны актывіст. Адказы на гэтыя пытаньні аформіліся ў выглядзе Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Віталь заўсёды перажываў, што яму не хапала побач старэйшага чалавека, настаўніка, які б падказваў і накіроўваў. Выпадала пакладацца толькі на свой досьвед. А ўзорам для яго былі і застаюцца Васіль Быкаў, Уладзімер Караткевіч і Эрнэст Сабіла.
Нягледзячы на сваю занятасьць, шматлікасьць сустрэч, гэта выдатны муж, бацька і сябар, а яшчэ сын і зяць. Данесьці свае погляды ён змог да самых блізкіх – да сваіх сваіх бацькоў і да маёй маці. Мне падаецца, гэта важная рыса да партрэту Віталя. Бо сваякі ведаюць нас такімі, як мы ёсьць, з нашымі слабасьцямі. І заручыцца падтрымкай сваякоў бывае цяжэй, чым падтрымкай незнаёмых людзей. Напрыканцы траўня будзе 10 год, як мы пабраліся шлюбам. Ня ведаю, колькі нам вызначана наперадзе гадоў, каб і надалей радаваць адзін аднаго сваім існаваньнем, падтрымліваць адзін аднаго. Але ведаю дакладна, што гэта ўсё залежыць толькі ад Бога. Ён дае сілы і падтрымку на кожнае выпрабаваньне. Можа падацца, што я выхваляюся мужам, аднак падзеі 19 сьнежня, рэакцыя і дзеяньні майго мужа пацьвердзілі сказаныя мной словы і выявілі тыя якасьці, якіх так не хапае некаторым палітыкам. Нашай дачцэ ёсьць кім ганарыцца.
Я ведаю, што вакол вызваленьня Віталя хадзілі розныя плёткі і пэўныя сумневы. На гэта я скажу толькі адно: людзі, прыязныя да Віталя, сталі яшчэ больш блізкімі, а тыя, хто яго ненавідзеў з розных прычын, знайшлі лішнюю нагоду плявузгаць, зламысьнічаць і навесіць яшчэ адну шыльду. Зрэшты, гэта іх свабодны выбар. Хочацца верыць, што рэшта сумленьня, якая ў іх засталася, іх выкрые.
Незадоўга да выбараў я казала ў адным інтэрвію, што рана ці позна прэзыдэнтам бачу Віталя. Я не зьмяніла сваіх поглядаў, бо Віталь выключны чалавек. Зрэшты, галоўнае ня тое, што ён каштоўны ў маіх вачох ці нечых іншых. Адной ацэнкі мала. Галоўнае – дапамагчы яму і надалей выконваць яго пакліканьне.
5 траўня суд, яшчэ адна падзея з шэрагу тых, якія былі пасьля 19 сьнежня.Я цягам сутак нічога ня ведала пра Віталя, потым стаяла з дачкой у чэргах па перадачы, ехала дадому ў чаканьні ліста з-за кратаў, у чаканьні ператрусаў у кватэры… Але, як сказаў адзін вельмі паважаны чалавек, гэта ўсё не навечна…
Наста Рымашэўская, жонка экс-кандыдата на прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага
5 траўня. Суд Фрунзенскага раёну Менску