На працэсе над Рымашэўскім давалі паказаньні яго давераныя асобы Садоўскі, Кабанчук і Кухлей
10 траўня бліжэй да вечара ў Фрунзенскім судзе Менску, у якім працягваецца разгляд па справе сустаршыні БХД, экс-кандыдата на прэзыдэнта Віталя Рымашэўскага, адбыўся допыт у якасьці сьведак сябраў аргкамітэту БХД, былых давераных асобаў Рымашэўскага Дзяніса Садоўскага, Вадзіма Кабанчука і Зьміцера Шурхая. Перад імі цэлы дзень дапытавалі міліцыянтаў і супрацоўнікаў ДАІ. Падаем кароткі зьмест іх сьведчаньняў паводле онлайн рэпартажу радыё “Свабоды”.
17.47 Наступны сьведка — давераная асоба Рымашэўскага Дзяніс Садоўскі.
Судзьдзя робіць папярэджаньне за вольны тон. Абвінаваўца пытаецца, ці мае ён дачыненьне да БХД? Афіцыйна такой партыі няма, кажа Садоўскі. Але прызнае, што ў выбарчай кампаніі Рымашэўскага ўдзел браў.
Падзеі 19 сьнежня памятае. А 19 гадзіне зьбіраліся каля Чыгуначнага вакзалу. Потым пайшлі на Кастрычніцкую. Стварылі кола вакол кандыдатаў. Пачаўся агульны рух у бок адміністрацыі. Натоўп вынес на праспэкт кола кандыдатаў разам з аховай. Натоўп пайшоў у бок плошчы Незалежнасьці. Кандыдаты размаўлялі з супрацоўнікамі ДАІ, каб тыя забясьпечылі рух калёны.
17.57 Наступны сьведка — давераная асоба Рымашэўскага, прадпрымальнік Вадзім Кабанчук.
Ён ня бачыў, каб кандыдаты прарывалі кардоны. Яны размаўлялі з супрацоўнікамі ДАІ. Пра што гаварылі, ня чуў, было шумна. Людзі скандавалі лёзунгі «Жыве Беларусь!» Яму здаецца, што транспарту не было, на вуліцах стаялі супрацоўнікі ДАІ. Ад Кастрычніцкай да Незалежнасьці калёна ішла хвілін 30.
Далей распавядае пра свой удзел у выбарчай кампаніі. На сустрэчах з выбарцамі Рымашэўскі казаў пра Плошчу. 19 сьнежня быў на Кастрычніцкай. Там былі выступы кандыдатаў. Статкевіч сказаў, што былі парушэньні падчас выбараў, і спачатку хацелі рушыць да Адміністрацыі. Потым пайшлі на Незалежнасьці. Народ скандаваў лёзунгі. Транспарт быў спынены. Каб Рымашэўскі заклікаў выйсці на праезную частку, ён ня памятае.
18.03 — 18.30 Наступны сьведка — давераная асоба Рымашэўскага Зьміцер Шурхай.
На Кастрычніцкай плошчы быў. Там плянавалася мірная акцыя, былі выступы кандыдатаў. Потым людзі пачалі ісьці ў бок плошчы Незалежнасьці. Асабіста ён ішоў па праезнай частцы. Лічыць, што ў шэсьці ўдзельнічала 50 тысяч чалавек.
Грамадзкага транспарту на праспэкце не было, на ягоную думку. Ці крычаў лёзунгі, не памятае. Сьцяга ў руках у яго не было. Абвінаваўца пытаецца пра агітацыйную літаратуру: ці былі там заклікі на плошчу? Сьведка ня памятае.
У ініцыятыўнай групе займаўся зборам подпісаў у Берасьці. Гэтая праца не аплачвалася. Ці заклікаў Рымашэўскі на сустрэчах з выбарцамі выйсьці на плошчу, не памятае.
Падчас папярэдняга сьледзтва паказаньні даваў. Судзьдзя кажа, што былі супярэчнасьці у паказаньнях. У паказаньнях раней ён казаў, што за подпісы плацілі 5 даляраў, што Рымашэўскі заклікаў прыйсьці на плошчу. Шурхай адмаўляе. Але подпіс прызнае сапраўдным.
Рымашэўскі пытаецца, пры якіх абставінах яго дапытвалі? Шурхай распавядае, што яго затрымалі 21 сьнежня ў Берасьці, маўляў, падробленае пасьведчаньне кіроўцы. Абвінавацілі, што быццам бы ён мацюкаўся.
Пасьля адбыцьця пакараньня даставілі ў Менск. У Менску на яго аказвалі псыхалягічны ціск — маўляў, ёсьць магчымасьць «затрымацца» на 4 гады.