4-ты дзень працэсу над Рымашэўскім: “Слухаць чужыя размовы непрыстойна”
У першай палове дня ў судзе выступалі сьведкі: праваабаронца Наста Лойка, юрыст пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё» Сяргей Луканін, журналісты Віктар Марціновіч і Пётар Марцаў, выдавец Павал Жук, кіроўцы аўтобусаў, якія 19 сьнежня вымушыня былі зьмяніць маршрут руху.
У прыватнасьці Сяргей Луканін распавёў, што быў у дружыне аховы кандыдата на прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага. На Кастрычніцкай грымела музыка, пра што гаварылі кандыдаты — не было чуваць. Чуў, што спадар Рымашэўскі прапанаваў рухацца праз падземны пераход, але народ выйшаў на праезную частку і пачаў рухацца ў бок плошчы Незалежнасьці. Народ быў настроены мірна. Рымашэўскі запытаўся, чаму ў Луканіна быў ператрус і што канфіскавалі. Фатакамэру, два ноўтбукі, якія дагэтуль КДБ не вярнула.
Намесьнік рэдактара “Белгазеты” Віктар Марціновіч распавёў, як Рымашэўскі заклікаў не паддавацца на правакацыі і спыніць біць шкло.
Некаторыя сьведкі не зьявіліся, і судзьдзя прыняла рашэньне пачаць разглядаць пісьмовыя матэрыялы справы. Адвакаты пярэчылі, але да іх суд не прыслухаўся.
Абвінаваўца Кажэўнікаў паведаміў, што некалькі тэлефонаў Някляева праслухоўваліся з 9 па 18 сьнежня з санкцыі намесьніка генэральнага пракурора Віктара Конана.
Віталь Рымашэўскі ў працэсе заявіў, што «слухаць чужыя размовы непрыстойна, ён лічыць некарэктным прысутнічаць у залі, паколькі яго асабіста гэтыя размовы ня тычацца. Але судзьдзя сказала, што Рымашэўскі павінен застацца. У перапынку Віталь Рымашэўскі сказаў, што яго гэта не зьдзівіла:
«Для ўмоваў Рэспублікі Беларусь гэта нармальная зьява, як паказалі судовыя працэсы. Гэта норма нашага жыцьця. У эўрапейскім, дэмакратычным судзе, пэўна, не. Па-чалавечы можна абурацца, але нічога нечаканага для мяне няма, на жаль. Хаця, безумоўна, ганебна. Я б не хацеў, шчыра кажучы, ні прысутнічаць, ні слухаць усе гэтыя рэчы. Але вымушаны».
Пракурор па ролях зачытаў размовы Някляева з Саньнікавым, а таксама з журналістамі «Народнай Волі», радыё «Коммерсант FM», Радыё Свабода.
Адвакат Някляева Уладзімер Букштынаў заявіў хадайніцтва аб дасьледаваньні легітымнасьці пастановы намесьніка генпракурора Конана аб праслухоўваньні тэлефонных размоваў свайго падабароннага, тым больш што ў той час ён быў кандыдатам у прэзыдэнты. Судзьдзя хадайніцтва адхіліла.
Амаль напрыканцы паседжаньня судзьдзя зрабіла заўвагу абвінавачаным Рымашэўскаму і Палажанцы за размовы падчас паседжаньня і папрасіла ўнесьці ў пратакол.
Працяг працэсу — у чацьвер 12 траўня а 10-й раніцы.