“…Праўды можа слова схаваным быць, але – часова” (Верш)

12 мая 2011 08:28  |  Культура

У рубрыцы “Верш на сайце БХД” па прапанове вядомай беларускай паэткі Галіны Каржанеўскай сёння падаем верш маладога паэта з Чавусаў Яўгена Зубовіча.

 

 

Духмяны пах плыве ў прасторы.

Мігцяць і вабяць позірк зоры
На небе ясным і прыгожым.
У лесе спіць лісточак кожны.

А я ляжу ў шырокім полі
На мяккім сене, бы ў прыполе.
Бог сцеражэ мяне ад ліха,
Я ж пацеры чытаю ціха.

Сумоўю радуецца сэрца.
Анёл уніз з нябёс імкнецца –
Нячутны, быццам летні вецер, 
У лёгкім беленькім саеце.

Мы размаўлялі вельмі многа,
І я спытаў пасланца Бога,
Чаму ў нас праўду ўсю дазвання
Зацьміла прыкрае ілганне.

Анёл сказаў: “Глядзі, мой дружа:
Усіх, хто гэтай цемры служыць,
Нахаба-ноч трымае ў змане.
Але час прыйдзе – сонца ўстане!

І той, святлу хто вернасць мае,
Ад Бога міласць атрымае.
Як сонца,                   праўды можа слова
Схаваным быць, але – часова”.

Болей навін