Апошняе слова Паўла Севярынца падчас суду: “Калі мы, беларусы, палюбім Бога і адзін аднаго, будзе ў нас сапраўдная дэмакратыя” (Аўдыё і поўны тэкст)

15 мая 2011 20:30  |  Галоўныя навіны

На нашым сайце падаем поўную тэкставую версію і аўдыё апошняга слова зьняволенага лідэра БХД Паўла Севярынца на судзе 13 траўня. У панядзелак 16 траўня ў 10.00 у судзе Заводзкага раёну г. Менска ў судзе Заводскага раёну г. Менску (Партызанскі праспект, 75а) яму будзе абвешчаны канчатковы прысуд. Пракурор запатрабаваў паказаць Паўла 3 гадамі абмежаваньня волі з накіраваньнем у месцы адбыцьця пакараньня, тобок так званай “хіміі”. 

 

Слухаць выступ Паўла Севярынца:

 

 

 «Па-першае, я хацеў бы падзякаваць тым людзям, якія cёньня прыйшлі мяне падтрымаць. Хацеў бы падзякаваць Госпаду за тое, што ў мяне такія бацькі, такія браты і сёстры. І асабліва хацеў бы падзякаваць Богу за тое, што я жыву ў гэтай краіне. 

 

Ведаеце, у памяшканьні, якое прызначана для тых, хто ўтрымліваецца да суду, прывозіцца зь ізалятараў — так званым «стакане» — вельмі шмат надпісаў. І ўжо трэці дзень я бачу ў адным і тым жа такім «стакане» надпіс: «Я ненавіджу сваю краіну (РБ)». 

На жаль, сёньняшняя сыстэма правасудзьдзя ў нас, на мой погляд, успадкаваная з савецкай сыстэмы, ад бязбожнай сыстэмы — карнай, не аднаўляючай справядлівасьць, а карнай. Мне здаецца, што менавіта гэта прыводзіць да выхаваньня нянавісьці, а не любові ў душах. 

Мне здаецца, вельмі паказальны момант, калі 4 месяцы і вось ўжо 20 дзён я знаходзіўся ў зьняволеньні і больш за 10 раз зьвяртаўся, каб мне дазволілі сустрэцца са сьвятаром, спавядацца і прычасьціцца. Начальнік СІЗА ня быў ня супраць, гатовы быў арганізаваць гэтую сустрэчу са сьвятаром. Але й сьледзтва, і суд чамусьці гэтага не дапускалі. Мне здаецца, яно характарызуе ня столькі мой лёс ці маю сытуацыю, а менавіта вось гэты савецкі абязбожаны кшталт правасудзьдзя. 

Мне здаецца, што не даваць чалавеку, які яшчэ не абвінавачаны нават, дакладней не пастаноўлены злачынцам, адмаўляць яму ў тым, каб спавядацца і прычасьціцца перад сьвятаром, паказвае, што гэтая сыстэма ня хоча папраўляць людзей. Таму што святар — праваслаўны бацюшка, ксёндз, пастар — гэта людзі, якія пакліканы Богам выхоўваць людзкія душы. І мне здаецца, да тых пор, пакуль вось гэта ня будзе пакладзена ў аснову, правасудзьдзе застанецца карным. 

Мне вельмі хацелася б зьвярнуць вашую ўвагу на сам сэнс таго, што адбываецца зараз і ў судах (ня толькі ў нас ідзе суд, суды — і ў іншых судах горада Менска, многія людзі ўжо асуджаныя). І 19 сьнежня, Кастрычніцкая плошча, і гэтыя суды, на мой погляд, выяўляюць адну нашу беларускую бяду, якая заключаецца ў тым, што мы чамусьці ня любім адзін аднаго.  Мы, беларусы, ня любім адзін аднаго. 

Нават ня буду казаць, што нас хтосьці ня любіць, часам бывае так, што і мы кагосьці ня любім, гэта было бачна і на відэа, гэта і бачна ў судах, гэта, на жаль, бачна з тэлеэкранаў з выступаў дзяржаўных асобаў, бачна, што гэтай любові няма. Але гэтая любоў не бярэцца сама па сабе, яна даецца нам звыш.

Я хацеў бы прачытаць адзін толькі верш са Сьвятога Пісьма, з Кнігі, якую Госпад даў нам усім, зь Бібліі, 1-е пасланьне апостала Яна, 4 разьдзел 17 верш: «Бог ёсць любоў, і той, хто трывае ў любові, трывае ў Богу, і Бог у ім». 

Любоў даецца нам Богам. Да тых пор, пакуль беларусы — нацыя, маючая тысячагадовую гісторыю веры ў Хрыста і сьледаваньня Любові — ня будзе зьвяртацца да Бога, да тых пор мы ня будзем любіць адзін аднаго. 

Калі мы палюбім Бога ўсім сэрцам, усёй душой, усім розумам і ўсімі сіламі сваімі, толькі тады мы зразумеем, як можна любіць блізкага свайго, як самога сябе. 

Я не магу сказаць пра сябе, што я такі чалавек, але я імкнуся да гэтага, прашу Госпада, разумею, што сам, сваімі сіламі не магу гэта зрабіць, але Госпад гэта зрабіць можа.

Таму я хацеў бы, калі будзе такая магчымасьць, падараваць вам, шаноўная судзьдзя, сваю кнігу «Люблю Беларусь», дзе я пастараўся выказаць гэта, і вельмі-вельмі веру, што урэшце рэшт надыдзе час, калі беларусы палюбяць Бога, і мы, беларусы, будзем не ненавідзець сваю краіну, не асуджаць адзін аднаго, не пладзіць зло на гэтай зямлі, калі мы будзем любіць блізкага свайго. Бо «ня любіць нас Эўропа», «ня любіць нас Расея» — усе гэтыя пытаньні, усе гэтыя праблемы можна скасаваць адным адзіным спосабам: калі мы, беларусы, палюбім адзін аднаго, калі мы будзем любіць Бога, вось тады з Божай дапамогай будзе ў нас сапраўдная хрысьціянская краіна, і сапраўдная дэмакратыя. Дзякуй».

 

Аўдыё з сайта “Наша Ніва”

Болей навін