Cёмы дзень працэсу над Рымашэўскім

14 мая 2011 12:27  |  Навіны

 

14 траўня ў працоўную суботу працягваецца працэс над экс-кандыдатам у прэзыдэнты сустаршынём БХД Віталем Рымашэўскім, якога судзяць у судзе Фрунзенскага раёну г. Менску разам зь іншым былым кандыдатам у прэзідэнты Ўладзімерам Някляевым, а таксама маладафронтаўкай Настай Палажанкай, актывістамі кампаніі «Гавары праўду!» Аляксандрам Фядутам, Андрэем Дзьмітрыевым і Сяргеем Вазьняком. Сёньня ў судзе працягваюць слухаць паказаньні сьведак і і вывучаць пісьмовыя матэрыялы справы. 

 

15:35

Чытанне матэрыялаў справы скончанае. Суддзя абвясціла перапынак да 10:00 16 мая.

 

15:30

Дзяржаўны абвінаваўца зараз гартае апошні — 29-ы том крымінальнай справы.

 

15:15

Пракурор дайшоў ужо да 23 тома. Справа ў тым, што зараз ён проста прагортвае матэрыялы, якія датычаць дзейнасці кампаніі «Гавары праўду». Крымінальная справа менавіта ў гэтай частцы спыненая, таму дзяржаўны абвінаваўца іх не агучвае, да судовага разбіральніцтва яны дачынення не маюць

 

15:02

Перайшлі да 17-га тома справы (усяго 29).

 

14:52

Адвакатка Насты Палажанкі папрасіла пракурора зачытаць прыгавор Палажанцы, вынесены за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Пракурор адмовілася і прапанаваў зачытаць самой адкакатцы. Яна зачытала.

Зараз апытвае сваю паабаронную размова тычыцца набыцця ён спальных мяшкоў.

 

14:41

Суддзя Жанна Жукоўская зрабіла заўвагу Дзмітрыеву і Вазняку. На яе думку, адзін нешта ўвесь час піша, а другі чытае.

«Можа вы адкладзеце сваю тэхніку і на пасяджэнні папрысутнічаеце?» «Я канспектую», — адказаў Дзмітрыеў.

 

14:15—14:36

Пракурор (хто прызабыў — Андрэй Кажэўнікаў) перайшоў да 14-га тома. Яго пракурор прагартаў хутка, зараз перайшоў да 15-га тома.

Пракурор на просьбу адвакаткі Н. Палажанкі зачытаў з 15 тома справы звароты адвакаткі і самой Палажанкі аб складанасцях сустрэчы адвакаткі і Палажанкі падчас утрымання апошняй у СІЗА КДБ.

Дайшлі да тэлефонных размоваў Палажанкі. Адвакатка запатрабавала ад пракурора зачытаць дакумент, дзе б утрымлівалася абаснаванне праслухоўвання.

14.05 Працэс аднавіўся. Адвакат Някляева падаў хадайніцтва аб допыце сьведкі Міхася Пашкевіча, які ў штабе Някляева праводзіў перамовы з МУС, КДБ і Менгарвыканкамам. Судзьдзя на месцы пастанавіла адмовіць у задавальненьні хадайніцтва.

 

Зараз пракурор будзе агалошваць матэрыялы 13 тома справы. У ім сабраныя матэрыялы, датычныя стратаў установаў і прадпрыемстваў з праспекта Незалежнасьці, якія яны панеслі ў выніку правядзеньня масавай акцыі пратэсту увечары 19 сьнежня 2010.

 

12.53 Абвешчаны перапынак да 14:00.

 

12.49 У матэрыялах справы Рымашэўскага ёсць размова Статкевіча, Уса, Саннікава, Халіп з кіраўніком мінскай ДАІ падпалкоўнікам Карзюком. Статкевіч і Рымашэўскі заклікалі падпалкоўніка гарантаваць бяспеку людзей, дазволіць ім прайсці па праспекце. Ус некалькі разоў запрашаў Карзюка ісці разам з дэманстрантамі. “З намі генералам будзеш” — заявіў ён. Пакуль вяліся перамовы, дэманстранты самавольна выйшлі на праезжую частку.


12.32 Пракурор скончыў чытаць тэлефонныя размовы Дзьмітрыева. Заўвага адваката, што праслухоўваньне было незаконным, засталася без увагі. Пачалі чытаць 12-ты том. У гэтым томе матэрыялы, што тычацца Віталя Рымашэўскага.

 

12.15 Тэлефонныя размовы Дзьмітрыева ў асноўным датычаць затрыманьняў актывістаў напярэдадні Плошчы, фальсіфікацыяў, парушэньняў выбарчага заканадаўства. Гэта перамовы з актывістамі і кіраўніцтвам штаба, прадстаўнікамі іншых штабоў, журналістамі.

 

11.37 Пракурор пачынае чытаць раздрукоўкі тэлефонных размоваў Дзьмітрыева, якія адбываліся непасрэдна перад днём выбараў. У размовах некалькі разоў згадваюцца назіральнікі АБСЕ і факты фальсіфікацыі выбараў.

 

Сярод размоваў, далучаных да справы, пракурор угледзеў такія, якія назваў “не маючымі дачыненьня да справы”. Зараз працягвае чытаньне раздруковак. Размовы чытаюцца хутка і невыразна, нават у першых шэрагах можна разабраць толькі ўрыўкі. Палажанка жартуе: “Лепш бы чытаў ужо пра сябе”.

 

11.32 Больш сведак на сёньня няма. Пракурор чытае 11 -ты том справы (усяго 29). Гэты том тычыць Андрэя Дзьмітрыева.

 

11.19 Наступная сведка — Дар’я Бахар з Наваградку. Яна прыехала ў Менск 18 сьнежня для ўдзелу ў мірнай акцыі. Начавала ў той жа кватэры, што і Ваўчок і Казаком.

 

10.56 Наступны сведка — Юры Казак, прадпрымальнік з Наваградку. Ён таксама прыехаў у Менск адмыслова на плошчу. Даведаўся з інтэрнэту пра мірную дэманстрацыю з розных сайтаў. 

 

Ён начаваў у той жа кватэры, што і Ваўчок. У начаваньні таксама дапамагла Наста Палажанка. Казак кажа, што рашэньне прыехаць на Плошчу прыняў самастойна.

 

Быў у офісе БХД, потым на плошчы. Распавядае, што бачыў там, як людзі выйшлі на праезную частку. Ніякіх размоваў пра тое, што пад’едуць яшчэ 2 тысячы людзей, ці што будуць супрацьпраўныя дзеяньні, не было.

Палажанка проста размаўляла на плошчы зь людзьмі, але нічога не арганізоўвала.

 

10.34 Сакратарка прывяла наступнага сведку — Сяргея Ваўчка. Ён прадпрымальнік.

 

Ведае Палажанку і Рымашэўскага. Падчас выбарчай кампаніі агітаваў за Рымашэўскага. Гаворыць, што распаўсюджваў улёткі ад імя Рымашэўскага з заклікам прыйсці на Плошчу, але грошы не атрымоўваў.

 

19 сьнежня ён удзельнічаў у дэманстрацыі. У Менск прыехаў 18 сьнежня, гаворыць, што кватэру для начлега дапамагла знайсьці Наста Палажанка. паводле Ваўчка, у той кватэры начавала каля 7 чалавек.  Раніцай пайшлі ў офіс БХД. Потым – на вакзал. 

 

Быў на Кастрычніцкай, бачыў, што там выступілі кандыдаты. Потым людзі выйшлі на праезную частку, накіраваліся ў бок плошчы Незалежнасьці. Людзі скандавалі “Сыходзь!” Супрацоўнікаў ДАІ ня бачыў.



10.26 Сьведка Іна Чэкан адмовілася ад дачы паказаньняў. 
Гэта знаёмая Вазняка, якая жыла ў спаленай кватэры. Яна праходзіць абвінавачанай па справе падпалу.

10.24 Перапынак на 5 хвілін

10.15 Са сьведкі зьнялі кайданкі, каб расьпісаўся, і дапусьцілі. Судзьдзя сказала, што падставаў для агалошваньня пісьмовых яго паказаньняў няма.

10.09 Пракурор просіць зачытаць пісьмовыя паказаньні сьведкі. Перапынак 5 хвілінаў.

10.07 У суд прывезьлі сьведку Дзьмітрыя Брынзу пад канвоем, які сам зьяўляецца абвінавачаны па крымінальнай справе. Адвакат тлумачыць, што дадзены сьведка не абавязаны даваць паказаньні, бо сам пад крымінальнай справай. Пракурор за тое, каб сьведка даваў паказаньні. Судзьдзя прымае рашэньне, што ён будзе даваць паказаньні.

Рымашэўскі робіць заяву, каб са сьведкі зьнялі кайданкі, бо ён ня можа нават скарыстацца паперамі, якія прынёс.

10.03 Пачалося паседжаньне з заявы Ўладзімера Някляева пра 16-ю гадавіну рэфэрэндуму 1995 года, які, на яго думку, быў нелігітымным.

10.00 У залі – прадстаўнікі АБСЭ і літаратар Дранько-Майсюк.

 

9.48 Пачынаюць запускаць у залу суда.

 

 

***

За ўдзел у «Плошчы» асуджана ўжо 22 чалавекі і ў суботу і панядзелак будзе вынесены прысуд васьмі чалавекам:

 

за ўдзел у масавых беспарадках Васіль Парфянкоў прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму; Аляксандр Атрошчанкаў — да чатырох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму; Мікіта Ліхавід — да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі,Дзмітрый Новік і Аляксандр Малчанаў — да трох з паловай і трох гадоў у калоніі ўзмоцненага рэжыму адпаведна; грамадзяне РФ Арцём Брэус і Іван Гапонаў — да штрафу ў 300 базавых велічыняў (10,5 млн. рублёў) кожны; Дзмітрый Мядзведзь — да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову. Алесь Кіркевіч асуджаны на 4 гады зняволення, Павел Вінаградаў — на 4 гады, Андрэй Пратасеня — 3 гады, Зміцер Дрозд — на 3 гады, Уладзімір Хамічэнка — 3 гады.

 

Уладзімір Лобан асуджаны да 3 год пазбаўлення волі, Андрэй Федаркевіч — да 3,5, Яўген Сакрэт — да 3, Сяргей Казакоў — да 3, Дзмітрый Даронін — да 3,5 гадоў у калоніі агульнага рэжыму, Віталь Мацукевіч — да 3 гадоў калоніі строга рэжыму.

 

За падрыхтоўку дзеянняў, што парушаюць грамадскі парадак (арт. 342), на 2 гады калоніі агульнага рэжыму быў асуджаны каардынатар «Еўрапейскай Беларусі» Зміцер Бандарэнка.


Апроч таго, за злоснае хуліганства былі таксама асуджаныя Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў— на два і чатыры гады пазбаўлення волі адпаведна. Іх затрымалі 18 снежня, за дзень да прэзідэнцкіх выбараў.

 

***

 

Сёння а 16-й гадзіне будзе вынесены прысуд экс-кандыдату ў прэзідэнты Андрэю Саннікаву(пракурор запатрабаваў асудзіць яго да сямі гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму) і шараговым удзельнікам акцыі: Фёдару Мірзаянаву, Алегу Гнедчыку, Іллю Васілевічу, Уладзіміру Яроменку.


У панядзелак, 16 мая, будзе вынесены прысуд кіраўніку штаба Віталя Рымашэўскага Паўлу Севярынцу (пракурор запатрабаваў асудзіць яго тры гады хіміі), журналістцы, жонцы Андрэя Саннікава Ірыне Халіп (два гады абмежавання волі з адтэрміноўкай), кіраўніка штаба Міколы Статкевіча Сяргею Марцалеву.


У Мінску працягваецца таксама працэс над экс-кандыдатамі ў прэзідэнты Міколам Статкевічам і Дзмітрыем Усам, а таксама шараговымі ўдзельнікамі акцыі Андрэем Пазняком, Аляксандрам Класкоўскім-малодшым, Аляксандрам Квяткевічам, Арцёмам Грыбковым, Дзмітрыем Буланавым.

 

 

Паводле Радыё “Свабоды”“Нашай Нівы”

Болей навін