Моладзь БХД зьбірае сродкі на дапамогу былой зьняволенай ГУЛАГу (Фота)
Дзесяць актывістаў моладзевага аддзяленьня аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” (Моладзь БХД) 24 траўня наведалі былую зьняволеную сталінскіх лягероў, паэтку і патрыётку Надзею Раманаўну Дземідовіч. Сустрэча была арганізаваная пры дапамозе кампаніі “Пакаяньне” аргкамітэту БХД.
Падчас наведваньня Надзея Раманаўна распавяла, што заўсёды перажывае за цяперашнюю беларускую моладзь і яе барацьбу за свабоду ў Беларусі, штодня слухае пра гэта па “Радыё Свабодзе”, каб быць у курсе апошніх падзеяў. Але зараз з-за зламанага радыёпрыймача яна ня можа слухаць любімую радыёстанцыю. З гэтай нагоды Моладзь БХД распачала збор сродкаў на яго набыцьцё, а таксама шукаюць людзей, якія б пагадзіліся передаць жанчыне радыёпрыймач.
Ахвочыя дапамагчы Надзеі Раманаўне могуць тэлефанаваць на нумары +37529 5675310 (Любоў), +37529 3072713 (Валерыя).
Надзея Раманаўна таксама падзялілася з моладзьдзю ўспамінамі пра сваё жыцьцё, распавядала пра свой арышт і побыт у лагеры, чытала вершы. Яна падпісала сябрам моладзі БХД кніжкі сваіх успамінаў. Моладзь была вельмі ўражаная, размова зацягнулася да паўночы.
Нагадаем, кампанія “Пакаяньне” аргкамітэту БХД ужо больш за 4 гады зьбірае ахвяраваньні і падпісвае Надзею Раманаўну і іншых былых зьняволеных сталінскіх лагероў на незалежныя газэты “Нашу Ніву” і “Народную Волю”, якія зьяўляюцца ледзь не адзінай крыніцай праўдзівай інфармацыі для гэтых людзей, якія ўсім сэрцам перажываюць за сваіх нашчадкаў па духу ў змаганьні за незалежнасьць Бацькаўшчыны.
Надзея Дземідовіч нарадзілася 24 лютага 1927 году на Слонімшчыне. З восенi 1941-га вучылася ў Слонiмскай беларускай гiмназіi, дзе ўступіла ў Саюз Беларускай Моладзі. У сьнежні 1944-га пад час масавых арыштаў сяброў СБМ у Слонiме перайшла на нелегальнае становiшча, потым пераехала да сваякоў у Казахстан, дзе ў 1949-м была арыштаваная. Засуджаная да 25 гадоў папраўча-працоўных лягераў і 5 гадоў пазбаўленьня правоў. Пасьля вызваленьня ў 1956-м вярнулаcя на радзіму, працавала на гаспадарцы ў Слонімскім р-не, потым перабралася ў Менск. З-за свайго лягернага мінулага была абмежаваная ў магчымасьцях выбару месца работы. Аўтарка трох кнігаў вершаў і ўспамінаў. Жыве ў Калодзiшчах пад Менскам.