Павал Севярынец: Прысуды выстаўленыя як кошты на жывых людзей

30 мая 2011 17:33  |  Навіны

Сустаршыня партыі Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павал Севярынец у інтэрв’ю “Беларускаму партызану” распавёў пра знаходжанне ў СІЗА КГБ ды падзяліўся ўражаннямі пасля выхаду на “ўмоўную волю”.

 

– Павел, 5 месяцаў Вы правялі за кратамі ў “амерыканцы”. Ці пазналі Вы Беларусь, з якой Вас выдзернулі ў снежні 2010 года, апынуўшыся на ўмоўнай волі?

– Беларусь пазнаў, а вось беларусы змяніліся.

– Пасля суда і перад адпраўкай на “хімію” – чым Вы запаўняеце гэты час? Перш за ўсё, відаць, здароўе папраўляеце…

– Тэлефаную, дзякую людзям за малітву, падтрымку і салідарнасць. Пішу. Займаюся справамі БХД. І — трэба дапамагаць тым, хто яшчэ ў турме.

– Павел, Вас затрымалі, кінулі за краты, адваката да Вас не пускалі, святара не пусцілі за пяць месяцаў ні разу. Гэтыя пяць месяцаў можна выкрасліць з жыцця?

– О, не! Вельмі ўдзячны Богу за гэтыя 5 месяцаў у самым сэрцы Мінска — такое даецца чалавеку, каб змяніць ягонае ўласнае сэрца. Больш часу на тое, каб быць па-за мітуснёй — і з Госпадам.

– Ці патрабавалі ад Вас – адразу пасля затрымання – выступіць па БТ з асуджэннем іншых лідэраў апазіцыі, якіх засудзілі за “19 снежня”?

– Не.

– Ці вяліся з Вашым удзелам нейкія следчыя дзеянні?

– Было некалькі допытаў са следчым, але я кожнага разу адмаўляўся даваць паказанні. Чатыры разы са мной размаўлялі вайсковыя контрвыведчыкі, якіх цікавіла, ці я не шпіён і ці не ведаю іншых шпіёнаў (усьміхаецца). Дык вось, шпіёнаў я, на жаль, не ведаю, і ад паказанняў зноў жа адмовіўся.

– Чаму Вашага былога адваката Паўла Сапелкі пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі, як вы мяркуеце?

– Павел Сапелка — прафесіянал, выступаў ў прэсе, а такія людзі для іх небяспечныя (ён абараняў таксама і Саннікава – заўв. БП).

– Многія з палітыкаў заяўлялі пра катаванні ўнутры СІЗА КГБ. Што Вы можаце сказаць пра гэты бок сядзення ў “амерыканцы”: ці “ламалі” сядзельцаў – сілай ці маральна, ці з’яўлялі невядомыя спецслужбы ў чорным камуфляжы нявызначанай ведамаснай прыналежнасці? Ці рабілі з Вас замежнага “шпіёна”?

– Невядомыя ў масках, вядома, прысутнічалі. Але спробы “зламаць” чалавека ў любым СІЗА найперш звязаныя з пагрозай вялікіх тэрмінаў зняволення, а не з умовамі ўтрымання.” Расцяжкі”, падштурхоўванні і асабістыя дагляды- ператрусы даводзілася цярпець, што зробіш — але для мяне гэта хутчэй былі не катаваньні, а непазбежная спадчына савецкай сістэмы.

– З чаго складаўся Ваш дзень у “амерыканцы” – ці ўсе 5 месяцаў проста зліліся ў адзін шэры перыяд?

– Пад’ём, сняданак, прагулка, абед, чытанне Бібліі з сукамернікамі, калі было — перадачы, газеты ці лісты, вячэра, адбой. Малітва і праца над раманам. Да таго ж даводзілася сядзець з кіраўнікамі буйных прадпрыемстваў, мільянерамі, абвінавачанымі ў карупцыі дзяржслужбоўцамі — а гэта выдатны 5-месяцовы курс макраэканомікі (усьміхаецца).

– Перыяд свайго жыцця ў “амерыканцы” Вы апісалі так: “для мяне гэта хутчэй піянерлагер, прабачце, тое, што адбывалася ў СІЗА КДБ. То бок, можна пацярпець”. Але ж дзесяць мільёнаў людзей церпяць ужо 17 гадоў. Ці ёсць мяжа ў гэтага славутага беларускага цярпення?

– Насамрэч цярпенне — гэта глыбока хрысціянская якасць (“цярпеннем ратуйце душы вашыя” — Лукі 21:19 ! ). Галоўнае, каб яна не выраджалася ў цярпімасць да зла.

– У “амерыканцы” Вы пісалі раман. Пра каго ён, пра што ён, для каго ён?

– Раман пра Беларусь, якая прызначаная для Хрыста. Пішу беларусам.

– Ці сустракаліся ўнутры “амерыканкі” Вы з іншымі фігурантамі справы “19 снежня”?

– Некалькі дзён былі ў адной камеры з Алегам Корбанам; на азнаямленні са справай перасякліся з Аляксандрам Фядутам. Але пры пераводзе з камеры ў камеру заўсёды знаходзіліся людзі, якія сядзелі з іншымі.

– Пасля судзілішча над Вамі, Ірынай Халіп, над Сяргеем Марцалевым – якой паўстала перад Вамі карціна таго, што адбывалася 19 снежня 2010 года?

– Мірная, шматтысячная акцыя пратэсту намаганнямі ўлады і ў сілу нашай разгубленасці абярнулася збіццём дэманстрантаў і хваляй “зачысткі” па ўсёй краіне.

-Павел, прадказаць крымінальную расправу з лідэрамі апазіцыі па выніках прэзідэнцкай кампаніі было няцяжка – апошнія аналагічныя кампаніі заканчваліся крымінальнымі справамі. Аднак ТАКОГА маштабу рэпрэсіяў не чакаў, відаць, ніхто. Навошта ўладам спатрэбілася “19 снежня”?

– Напэўна, хацелі адным махам разбурыць апазіцыю і выставіць яе лідэраў гвалтаўнікамі. Зачышчалі палітычнае поле перад непазбежным крызісам. Але і ўлада, і апазіцыя, і Захад, і сама Беларусь хутчэй страцілі. Набыла Расія.

-Снежаньскія падзеі называюць “крывавай нядзеляй”. 19 снежня падзяліла гісторыю краіны і народа “да 19-га” і “пасля 19-га”. У якой рэчаіснасці мы апынуліся стараннямі нашых уладаў?

– Хваля рэпрэсіяў, эканамічны крызіс, разрыў з Захадам і дамінаванне Расіі.

-Апошнія прысуды Мікалаю Статкевічу, Дзмітрыю Усу, Аляксандру Класкоўскаму-малодшаму і яшчэ чатыром удзельнікам “19 снежня” на фоне заявы пра іхняе магчымае вызваленне – гэта пачатак гандлю? З Еўропай?

-Вельмі падобна. На жаль, прысуды ў спалучэнні з заявамі пра вызваленне выстаўленыя як кошты на жывых людзей.

-Ці сутыкнуліся Вы на “ўмоўнай волі” з наступствамі “беларускага эканамічнага цуду”?

-Вядома. Тут дастаткова і аднаго паходу ў краму.

-Давайце вернемся да бязмежнага беларускага цярпення. 27 мая Лукашэнка заявіў, што ў Казахстане яму было сорамна за беларускі народ. Які нібыта стварыў ажыятаж. Ці мае права кіраўнік дзяржавы, легітымнасць якога пад сумневам, саромець цэлы народ, якія церпіць ягоўжо 17 год? Лукашэнка зневажае мінчукоў – маўчаць, зневажае ўвесь народ, які нібыта прывёў яго да ўлады, – зноў маўчанне. Але хто каго ўвогуле мусіць саромецца: Лукашэнка – свайго народу, ці народ такога кіраўніка?

– Мы павінны саромецца найперш таго, якія мы ёсць. Праблема не столькі ў Лукашэнку, колькі ў нас саміх. Калі мы самі будзем гатовыя ў сэрцах, перад Богам узяць адказнасць за сваю краіну — Госпад нам яе дасць.

Гутарыў Іван Грэкаў, “Беларускі партызан”

Даведка. 16 мая суддзя Заводскага суда Мінска Жанна Брысіна вынесла прысуд па справе Паўла Севярынца, Ірыны Халіп, Сяргея Марцалева.Усе трое прызнаныя вінаватымі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу РБ).

Ірына Халіп асуджана на 2 гады пазбаўлення волі з адтэрміноўкай на 2 гады. Павел Севярынец – на 3 гады “хіміі” (абмежавання волі з накіраваннем на папраўчыя работы). Сяргей Марцалеў – на 2 гады ўмоўна (з выпрабавальным тэрмінам на 2 гады).

Павел Севярынец быў арыштаваны 20 снежня ва ўласнай кватэры і змешчаны ў СІЗА КДБ. Пры канцы снежня яму прад’яўлена абвінавачанне па крымінальнай справе, узбуджанай следчым упраўленнем папярэдняга расследавання ГУУС Мінгарвыканкама па чч. 1 і 2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі). 4 красавіка замест гэтага прад’яўлена іншае абвінавачанне (ч. 342 КК). 16 траўня асуджаны на 3 гады “хіміі”.

У 2005 годзе абвінавачаны ў арганізацыі акцыяў пратэсту супраць “трэцяга тэрміну Лукашэнкі”, якія адбыліся ў Мінску пасля “рэферэндуму-2004” 18 і 19 кастрычніка. Асуджаны да 3-х гадоў абмежавання волі (“хіміі”), з улікам амністыі тэрмін скарочаны да 2-х гадоў. Адбываў пакаранне на лесанарыхтоўках у вёсцы Малое Сітна на Поўначы Беларусі (Полацкі раён).

Болей навін