ДЗЯЎЧЫНА НА ПЛАТФОРМЕ
ДЗЯЎЧЫНА НА ПЛАТФОРМЕ
час дыктатуры прыйшоў загружай вагоны
вецер нясе аблокі станцыі безыменнай
дзеўчына валасы пад шэрым пустэльным ветрам
у тонкай руце білет у адзін канец
тонкі маросіць дождж грукат саставу
з захаду ды на ўсход чорных варон пужае
дзеўчына на платформе адна мяккай стомы позірк
мары збягаюць з дымам чыгункі родных
шэрых палёў зялёных кветак з крывёй чырвонай
час дыктатуры прыйшоў загружай вагоны
ВЯСНА-2011
чэргі каля абменнікаў
крылы
вырастаюць з пустога страўніка
сонца
сагравае самотную смагу
сагравае дзіравыя крылы
чэргі
да канца беларускай стабільнасці
горад
распраўляе бетонныя крылы
пабачым потым
як знікаюць звыклыя сцены
чэргі
каля абменнікаў
***
паралельны свет у якім з аўтаматаў страляюць
маладыя лівійскія дзеці
перад імі мой комплекс непаўнавартаснасці
складае ўніверсітэцкі дыплом
і абрыўкі апаленых вершаў
я бы слухала іх а яны бы распавядалі
на павагу напэўна рэакцыя будзе добрай
дый наш свет знітаваны з безліччу паралельных
і пакуль патрыярх разважае пра рускі мір
еўрапейцы з праеўрапейцамі пра дэмакратыю
а з газет горда ззяе тэлезорка кадафі
нам на галаву
падае дождж з брудным пылам з далёкай лівіі
СЦЕНЫ
пішу і баюся
баюся і пішу
рэкламуй сваю дыктатуру кажы пра бяспеку
спявай свае песні прызвычыліся сышлі
у лясы шматпавярхвак у зямлянкі за маніторамі
а нехта выходзіць у ноч і нешта клеіць па сценах
няўдзячныя сцены для вулічных дэмакратаў
сцяной над вясновым мінскам стаіць паветра
на ёй напісаць жыццё сваё і прачнуцца
за небам у клетку за шэрай сцяной цаглянай
за кратамі чуць спяванне даждлівай праўды
пішу і баюся
баюся і пішу
***
гэты горад чысты такі што можна спужацца
тут не тое што плюнуць няма куды кінуць графіці
першамайскія колеры сонца і голасць голля
красавік і бяспечна зачышчана наваколле
і калючае сонца страляе маўклівым нэпам
напішы палітвязню ад гэтага стане лепей
НІТКІ
ад сэрца да сэрца ад лёсу да лёсу
ад свету да свету
знітаванае ўсё
добры ўчынак на іншым краі свету
нешта ўпусціць у наш
звыклы свет
і надварот
і бяда і зло і няпісаны горыч
пранікаюць у вены і носяцца
ў крывазвароце планеты
Божа я веру ў Тваю сімфонію
навучы нас выводзіць прыгожыя ноты
адпускаць нібы дух мелодыі
розныя
самыя розныя
ад сэрца да сэрца ад лёсу да лёсу
ад свету да свету
НА ТРОХ ЧАРАПАХАХ
тры чарапахі плывуць па бязмежным моры
лыпаюць вочы з павольнасцю руху камня
думаюць што за сэнс але проста вераць
у сэнсаў нязнаных ледзь бачную ім наяўнасць
я не хачу ўжываць супраць бліжніх зброю
я не хачу сакралізаваць групоўкі
вечар глынае моўчкі сухія слёзы
горад вяртаецца з працаў сваіх дадому
я не хачу ўжываць супраць бліжніх зброю
толькі абараняць шэраг лепшых рэчаў
у лабірынце цёмных душы скляпенняў
ад мінатаўраў сціскваю нітку веры
толькі хачу ў руках патрымаць вінтоўку
стрэліць у нейкім тыры з сапраўднай зброі
выліць агрэсію ў цвёрдасць стваральнай формы
выліць энэргію фарбай на сум паверхні
тры чарапахі плывуць па бязмежным моры
ў ім адбіваецца горад агнёў і твараў
у ім адбіваецца боль і любоў і радасць
тры чарапахі плывуць
па бязмежным моры
ПРА КІТАЙСКУЮ ДЗЯЎЧЫНКУ
яна ўмее хаваць галоўнае
за маўклівым выразам твару
за адсутнасцю слоў у позірку
позірк нібы маўчанне неба
яна ведае дзе і як
і ў якой сітуацыі
кінуць рыску чырвонай ці чорнай фарбы
іерогліф з дзвюх рысак і кропкі
яна ведае вецер і ведае
што трэба чакаць працаваць
спадзявацца
да таго ж яна хрысціянка
яна ўмее вырульваць сітуацыю
дакрананнем таклявых пальчыкаў
ведае й тое што гэта
не заўсёды ратуе
яна верыць у вартасць маральных якасцяў
яна верыць што Бог жывы на небе
і маўчанне нябёсаў ня значыць адсутнасці
і калі яна ёсць і крочыць
па вуліцах нейкага іхняга горада
пад рознакаляровымі сцяжкамі
ціхі постук абцасаў шэпча
верым можам пераможам
тым больш што няма часу
на дэпрэсіі і стагнанні
позірк нібы маўчанне неба
МАСКВІЧКА
добрай ночы расавы гонар
кажа хаваючыся ў заплечніку
балон з фарбай для графіці
я веру паветра начнога горада
трава пад памаранчывымі ліхтарамі
раскрываюць абдымкі для ўсіх
з маіх сяброў яшчэ нікога не забілі
я шчэ не сябравала з іншаземнымі
студэнтамі асабліва ды гэта няважна
і мяне не абражалі паводле
расаавага ці нацыянальнага прызнаку
але гэта не прынцыпова
бо для ўсіх раскрывае абдымкі начны вецер
для ўсіх самурайскія фільмы блішчуць катанамі
колер скуры як колер адзення прыемная дробязь
гэта цікава ступіць за бар’ер рэзервацыі
ў свет закіданых фарбамі стэрэатыпаў
і небяспекі дабранач расавы гонар
***
што нябачна здаля можа зблізку як неба сляпіць
гэта наша зямля толькі трэба яе захапіць
***
Гандзі далёка не першы
дзякуй Богу
а дні нясуцца
перакладзі мае вершы
на мову дакладных інструкцый