Беларускія хрысьціяне адзначылі Пяцідзесятніцу

12 чэрвеня 2011 23:27  |  Грамадства

У нядзелю ў Беларусі адзначалася адно з галоўных хрысьціянскіх сьвятаў – Пяцідзесятніца ці  Дзень сьвятой Тройцы альбо Спасланьня Сьвятога Духа. Як і Вялікдзень, у гэтым годзе праваслаўныя, католікі і пратэстанты сьвяткавалі Пяцідзесятніцу разам, у адзін час.

У пяцідзесяты дзень пасля Уваскрасеньня Ісуса Хрыста і на дзесяты дзень пасьля Яго Узьнясеньня на неба на апосталаў, якія “былі адзінадушна разам”, зышоў Святы Дух, як і было абяцана Госпадам перад Узнясеннем. 

Гэтая падзея так апісаная ў кнізе Дзеяў сьвятых апосталаў: «…I раптам пачуўся гук зь неба, нібы ад павеву буйнага ветру, і напоўніў увесь дом, дзе яны былі. I зьявіліся ім падзеленыя языкі, як бы вогненныя, і апусьціліся па адным на кожнага зь іх. I напоўніліся ўсе Духам Сьвятым і пачалі гаварыць на розных мовах, як Дух Сьвяты даваў ім вяшчаць» (Дзеяў 2, 2-4). 

 

Бог такім чынам даў апосталам здольнасць і сілы для пропаведзі вучэння Хрыстовага ўсім народам. Зь дня сашэсьця Сьвятога Духа на апосталаў вера хрысьціянская пачала хутка распаўсюджвацца па розных краінах. Паўсюль, дзе прапаведвалі апосталы і іх вучні, утвараліся хрысьціянскія супольнасьці. Таму Пяцідзесятніца  называецца таксама днём нараджэння хрысцiянскай царквы.

 

Днём Сьвятой Троіцы сьвята называецца таму, што ў гэты дзень сьвету адкрылася таямніца ўсёй Найсьвятой Троіцы: адзінага Бога ў трох Асобах – Айца і Сына і Сьвятога Духа. 

 

3 даўніх часоў вернікамі захоўваецца добры звычай упрыгожваць на сьвята Троіцы храмы і сваё жытло  «маем»: аерам, а таксама галінкамі і дрэўцамі бярозы, клёна, рабіны, дуба. Бярозе надаецца асаблівае значэньне, бо яна зелянее раней за іншыя дрэвы і найбольш увасабляе жыватворную сілу зямлі. А абразы, сталы, вокны прыбіраюць кветкамі. Таму ў некаторых мясцовасьцях назва сьвята — Зелянец. 

 

Яшчэ адна народная назва сьвята Троіцы — Сёмухам— нядзеля, якою завяршаецца сёмы тыдзень пасьля Вялікадня. Напярэдадні Сёмухі, у суботу, у праваслаўнай традыцыі спраўляюцца Сёмушныя, ці Траецкія, Дзяды.

Болей навін