Пытанні эканамічнай арыентацыі БХД
Пункт гледжання аўтара можа не супадаць з пазіцыяй Партыі БХД
Абураючыся наконт сённяшняй эканамічнай сітуацыі ў Беларусі, Дар’я Кастэнка, аўтар знакамітых «Сакавіцкіх дзённікаў», канстатуе: «Я сумленна плачу падаткі на ўтрыманне гэтай дзяржавы. 7 гадоў я атрымліваю толькі «белую» зарплату. За гэтыя 7 гадоў я выплаціла болей за 9 мільёнаў рублёў падаткаў. Гэта, у супастаўляльных курсах, больш за 3 тысячы даляраў… За свае налогі я хачу разумнага кіравання, здаровай эканомікі і некаторых сацыяльных гарантый». http://wozhyk.livejournal.com/347200.html Гэтыя пастулаты пераклікаюцца з думкамі А. Александровіча у ягоным артыкуле «Ачышчэнне ад брыдоты» – пра выгады працоўных па ўсталяванні лепшай палітычнай і эканамічнай сістэмы: «…яны атрымаюць шанец перайсці на цалкам іншы ўзровень жыцця, дзе іх праца будзе па вартасці ацэнена, дзе грошы яны будуць атрымліваць за свой розум і прафесійныя якасці, а не падачкі за маўкліву згоду са злом». https://bchd.info/index.php?newsid=5232
Гэтыя выказванні можна лічыць характэрнымі для дэмакратычных актывістаў. Мы бачым, што ў мноства людзей рынкавая эканоміка асацыіруецца з годнай аплатай працы і з сацыяльнымі гарантыямі. Гэта добра. Падобная пазіцыя падмацоўваецца досведам шэрагу высокаразвітых краінаў (прынамсі, заходнееўрапейскіх).
Але ці заўсёды свабодны рынак цягне за сабой дабрабыт насельніцтва? Практыка паказвае, што гэта не заўсёды так. Капіталізм і развітая рынкавая эканоміка не заўсёды гарантуюць высокага матэрыяльнага дастатку большасці людзей у краіне. Болей за тое, высокія паказальнікі эканамічнага развіцця могуць спалучацца з непрапарцыянальным і несправядлівым размеркаваннем даходаў, эксплуатацыяй і адсутнасцю сацыяльных гарантый (ці толькі фармальнай іх наяўнасцю), беднасцю вялікіх мас насельніцтва. Усё гэта – рэаліі так званага «дзікага» капіталізма, які мы таксама назіраем у досведзе мноства краін, напрыклад Расіі і Кітая (хаця ў апошнім ён і рэалізуецца пад афіцыйным абліччам камунізму).
А яшчэ параўнаўча нядаўна такі ж жорсткі капіталізм быў у Амерыцы, Англіі, Францыі і іншых краінах, дабрабытам якіх мы цяпер захапляемся. Такія рэчы як аплочваемы адпачынак і бальнічны, пенсійнае забеспячэнне і сацыяльная дапамога тым хто страціў працу, роўная аплата працы мужчын і жанчын і забарона на працу дзяцей, абмежаванне працоўнага дню, пяцідзённы працоўны тыдзень і г.д., – усё гэта прыйшло на Захад значна пазней, чым да нас: у асноўным пасля Другой Сусветнай вайны, хаця ўжо пасля Першай Сусветнай сталі адбывацца значныя зрухі, такія як напрыклад выбарчае права для ўсіх мужчын і 15-дзённы адпачынак для працоўных (Францыя). І ўсе гэтыя гарантыі былі адваяваныя ў цяжкой палітычнай барацьбе.
Словы пра эксплуатацыю і барацьбу пралетарыяў за свае правы мы зараз успрымаем як савецкі штамп, забываючыся пра іх рэальны сэнс у нядаўняй гісторыі.
Зараз мы ўспрымаем слова «сацыялізм» як нешта негатыўнае. Але за што змагаліся сацыялісты ў 19-20 стагоддзях? За тое, што мы зараз лічым складальнікам нармальнай эканамічнай і сацыяльнай сістэмы: годную аплату працы, лімітаваны працоўны дзень, роўную аплату за аднолькавую працу і г.д. Вельмі характэрным адбіткам рэалій ранейшага капіталізму ёсць тое, які самы першы закон здолелі «прабіць» брытанскія сацыялісты: гэта было абмежаванне працоўнага дня для дзяцей…
Менавіта рэаліі «дзікага» капіталізму прыводзілі людзей і да радыкальных сацыялістычных поглядаў. Усведамленне неабходнасці абароны правоў працоўных штурхалі да пошукаў альтэрнатывы. Альтэрнатывай капіталізму (які на той час моцна асацыяваўся з несправядлівасцю і эксплуатацыяй) многім падаваўся сацыялізм, у тым ліку ў сваіх радыкальных версіях, з вялікімі маштабамі дзяржаўнага кантролю і абмежаваннямі датычна прыватнай уласнасці. У многіх выпадках сацыялістычныя ідэі межавалі ці спалучаліся з камуністычнымі.
Але сацыялізм у сваім савецка-камуністычным выглядзе хоць і прынёс шэраг значных сацыяльных гарантый, але не забяспечыў жаданай эканамічнай эфектыўнасці. Адміністратыўнае рэгуляванне і адсутнасць матэрыяльнай зацікаўленасці ў выніках сваёй працы адмоўна адбіліся на развіцці эканомікі. Болей за тое, пад сцягамі камунізму сталі развівацца жорсткія рэпрэсіўныя рэжымы, а таксама рэаліі, якія падпадаюць пад вызначэнне не сацыялізму, а дзяржаўнага капіталізму. Эксплуатацыя ўзнавілася ў структуры іншых сістэмаў (напрыклад, масавае выкарыстанне працы зняволеных на савецкіх будоўлях у сталінскія часы). Асабліва дзіўную мутацыю ў гэтым плане зазнаў Кітай, які пад камуністычнымі лозунгамі прыйшоў да самага што ні ёсць «дзікага» капіталізму, (не абцяжаранага нават выплатай пенсій) і стаўся адным з найяскравейшых прыкладаў таго што эфектыўнае эканамічнае развіццё не заўсёды прыводзіць да дабрабыту і вырашэння сацыяльных праблемаў.
А вось больш умераныя формы сацыялізму ў сусветнай практыцы зазналі поспех і спрычыніліся да ўзнікнення таго ладу жыцця, які нас прываблівае на Захадзе. У палітычнай барацьбе сілы, якія падтрымлівалі інтарэсы наёмных работнікаў (рабочых, служачых), дамагліся рэальных сацыяльных гарантый. Той дабрабыт, які мы назіраем зараз у заходніх краінах, у значнай ступені ёсць вынікам здаровага балансу паміж інтарэсамі капітала і працоўнай сілы, прадстаўленых рознымі палітычнымі групамі, паміж капіталізмам і сацыялізмам. Выключная роля ў барацьбе за правы працоўных належыць прафсаюзам. Таксама не выключана, што поспеху ў гэтай барацьбе садзейнічала і перамога камуністаў у Расіі: уладальнікі прадпрыемстваў і палітыкі спалохаліся рэалізацыі праекту сусветнай пралетарскай рэвалюцыі (кажучы прасцей, спалохаліся што і ў іх адбудзецца тое ж што і ў Расіі пасля бальшавіцкага перавароту) – і пайшлі на саступкі.
Процістаянне сілаў што прадстаўляюць ўладальнікаў капіталу (ад буйных прамыслоўцаў да дробных бізнэсмэнаў) і наёмных работнікаў (рабочых заводаў, будаўнікоў, служачых, настаўнікаў і г.д.) працягваецца дагэтуль. Першыя імкнуцца з розных нагодаў “урэзаць” сацыяльныя гарантыі і мець магчымасць меньш плаціць работнікам; другія, натуральна, дамагаюцца больш высокіх гарантый і лепшых умоваў супрацы. І ў пэўных рамках гэта ёсць нармальным працэсам.
У кантэксце гэтага працэсу ўзнікае пытанне: якую арыентацыю возьме БХД? Больш рынкава-капіталістычную ці сацыяльную?
У тэарэтычным плане гэтае пытанне ў асноўным вырашанае, прычым з самага пачатку. http://ru.wikipedia.org/wiki/Христианская_демократия У энцыкліцы Папы Пія ХІ, якая ў многім спрычынілася да развіццю хрысціянска-дэмакратычных рухаў у Еўропе, сцвярджалася каштоўнасць і годнасць чалавечай асобы і права на прыватную ўласнасць; але падкрэслівалася і тое, што права ўласнасці павінна суадносіцца з патрэбамі агульнага дабрабыту, а эканоміка павінная базавацца на прынцыпе сацыяльнай салідарнасці, а не нястрыманай канкурэнцыі і эксплуатацыі. Гэтыя пастулаты добра суадносяцца з такімі класічнымі прынцыпамі хрысціянскай дэмакратыі, як: папулярызм (ахоп інтарэсаў найбольш шырокага кола людзей з розных класаў і груп); сацыяльная справядлівасць і пабудова сацыяльнай дзяржавы (варта адкінуць убок некаторыя негатыўныя асацыяцыі з апошнім паняткам, абумоўленыя беларускім кантэкстам); сацыяльна-арыентаваная рынкавая эканоміка. http://ru.wikipedia.org/wiki/Христианская_….B3.D0.B8.D1.8F
Такім чынам, хрысціянская дэмакратыя мае патэнцыял для таго, каб стаць палітычнай сілай што прадстаўляе інтарэсы самых розных груп і ўсяго грамадства ў агульным. Такім чынам узнікае магчымасць утрымліваць здаровы баланс паміж інтарэсамі працоўнай сілы і капітала і ўвогулле разважаць у катэгорыях не столькі барацьбы, колькі супрацоўніцтва і ўзаемнай залежнасці, якая падмацоўвае салідарнасць на розных узроўнях функцыянавання грамадска-палітычнай і эканамічнай сістэмы.
На практыцы ж, аднак, розныя хрысціянаска-дэмакратычныя партыі маюць розныя ўхілы ў эканамічнай палітыцы. Выразны правы ўхіл маюць Аўстрыйская Народная Партыя (яе характэрызуе антысацыялізм і выступленне за скарачэнне сацыяльных праграм), Венгерскі Дэмакратычны Форум, Літоўская Хрысціянскія Дэмакраты і інш. Выразны левы ўхіл у эканамічных праграмах – Хрысціянскі Саюз (Нідэрлянды); хрысціянска-дэмакратычныя партыі ў Лацінскай Амерыке ў агульным маюць больш левыя арыентацыі, чым хрысціянскія дэмакраты Еўропы. І, нарэшце, да тых каго можна аднесці да “залатой сярэдзіны” належыць нямецкая ХДС/ХСС і Гуманістычны Дэмакратычны Цэнтр (Бельгія).
Як мы бачым, калі разважаць у парадыгме “інтарэсы капітаталу – інтарэсы працоўнай сілы”, “капіталізм – сацыялізм” (у заходнім разуменні апошняга тэрміну), то хадэкі свету бываюць вельмі розныя па сваіх арыентацыях.
Для таго каб і нам утрымаць здаровы баланс і не ператварыцца ў партыю капіталістаў (ці сацыялістаў), патрэбная актыўная прысутнасць у шэрагах партыі прадстаўнікоў розных сацыяльных груп (ад бізнэсоўцаў да настаўнікаў) і высокая палітычная і эканамічная адукаванасць усіх сяброў партыі, добрае разуменне імі эканамічных працэсаў, а таксама гатоўнасць цвёрда даводзіць і адстойваць сваю пазіцыю – як перад знешнімі сіламі, так і перад сябрамі і кіраўніцтвам партыі.
Нам падаецца, што можа ўзнікнуць праблема, звязяная з наступным. Калі БХД функцыяніруе за ўнутраныя, беларускія рэсурсы, то якая група насельніцтва можа ахвяраваць больш-меньш рэальныя грошы? – Бізнэсоўцы. Але ж грошы зазвычай ахвяруюцца не проста так, а ў пэўных інтарэсах; таму існуе небяспека, што партыя набудзе занадта “правы” ухіл, станецца палітычнай сілай, якая прадстаўляе інтарэсы ўладальнікаў капіталу, а не наёмных рабочых і служачых. А для грамадства ў крызісны час занадта права-капіталістычны ўхіл не меньш небяспечны для грамадства, чым занадта “левы” – ёсць небяспека недастатковай аплаты працы і адсутнасці сацыяльных гарантый (дакладней, іх рэалізацыяй на ўзроўні фармальнага мінімуму).
Але, з другога боку, асноўны рэсурс БХД – гэта не грошы, а энэргія людзей, якія працуюць на рэалізацыю хрысціянска-дэмакратычнай ідэі. А сярод іх бізнэсоўцы не складаюць большасць; мноства сяброў – служачыя, інтэлігенцыя… Таму прадстаўляецца цалкам магчымым вытрымаць здаровы баланс паміж “правымі” і “левымі” тэндэнцыямі – той баланс, які і называецца “сацыяльна-арыентаванай рынкавай эканомікай”.
Сама ідэя Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі патрабуе, каб партыя стала сілай, якая прадстаўляе інтрарэсы ўсіх груп насельніцтва. Для гэтага патрэбна на практыцы рэалізаваць тое, што ўжо амаль стагоддзе гучыць тэарэтычна ў ідэялогіі хрысціянскіх дэмакратый: цэласнае бачанне грамадства і адстойванне інтарэсаў не пэўных груп і груповак, а ўсіх катэгорый насельніцтва.
Адна справа – усё гэта дэклалараваць, а другая – зрэалізаваць на практыцы. А яшчэ паміж першым і другім у якасці прамежкавага звяна стаіць распрацоўка канкрэтных і прадуманых праграм і праектаў, якія дапамогуць рэалізаваць пазначаныя прынцыпы, як толькі мы (беларускія хадэкі) атрымаем тую ці іншую ступень рэальнай улады.
У нас ужо распрацаваныя асноўныя праграмныя палажэнні і напісаныя праграмы. Але ўсё гэта патрабуе далейшай прапрацоўкі. Нам патрэбныя не проста харошыя ідэі, а – ідэі-знаходкі, геніяльныя ідэі і праекты, якія дапамогуць выбрацца з крызісу як грамадству ў агульным, так і асобным групам і суб’ектам гаспадарання.
Гісторыя і эканоміка паказваюць, што краіны рэальна выбіраліся з жорсткіх крызісаў, так што заняпад змяняўся на росквіт. Сярод яскравых прыкладаў – Нямеччына і Японія пасля вайны, тая ж Польшча пасля крызісу 90-х гадоў. Але гэта заўсёды ажыццяўляецца праз добрае кіраўніцтва і сістэму прадуманых рашэнняў. Прыклад аднаго з прадуманых рашэнняў: у Японіі пасля капітуляцыі былі абмежаваныя расходы на армію (гэта было абмежавана заканадаўча пад ціскам Амерыкі) – і сродкі, якія вызваліліся такім чынам, японцы накіравалі ў сферу адукацыі. Вынік быў вельмі плённым…
Прамысловец Харві Файерстоўн сказаў: «Капітал не такі ўжо важны ў бізнэсе. І не такі ўжо важны досвед. Вы можаце атрымаць і тое, і другое. Што важна – дык гэта ідэі. Калі ў вас ёсць ідэі, значыць у вас ёсць галоўны неабходны актыў, і тады ў вас няма ніякіх абмежаванняў і вы можаце зрабіць са сваім бізнэсам і са сваім жыццём усё што жадаеце». Заява гучыць занадта амбітна (асабліва ў хрысціянскім кантэксце), аднак у ёй ёсць істотная доля праўды.
Зараз Беларусі і беларусам востра патрэбныя добрыя эканамічныя рашэнні і праекты, здольныя ў рэальных умовах вывесці з крызісу. Акрамя моцнай каштоўнаснай базы, у БХД павінная быць самая моцная эканамічная праграма!
Зараз неабходная генерацыя і распрацоўка ідэй і праектаў – значыць, патрэбна ствараць месцы для гэтага ў рэальнай і віртуальнай прасторы (дыскусіі, форумы, базы дадзеных). Трэба памятаваць і пра тое, што “мазгавы штурм” прадугледжвае і шэраг памылковых ідэй – галоўнае, каб потым з масы розных варыянтаў адбіраліся самыя лепшыя. Боязь зрабіць памылку падчас выказвання сваіх бачанняў мае быць адкінутай – як і боязь папраўляць іншых. Таму кожны, у каго ёсць ідэі выхаду з крызісу (на ўсіх узроўнях, ад мікра- да макраэканамічнага), проста абавязаны іх выказваць. Калі сказаў дзе якую недарэчнасць – нічога страшнага! Нехта выправіць. Галоўнае, каб працэс ішоў.
Трэба адкінуць і страх што апаненты “скрадуць” нейкія ідэі – бо гэта таксама, як не парадаксальна, рэсурс для іх рэалізацыі. Ёсць такі спосаб уплываць на сацыяльную рэальнасць, калі ты ў апазіцыі: калі апаненты мала таго што не даюць праходу, дык яшчэ і “сцягваюць” твае ідэі. У выніку самі праекты аказваюцца ўсё ж хаця б часткова рэалізаванымі. Такім чынам падчас паўстання К. Каліноўскага расейскі ўрад пайшоў на пэўныя меры па паляпшэнні эканамічнага становішча сялян, проціпаставіўшы дэкларацыям паўстанцаў рэальныя сацыяльна-эканамічныя дзеянні – так што, нягледзячы на сумны вынік, паўстанне ўкосна спрычынілася да паляпшэння сітуацыі. Другія прыклады, зусім не эканамічны – гэта забарона на рэкламу акультызму, якую цяперашні ўрад прадставіў як сваю ініцыятыву, а таксама Севярынцаў лагатып з сэрцам і словамі “Люблю Беларусь”, які доўгі час красаваўся на рэкламных шыльдах гораду…
Ужо сёння нам трэба дакладна і дэталёва ведаць, што мы будзем рабіць калі прыдзем да ўлады ці атрымаем больш магчымасцяў для дзеяння. У агульным мы і ведаем – але трэба ўдасканальваць праекты.
Паводле Божага промыслу, у нас зараз ёсць крыху часу на генерацыю і распрацоўку ідэй… Падзеі апошніх месяцаў прымусілі аўтара ўпершыню ўзрадавацца, што дэмакратычныя сілы не здолелі перамагчы на снежаньскіх выбарах. Бо ўявім сабе, што б было: прыходзяць да ўлады дэмакраты – і амаль адразу пачынаецца страшэнная дарагоўля, падскоквае курс іншаземнай валюты і г.д. – і даказвай народу, што гэта не мы ўсе грошы пакралі, і перадольвай асацыяцыю дэмакратычнай улады з нестабільнасцю і беднасцю вялікіх мас і міф што пры аўтарытарным Лукашэнку ўсё было добра… І многае з таго, чаму мы зараз радуемся (узнікненне пратэставых настрояў і іх рэалізацыя ў страйках і іншых акцыях пратэсту) – абярнулася бы супраць нас… У снежані мінулага году ў Лукашэнкі быў апошні шанец сысці захаваўшы твар – і пераклаўшы вынікі сваіх памылак на плечы дэмакратаў. Ён гэты шанец згубіў. Тым у некаторым плане лепш для нас – у плане ступені разумення народам сапраўдных прычын крызісу, а таксама ў плане рэзерву часу на генерацыю і ўдакладненне ідэй і праектаў і на растлумачванне людзям сутнасці эканамічных праблем, з тым каб актыўнасць была не сітуатыўнай (з нагоды чарговага падвышэння цэн), а больш прадуманай, накіраванай на прычыны праблемаў.
Экзамен перанесены на нявызначананы тэрмін – у нас ёсць яшчэ крышачку дадатковага часу на падрыхтоўку… Галоўнае – спяшацца працаваць, бо часу да ключавых зменаў можа аказацца зусім нямнога.
Рыта Тарайкевіч