Карані беларускай палітыкі. Віталь Рымашэўскі
Героем рубрыкі “Карані беларускай палітыкі агенцтва “Тэлеграф”стаў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2010 года Віталь Рымашэўскі. У артыкуле ён распавядае аб сваім паходжанні, дзяцінстве, палітычным досведзе, каб зразумець, чаму ён зараз займаецца палітыкай.
Мае карані там, дзе цячэ “Стары Ольса”
“Я нарадзіўся ў Бабруйску ў 1975 годзе, але сваё дзяцінства я больш асацыюю з вёскай Пацава Слабада, што каля Кіраўска на Бабруйшчыне – за 30 кіламетраў ад Бабруйска. Там жыла мая бабуля па маці. Я праводзіў там вакацыі, увесь свой вольны час.
Вадзім Кабанчук, адзін з першых палітвязняў, таксама з тых мясцін (яго вёска Сяргеевічы за дзесяць кіламетраў ад маёй), як і Сяржук Чыслаў, заснавальнік “Белага легіёну”. Яго дзед і баба жывуць у суседняй вёсцы – Казулічы, што за пяць кіламетраў. Там недалёка працякае рака Ольса, а ля маёй вёскі – Ала. Я так падазраю, што лідар гурта “Стары Ольса” назваў яго ў гонар гэтай рэчкі, бо, напэўна, адтуль таксама хтосьці родам. Вельмі добра ахарактарызаваў тыя мясціны паэт Мікола Аўрамчык:
Мая Бабруйшчына зялёная,
здаешся іншым ты малой
з тваёй Бярэзінай хвалёнаю
і з непрыкметнаю Алой”.
Мой род паходзіць з 16 стагоддзя
“Мой тата – звычайны будаўнік, працуе брыгадзірам. Ён ужо на пенсіі, але працуе дагэтуль. Быў трубаўкладчыкам, працаваў на бульдозеры. А маці мая – інжэнер на транспарце. Усё жыццё яна працавала на транспартным аўтакамбінаце, які займаўся грузаперавозкамі.
Бацька родам сам з Глушчыны, з вёскі Бярозаўка. Там дагэтуль жывуць мае стрыечныя браты Рымашэўскія. А мой дзед з бабуляй з вёскі Амур, якая таксама недалёка ад Глуска. Невядома адкуль яе назва паходзіць. Вёска зусім невялікая. Дзед з бабай памерлі рана: дзед – да майго нараджэння, бабуля – калі мне было пяць год, таму я бываў мала ў гэтых мясцінах.
Пра сваіх продкаў я няшмат ведаю. Думаю, што з боку маці продкі, Комары, былі простымі сялянамі. Род жа бацькі быў шляхецкім. Прадзед мой быў ляснічым, меў сваю маёмасць. Бабуля мая, татава маці, з роду Захарынскіх, якія былі не толькі шляхтай, але мелі і дваранскі тытул у Расійскай імперыі. Мае цёткі казалі, што спалілі дваранскія граматы толькі ў 1960-я-1970-я гады за Савецкім Саюзам, бо перадаваць іх і казаць пра іх было небяспечна. Дарэчы, з Захарынскіх мой сваяк – беларускі мастак Вячаслаў Захарынскі, які, магчыма, цяпер ужо не так вядомы, але раней ён у Менску пісаў карціны, выстаўляўся ў Польшчы.
Адзін з даследчыкаў-аматараў казаў, што род Рымашэўскіх паходзіць з Лідчыны, з вёскі Рымашаны, і вядомы з 15-га ці 16-га стагоддзя ў метрыках Вялікага княства Літоўскага. Прозвішча Рымашэўскі менавіта з Лідчыны і пайшло, а потым распаўсюдзілася па тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай на ўсход, і на захад, і на поўдзень, і на поўнач. Цікава, што, калі я працавў у Бранску, пачуўшы маё прозвішча, мясцовыя, якія, дарэчы, не асацыююць сябе з рускімі, сказалі, што вы, напэўна, з нашых мясцін, з Браншчыны. А я сказаў, не, я з Беларусі.
Ёсць шмат розных гісторый, напаўлегенд, звязаных са шлюбамі, якімі браліся Рымашэўскія. Яны амаль заўсёды былі няроўныя, таму сем’і былі часта супраць. Так, сям’я была супраць шлюбу маёй бабулі з дзедам: род майго дзед хоць і быў шляхецкія, але ўжо збяднелым, Захарынскія ж былі дваранамі. Таму яны не вельмі камунікавалі з іншымі сваякамі. Кажуць, што мой прадзед таксама пабраўся няроўным шлюбам, але ўжо наадварот – з больш беднай дзяўчынай. Таксама ўсе сваякі былі супраць і яму давялося мець мала стасункаў з імі”.
Мой дзед быў партызанам
“Ці закранулі маіх продкаў бальшавіцкія рэпрэсіі я сказаць не магу, таму што мае дзяды памерлі рана яшчэ ў час Савецкага Саюза, калі пра гэта казаць было нельга. Але, прынамсі, маіх блізкіх сваякоў рэпрэсіі не закранулі, бо яны не былі на той час надта заможнымі.
У вайну мой дзед, бацькаў тата, быў у партызанах, меў узнагароды. Глушчына была партызанскім краем: людзі вымушаны былі ісці ў партызаны, бо немцы рабілі блакады. Мой дзядзька, старэйшы татаў брат, які нарадзіўся да вайны, распавядаў, як ён з іншымі хлопцамі некалькі сутак хаваўся ў балоце, трымаючыся за бярвенне, а немцы абстрэльвалі ўсё, што было навокал”.
Любоўю да беларускасці я абавязаны рускай настаўніцы
“Я з дзяцінства, колькі сябе памятаю, быў лідарам, нават у дзіцячым садку. Я быў лідарам сярод сваіх сяброў, піянерскага атраду. Таксама я заўсёды цікавіўся палітыкай. У Савецкім Саюзе ідэалагічная і палітычная праца была пастаўлена з першага класу, з дзецьмі заўсёды праводзілі агітацыю. І мне заўсёды палітінфармацыя была цікавая. Яна часам сумна праводзілася, але ўсе палітычныя падзеі мяне цікавілі. Я думаю, што пры любых раскладах займаўся бы палітыкай, былі б нейкія палітычныя зрухі, перабудова ці не, бо мне заўсёды была цікавая і гісторыя, і палітыка.
Ну і таксама мой палітычны шлях абумовіла тое, што з дзяцінства – часткова гэта залежала ад выхавання бацькоў, часткова ад прыродных рысаў – я заўсёды цікавіўся пошукамі праўды, справядлівасці і стараўся яе адстойваць, не баючыся ісці на канфлікт. Калі, напрыклад, нават цэлы клас выступаў супраць, я бараніў тое, што лічыў патрэбным.
Потым пачалася перабудова. Беларускай мовай сваёй і любоўю да нацыянальнай культуры я абавязаны сваёй настаўніцы – Новік Любові Кірылаўне, якая прыйшла да нас у дзевятым класе. Яна казала: “Я па пашпарце руская, але я люблю і паважаю гэту культуру, мову”. Яна казала, што беларуская мова адна з лепшых, наймілагучнейшых у свеце разам з італьянскай. Яна прышчапіла, думаю, любоў усяму класу да беларускай культуры, беларускай мовы. Паралельна тады была перабудова і адкрывалася праўда пра нашу гісторыю. І гэта праўда гістарычная мяне закранала, абурала і, канечне, яна сфармавала мае палітычныя погляды і нацыянальныя перакананні.
Калі пачалася перабудова ў газетах адны выступалі за нацыянальнае адраджэнне, незалежнасць, казалі , што нам хлусілі ўвесь гэты час, іншыя казалі, што не, нам трэба Савецкі Саюз. І я выбіраў паміж тымі і тымі, хто з іх меў рацыю. Памятаю, яшчэ сваю спрэчку з татам на кухні. Ён казаў, што ўсе хлусяць, і невядома, хто кажа праўду. А я казаў, што, калі з тымі, хто выступае за незалежнасць, ёсць такія людзі як Васіль Быкаў і іншыя вядомыя пісьменнікі, дык і я буду там”.
На выбарах 1994 году я прагаласаваў двойчы
“З такімі нацыянальнымі перакананнямі я ў 1992 годзе і прыехаў у Менск, дзе паступіў у політэхнічную акадэмію (цяпер БНТУ – Тэлеграф). Людзі ў палітэху былі далёкімі ад палітыкі, нацыянальных ідэяў, і я там быў белай варонай. Былі, канечне, і нешматлікія людзі маіх поглядаў, але ў асноўным усе былі індыферэнтныя. Я памятаю выбары ў парламент, калі па маёй акрузе балатаваўся Клімаў (палітык і бізнэсовец Андрэй Клімаў – Тэлеграф). І ён прывозіў у вялікую залу палітэху Паплаўскую (спявачку Ядвігу Паплаўскую – Тэлеграф), тэатр гумар “Хрыстафор”, які расказваў здзеклівыя анекдоты з “Беларускага народнага фронту”, бо па гэтай жа акрузе канкурэнтам Клімава ішоў прадстаўнік БНФ. І я быў хіба адзіны з аўдыторыі, хто іх абсвістваў, калі гэтыя анекдоты гучалі.
У 1994 годзе на прэзідэнцкіх выбарах я прагаласаваў двойчы. Я разам са сваёй маці пайшоў у Бабруйску на выбарчы ўчастак і паставіў за яе голас за Зянона Пазьняка, а яна ўкінула гэты бюлетэнь. Так што, можна сказаць, што свой унёсак у палітыку я зрабіў ужо тады”.
Мяне хацеў вызваляць Вячорка
“Я хадзіў на мітынгі час ад часу, але яны былі нешматлюдныя. Першы вялікі мітынг, на які я пайшоў, быў мітынг 25 сакавіка 1996 году. Тады непасрэдна пачаўся мой палітычны шлях. Я пайшоў разам з хлопцам, які жыў са мной у пакоі, і яго сястрой. З сабой мы ўзялі сцяг, што вісеў у нашым пакоі. Людзей заклікалі збірацца на плошчы Незалежнасці, але мітынг быў недазволены і міліцыя забараняла там збірацца. Мітынг дазволілі каля Тэатру Оперы і Балету перад помнікам Максіму Багдановічу.
Тым не менш на мітынг на плошчы Незалежнасці збіралася шмат людзей. У мегафон крычалі, што збор не дазволены. Хтосьці крычаў “брэшаце!”. І я таксама крыкнуў: “Сабакі брэшуць!”. Так атрымалася, што я гэта крыкнуў проста ў вуха намесніку РАУС Маскоўскага раёну Менска, які быў ля мяне і якога я не бачыў. З крыкамі “Я тебе покажу, кто тут собака!” ён схапіў мяне за грудкі. Мяне сталі адбіваць людзі, і, у прынцыпе, адбілі б, калі б ягоныя падначаленыя не падбеглі. Праз усю плошчу мяне павялі ў “козлік” і адвезлі ў пастарунак, дзе пасадзілі ў “акварыюм”.
Гэта было незабыўнае ўражанне, таму што я не ведаў, колькі там прасяджу гадоў, гадзін. Праз гадзінку якую мяне адпусцілі, не сталі складаць пратакол, а толькі выпісалі папярэджанне і нават сцяг вярнулі. Але, як толькі я падышоў да прахадной, мяне паклікалі назад, забралі гэтую паперку з папярэджаннем, парвалі яе і далі іншую, сказаўшы, каб прыйшоў назаўтра ў суд.
Высветлілася, што мой сябар дайшоў да мітынгу ля помніка Максіму Багдановічу і сказаў арганізатарам, што затрымалі хлопца са сцягам. І Вячорка (на той момант намеснік старшыні БНФ Вінцук Вячорка – Тэлеграф) ў мегафон сказаў, што, калі зараз не выпусціце Віталя Рымашэўскага, мы пойдзем да Маскоўскага РАУС. Міліцыянты пачулі гэта і патэлефанавалі туды. Калі б не гэтыя словы, мяне б, пэўна, адпусцілі.
На наступны дзень быў суд. Маладая суддзя зачытала з пратаколу, што я “называл работников милиции собаками и свиньями”. Дзяўчына здзіўлена запытала ў мяне: “Вы што п’яныя былі?”. “Не, я быў цвярозы і свіннямі іх не называў”, адказаў я. Суддзя паставілася да мяне нармальна, дала толькі папярэджанне”.
Я вырашыў, што ніколі больш не пайду на мітынг
“Усё гэта адбывалася на чацвёртым курсе. І я вырашыў, што ніколі больш не пайду на мітынг, бо ў нас была скарочаная праграма і ўжо ўзімку я павінен быў выпускацца. Хто вучыўся ў палітэхе, ведае наколькі гэта складана давучыцца да чацвёртага курсу, а я давучыўся, ужо ў прынцыпе меў дыплом. Але 24 красавіка да нас зайшла камендантка. Я адразу зразумеў, што нешта здарылася, бо яна ў першы раз без крыкаў зайшла ў наш пакой. Рукамі, якія трэсліся, яна перадала мне позву ў пракуратуру, каб я з’явіўся туды праз некалькі дзён пасля Чарнобыльскага шляху.
Я зразумеў, што цяпер не пайсці на Чарнобыльскі шлях я проста не магу, бо гэтай позвай яны мяне прымушалі туды не ісці. Пасля я даведаўся, што такім чынам запужвалі многіх з тых, каго затрымалі раней. Для мяне не пайсці – гэта значыць прызнаць, што ты падпарадкаваўся ім.
І вось я пайшоў на Чарнобыльскі шлях і там запісаўся ў рух “Беларускі народны фронт”. Пасля я ўступіў у “Малады Фронт”, быў намеснікам старшыні і кіраўніком Рады арганізацыі. З гэтага моманту мая палітычная дзейнасць не перапынялася.
А ў пракуратуру мяне ўсё-такі выклікалі. На Вінцука Вячорку хацелі завесці крымінальную справу за тое, што ён хацеў штурмам узяць РАУС, у якім я сядзеў. На судзе я выступаў у абарону Вячоркі і распавёў усё, як было.
Дарэчы, тое, што я займаўся палітыкай, мне дапамагала ў навучанні, бо ў політэхнічнай акадэміі на будаўнічай спецыяльнасці ў нас былі самыя лепшыя выкладчыкі і спецыялісты ў Беларусі, якія, безумоўна, не падтрымлівалі Лукашэнку. Я памятаю, як здаваў курсавую па драўляных канструкцыях, якую цяжка з першага разу здаць. Выкладчык паглядзеў яе,знайшоў некалькі памылак, а пасля дастаў газету “Свабода”і запытаў: “А вы знаете, что ваша фамилия здесь есть?” Я сказаў, што ведаю, падумаўшы між тым, што зараз пачнуцца праблемы. А ён узяў маю залікоўку і паставіў з першага разу “чатыры”. І так яшчэ некалькі разоў было.
На момант майго прыходу ў палітыку я быў атэістам, але так сталася, што праз год я прыйшоў да веры. Ад таго часу я звязваю сваю дзейнасць з магчымасцю рэалізацыі хрысціянскіх каштоўнасцяў у палітыцы. З гэтай прычыны я далучаўся да ўсіх ініцыятыў па стварэнні хрысціянска-дэмакратычнай партыі. Так, я быў намеснікам кіраўніка “Моладзевага хрысціянскага сацыяльнага саюзу” (МХСС), таксама ўдзельнічаў у спробе Грушавога (Генадзя Грушавога – Тэлеграф) стварыць хрысціянскую дэмакратычную партыю, якая, на жаль, не ўдалася. Паколькі хрысціянскіх партый у Беларусі не было, то я стаў сябрам Аб’яднанай грамадзянскай партыі, да моладзевага крыла якой далучыўся МХСС. Тым не менш, я не пакідаў надзеі на тое, што хрысціянскі дэмакратычны рух паўстане. Затым узнік аргкамітэт, я далучыўся да яго дзейнасці і ў выніку стаў сустаршынёй “Беларускай хрысціянскай дэмакратыі”, а з цягам часу і кандыдатам у прэзідэнты”.
Многія мае рысы змякчае жонка
“Я вельмі задаволены, мякка кажучы, сваёй сям’ёй, паколькі нельга пераацаніць ролю маёй жонкі Насты ў маім палітычным жыцці. Яна вельмі добрая жонка, і шмат з таго, што ёсць добрае ва мне, – гэта яе заслуга. Яна змякчае многія мае рысы, аказвае падтрымку. Можна сказаць, што наш шлюб па-сапраўднаму хрысціянскі дзякуючы ў першую чаргу Насце, таму што яна мужна і годна вытрымлівае ўсе выпрабаванні. Характар у мяне нястрыманы, а ў палітычных адносінах часта даводзіцца стрымлівацца, паводзіць сябе дыпламатычна, карэктна. Але эмоцыі, якія я адчуваю, перажываю, адбіваюца на маіх блізкіх, яны хвалююцца за мяне. Канечне, гэта няпроста.
Апошнія паўтара гады я думаю, што мала ўдзяляў часу і ўвагі сям’і у сілу тых прычын, што працы было вельмі шмат, нават больш, чым можна сабе ўявіць. Наста гэта разумее цалкам і падтрымлівае мяне ва ўсім. Ну і дачка Ева будзе гэта разумець. Прынамсі, мы з ёй зараз размаўляем на адной мове.
Для мяне ў жыцці было і ёсць самым галоўным пошук праўды, сэнсу жыцця. І гэты пошук спрычыніўся да майго прыходу да веры. Ён таксама быў маёй галоўнай матывацыяй у палітычным жыцці. 90-я гады – гэта рамантычныя гады, калі мы хутчэй не займаліся палітыкай, а адстойвалі права на свабоду і справядлівасць. Хацелася б, каб гэтае пакліканне захавалі многія актывісты. Ёсць адзін такі святы, здаецца, каталіцкі, які казаў, што, калі ты будзеш шукаць Бога, ты наўрадці Яго сустрэнеш, а калі ты будзеш шукаць праўду, магчыма, ты Яго спаткаеш. Не трэба пра гэта забывацца тым, хто абірае палітыку справай свайго жыцця. Я думаю, у гэтым выпадку мы будзем мець поспех, а Беларусь – шанец на лепшую будучыню”.