Беларусь: час опіуму! (Думкі і вершы)

13 ліпеня 2011 16:05  |  Грамадства

Падаем допіс Алега Нагорнага  з Жодзіна, праваслаўнага публіцыста, палеміста і рыфмара, як ён сам сябе вызначае. Мяркуем, ягоныя думкі стануцца цікавымі і для сябраў БХД ды наведнікаў нашага сайту. 

 

Калі ў чалавека адбіраюцца ўсе знешнія свабоды, калі з ім звяртаюцца як з неразумнай жывёлінай, якую вядуць на сацыяльна-эканамічны забой, і пры гэтым яшчэ збіваюць за самы мірны і самы маўклівы пратэст, толькі амаль толькі ў храме ён адчувае сябе чалавекам “у поўны рост”. Толькі духоўна-рэлігійнае жыццё дае свабоду быць чалавечкам у бесчалавечных умовах. Бо калі пратэст чалавека, які паўстаў супраць пазбаўлення правоў на “хлеб і гледзішчы” можна заперці ў аўтазаку, то свабоду ў духоўна-рэлігійным вымярэнні краты толькі паглыбляюць: 

Такой свабоды як за кратамі
не мае ветразь у палёх!
І робіць жабракоў багатымі
адвечным скарбам Госпад Бог.
І страху кайданы ламаюцца,
і дух выпроствае крыло…
Хай цені вязніцы згушчаюцца:
нязгасна Ісціны святло!
А сэрца, вечнасцю спавітае,
трывогай дня не паланіць,
бо з Неба, бы ў вакно адкрытае,
ў яго гімн перамог ляціць!

(Алег Нагорны, “За кратамі”)

Рэлігія – гэта ўздых прыгнечанага стварэння, сэрца бессардэчнага свету, падобна таму як яна – дух бяздушных парадкаў”, – сцвярджаў Карл Маркс (Уводзіны ў крытыку гегелеўскай філасофіі права). Аднак Маркс, канстатаваўшы факт, што рэлігія мае быць аддухаю ў смуродзе знешняй няволі, робіць адсюль няслушную выснову: “Рэлігія ёсць опіум народа. Скасаванне рэлігіі, як ілюзорнага шчасця народа, ёсць патрабаванне яго сапраўднага шчасця”.

Трэба заўважыць, што ў часы Маркса опій не наркотык, але анальгетык. Тут Маркс не арыгінальнічае, а паўтарае тэзу, якая была выказана за 45 год да таго яго земляком – паэтам і мысляром Фрыдрыхам фон Хардэнбергам, які пісаў пад псеўданімам Наваліс: “Ваша так званая рэлігія дзейнічае як опіум: яна заваблівае і прыглушае болі замест таго, каб надаць сілы” (Наваліс, Кветкавы пылок, 1798) Аднак, сілы для чаго? Для здзяйснення гвалтоўных зменаў у дзвюхмернай прасторы “цела-душа” – для новага крывавага пераразмеркавання правоў на доступ да “хлеба і глезішчаў”?! 

Ну, паклалі жывёліне поўную лаханку ежы – ці стане яна ад гэтага Чалавекам?! Ніяк не можам уцяміць, што акрамя законаў фізічнага і псіхічнага жыцця ў свеце дзейнічаюць і аб’ектыўныя законы жыцця духоўнага! Адзін з іх у тым, што, калі жыццё большасці грамадзян падпарадкавана пагоні за жывёльнымі выгодамі, калі яно зняволена плоскасцю дзвухмернай патрэбнаснай прасторы, то на палітычным пасадзе апынуцца сілы, якія будуць адносіцца да народа як да бяспраўнага быдла.  

Зразумела, калі быдлу нестае ежы і пацехаў, раз’юшаны статак здольны ўтаптаць сваіх пастухоў у пыл… Аднак іх месца займаюць іншыя, якія таксама жывуць не духоўна-рэлігійным вымярэннем сумлення, не пачуццём адказнасці перад вечнасцю, а імкненнем задаволіць свае жывёльныя інтарэсы… І ўсё вяртаецца на колы свае.

Беларусы ўсё гэта бачылі калі штучная (без глыбокіх духоўных пераменаў у душы народа) змена савецкай дыктатуры апынулася дыктатурай лукашызму. Вывадаў, аднак, мы не зрабілі: зноў верым у тое, што толькі разбурыцца трон пад цяперашнім тыранам, як над Краінай узыдзе пуцяводная зорка волі, і сытага шчасця. 

Верым – па веры і атрымаем! Так, хуткім часам Гасподзь падасць нам чарговы ўрок: сённяшні ідал будзе скінуты з палітычнага алімпу… Аднак што далей? Новая папулісцкая гульня ў дэмакратычныя свабоды, пад “шумок” якой новы пастушок будзе падкормліваць вогнішча неадоленых страсцей за кошт дзяржаўнай скарбніцы? Ці нас адразу і чэсна загоняць у стойла ваеннай дыктатуры?..

Калі ж, нарэшце, мы ўцямім, што без падпарадкавання ўласнага жыцця духоўна-маральнаму вымярэнную, мы так і застанемся расплясканымі ў дзвюхмернай жывёльнай прасторы, выракаючы сябе на Сізіфавы высілкі ў адоленні вяршыні агульнанацыянальнага і асабістага шчасця! 

Пакуль “палітычныя” пратэстанты з’яднаны не любоўю, братэрствам, прагай законнасці і справядлівасці для сваіх братоў-суайчыннікаў, а нянавісцю да пануючай улады; пакуль страх перад беззаконнымі дзеяннямі уладаў перамагаецца не страхам Божым, а страхам апынуцца перад пустой лаханкай нянавісць будзе спараджаць нянавісць, кроў – новую кроў… і такі палітычны працэс абавязкова прыводзе на пасад людзей з хворым сумленнем:

З якой ты ні кіруй пазіцыі,
без Бога ў сэрцы пустата.
Каб быць да цемры ў апазіцыі,
я выбраў воінства Хрыста.

Якога б колеру палотнамі,
ні ўскалыхнуў народ абшар,
без Творцы ўсіх, Айца, сіроты мы.
Найперш, ўздымаю сцяг Крыжа!

(Алег Нагорны, “Апазіцыйнае крэда”)

Калі ж мы, нарэшце, ўскрылім у “трохмер’е”: выпрастаем крылы ўласна чалавечай – духоўна-рэлігійнай свабоды?! 

Родныя землякі, зразумейце, што падняць Бацькаўшчыну на дзве нагі мы здолеем толькі калі ў адзіным імпэце ўзмахнём крыламі сумлення! І калі мы жадаем, каб нашая Краіна ўстояла ў любові, а не павалілася зноў у бруд варожасці і бязладзіцы, то і натхняць нас на гэты ўзлёт павінна не нянавісць, а любоў. Для гэтага не трэба адразу замахвацца на неверагодныя вялікія подзвігі (Мцв. 25:21): кожнаму дастаткова пачаць з таго, што ў дробязах паўсядзённага жыцця заставацца верным простаму воінскаму дэвізу – “Ня будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром!” (Рым. 12:21)

 

Болей навін