Севярынец: Беларусь жыве на крыжы
Зьмітру Дашкевічу – трыццаць. Юбілей Зьміцер адзначыў у турэмным карцары. Лідэр Маладога Фронту , палітвязень, адбывае ужо другі свой тэрмін ( ды яшчэ паўгады на “сутках” за вулічныя акцыі пратэсту). Усё нармалёва: калі ты жывеш у Беларусі, любіш сваю краіну, верыш у Бога і робіш па сумленьні – на волі ты толькі часова.
Тут свае знакі. 30 гадоў – гэта ўзрост Ісуса Хрыста, калі Ён пачаў Сваё зямное служэньне. Памятаеце, як гэта было? “Тады Ісус быў паведзены Духам у пустыню, на спакушэньне ад д’ябла. І, пасьціўшы сорак дзён і сорак начэй, напасьледак згаладаўся…“
Хто ня ў курсе, карцар – гэта камяністая пустыня ў чатырох сьценах, дзе мораць голадам. І Дашкевіч за апошнія два месяцы там ужо не ўпершыню. Калі чалавек ідзе Хрыстовым шляхам, д’ябал абавязкова будзе прыступаць і пытацца: ” Калі ты сын Божы, скажы, каб камяні гэтыя сталі хлябамі…”
Скажы: здаюся. Прасьціце, дзядзенькі, больш ня буду. Законна асудзілі. Прашу памілаваньня. І камяні стануць хлябамі! І нават сырам ( які вядома дзе дармавы бывае), і кілбасой, а там, глядзіш, і умоўна-датэрміновым вызваленьнем! О, там слова дорага каштуе. І творыць цуды. Толькі скажы. Але маўчыць Дашкевіч. І Ліхавід маўчыць. А Васьковіч нават адмаўляецца аддаваць спакусьнікам Біблію, бо ведае: адказ д’яблу напісаны там. “Не хлебам адзіным жыве чалавек, а ўсякім словам, якое зыходзіць з вуснаў Божых”. ( Мацьвея 4:4)
А з вуснаў Божых выходзіць праўда. Праўда. І ня ў сіле Бог, а ў праўдзе, і хлопцы гэта ведаюць. А зламысьнік не адступае: “… І паказвае Яму ўсе царствы сьвету і славу іх, і кажа Яму: усё гэта дам Табе, калі ўпаўшы паклонішся мне”. Усяго толькі: стаць на калені і схіліць галаву не перад Богам!
Дашкевіч ужо шэсьць год кіруе Маладым Фронтам, наймацнейшым маладзёвым рухам у Беларусі. Сотні акцыяў. Дзясяткі крымінальных справаў. Галадоўкі. Зьбіцьці. Арышты. Зноў галадоўкі. Вагі ў хударлявым Зьмітры кіляў 60, але з кожнай акцыі яго выносяць як найменш чацьвёра спэцназаўцаў.
Намесьнік Дашкевіча, 23-х гадовы гарадзенец Алесь Кіркевіч – у Наваполацкай калёніі. Арыштавалі Кіркевіча празь некалькі дзён пасьля вясельля. Напэўна, разьлічылі, што так будзе найбольш балюча. А Алесь прывучае сукамернікаў да малітвы і дасылае на волю вершы, І цяпер і ў Менску перад Чырвоным касьцёлам, і ў Віцебску на Успенскай горцы , і ў Гародні каля сабору штодзённыя малітвы за Беларусь і вызваленьне палітвязьняў пачынаюць, тройчы паўтараючы ягоныя радкі: ”Уратуй, Божа – бо Ты можаш!”
Маладафронтавец Эдуард Лобаў, былы дэсантнік, зараз у івацэвіцкіх ” Воўчых норах”. Чатыры гады за справакаваную “ворганамі” бойку. Адзін зь менскіх лідэраў МФ Уладзь Яроменак, якога будслаўскія пілігрымы памятаюць па шчымлівых сьпевах пад гітару, на душнай Валадарцы. Па сьлядох Якуба Коласа. Тры гады, як і класіку. І таксама піша.
Зорка Маладога Фронту, 20-гадовая нявеста Дашкевіча, Настачка Палажанка атрымала год “умоўна” за Плошчу.
Свабодавец Мікіта Ліхавід — амаль бесперапынна у карцэры зоны-”дзясяткі”. Не прызнае сябе “зэкам”. Адмаўляецца выконваць распараджэньні адміністрацыі. Кідае выклік сістэме — на вачох у тысячы іншых асуджаных. А пакуль ён сядзіць, ягоную маму затрымліваюць за маўклівы пратэст у Менску — і садзяць у “бамжатнік” на дзесяць сутак. Так нараджаюцца нацыянальныя героі і нацыянальныя легенды. Так нараджаюцца народы.
Дарагія беларусы! Тыя, хто верыць, тыя, хто ня ведае, ці верыць ён, тыя, хто не задумваўся… Ісус выяўляецца ў людзях, бо мы – вобраз і падабенства Ягонае. У такіх людзях, як Дашкевіч і Ліхавід, Кіркевіч і Мірзаянаў, Яроменак і Палажанка, Васьковіч і Лобаў. Яны, гэтыя маладыя, не за сябе там, і не за апазіцыю галадаюць, церпяць і жылы рвуць. За нас, беларусаў. За мяне. За цябе. За ўсіх. Мы можам падтрымаць іх. Малітвай. Лістом. Учынкам. Салідарнасьцю.
Адзін за ўсіх – і ўсе за аднаго! Тысячу гадоў Беларусь, краіна пад сьцягам Хрыста, жыве на крыжы. Проста Бог ёсьць любоў. А няма любові большае. калі хто аддае душу сваю за сяброў сваіх.
Сёньня балюча. Ім. Яны на крыжы — каб жыла Беларусь. Каб хоць крыху, ахвяраваўшы сваёй свабодай, наблізіць агульную.