Жукавец: у Беларусі няма незалежнага і справядлівага суду
18 ліпеня ў Менску прайшла супольная прэс-канферэнцыя БХД, Маладога Фронту і руху “Разам”, прысьвечаная перасьледу палітычных уцекачоў за межамі Беларусі. Прадстаўнікі “Зьвязу ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі” (Польшча) сустрэліся і паразмаўлялі з адным з фігурантаў прэс-канферэнцыі Андрэям Жукаўцом, супраць якога распачатая крымінальная справа ня толькі ў Беларусі, aле і ў Польшчы. 29 ліпеня ў Беластоку адбудзецца чарговае судовае паседжаньне. Пра шматгадовую гісторыю сваіх судовых змаганьняў распавядае Андрэй Жукавец:
Што стала прычынай вашага выезду з Беларусі і пошуку палітычнага прытулку?
У сакавіку 1999 году я быў вымушаны выехаць з Беларусі і прасіць палітычны прытулак у Польшчы. Уцякаў таму, што на мяне была ўзбуджана крымінальная справа.
Справа была ўзбуджана па замове КДБ. Прычына майго пераследу – гэта мая актыўная грамадская пазіцыя і дапамога беларускай апазыцыі. Я быў дырэктарам ТАА «Трэйс», якое заснаваў ў 1993 годзе. Займаліся рэкламай, нерухомасьцю, аўтатранспартам. Зрабілі першую ў Беларусі дысконтную карту. Нашая фірма была вельмі вядомая, да нас звярталіся людзі за дапамогаю. Мае бацькі, якія паходзяць з рэпрэсаваных сем’яў выхавалі мяне так, што калі можаш, то трэба заўсёды дапамагаць людзям. Фірма добра працавала і заўсёды дапамагала тым, хто зьвяртаўся. Мы фінансавалі будаўніцтва праваслаўнага храму ў гонар Іконы Божай Маці Менскай (прыход вялікамучаніка Георгія Пераможцы, г. Менск), фінансавалі аздараўленьне дзяцей-інвалідаў, дапамагалі бальніцы ў вёсцы Атоліна. Што тычыцца беларускай апазіцыі, то мы дапамагалі «Магілёўскаму праваабарончаму цэнтру», моладзевай камісіі БНФ, Маладому Фронту. На друкарскіх плошчах ТАА «Трэйс» выдавалася агітацыйная прадукцыя беларускіх партыяў і недзяржаўных арганізацыяў. Я сам стаў сябрам Маладога Фронту. Пачаткам хвалі праблемаў можна лічыць мaё затрыманьне і арышт на 10 сутак пасьля Чарнобыльскага шляху ў 1996 годзе.
Палітычнага прытулку Вам так і не далі? Чаму?
Так, да гэтага часу я не маю статусу палітычнага ўцекача. Гэта я магу патлумачыць толькі карупцыяй ў беластоцкім судзе і ў пракуратуры, і іх сувязямі са спецслужбамі Лукашэнкі. Я, жадаючы быць бліжэй да Беларусі, пасля прыезду ў Польшчу паехаў у горад Беласток. Ведаючы, што там жыве беларуская меншасьць і я магу далей быць карысны для Беларусі. Вось супрацоўнікі судоў, пракуратуры Беластока на замову ўладаў Беларусі і пачалі мой перасьлед. На працягу першых гадоў знаходжаньня ў Польшчы Акруговы суд Беластоку, пры падтрымцы Акруговай пракуратуры Беластоку, мяне тры разы экстрадыраваў у Беларусь. Я пісаў скаргі і апеляцыйны суд адмяняў рашэньне ніжэйшай інстанцыі. У лютым 2001 года я быў затрыманы і зьмешчаны ў ізалятар. Там я правёў 85 дзён, 32 дні галадоўкі, 4 дні трымаў сухую галадоўку. У ізалятары спрабавалі псіхалагічна ціснуць на мяне: калі галадаў, напачатку пасадзілі мяне да забойцы-псіхапата, a потым перавялі ў перапоўненую камеру, каб мне было складана трымаць галадоўку. Дык польскія вязні пачалі пратэставаць, казалі, што яны будуць таксама галадаць, бо нельга трымаць галадоўшчыка ў камеры, дзе іншыя не галадаюць. Мяне перавялі ў асобную камеру і падсадзілі стукача, які расказваў мне розныя страшылкі і кожны дзень атрымоўваў свежыя перадачы, спакушаючы мяне, каб я паеў, што ён нікому ня скажа. Я трымаў галадоўку, згубіў 25 кг. Пачалі пужаць, што будуць карміць прымусова. У маю абарону выступалі Марэк Навіцкі (Marek Nawicki) з Хельсінскай Фундацыі па правам чалавека, Сяргей Абадоўскі, Алесь Бяляцкі, Павал Севярынец, Аляксандар Патупа, Андрэй Клімаў, Уладзімір Кудзінаў, Генадзь Быкаў і іншыя. У той час мая справа была на слуху ў Польшчы. Пасля выступу ў СМІ Леха Качыньскага, які ў той час быў міністрам юстыцыі, мяне вызвалілі з арышту. І справа мая проста завісла ў паветры: я так і не атрымаў статуса палітычнага ўцекача. Мне далі так званы “талераваны статус”, які не дае поўнай абароны і гарантыі ад экстрадыцыі.
На жаль, тады не атрымалася дамагчыся справядлівасьці. Спадзяваўся, што беларусы хутка пазбавяцца ад рэжыму Лукашэнкі і я змагу вярнуцца. Я ў Польшчы стараўся ўсё рабіць для гэтага. У 2001 годзе быў адным з заснавальнікаў «Зьвязу беларускіх палітычных уцекачоў у Польшчы». У 2002 годзе заснаваў інфармацыйна-аналітычны цэнтар «Беларусь-NATO». Арганізоўваў сустрэчы прадстаўнікоў беларускай апазыцыі з дэпутатамі Сейму Польшчы і прадстаўнікамі палітычных партыяў.
Што адбываецца зараз?
Зараз маю чарговы судовы працэс. У 2002 годзе пракурор з гораду Беластоку Славамір Люкс (Sławomir Luks) даў загад узбудзіць крымінальную справу ў Польшчы, запатрабаваў копіі крымінальнай справы з Беларусі. Гэта было зроблена на замову спецслужбаў рэжыму Лукашэнкі, бо для іх гэта была справа прынцыпу, каб пакараць мяне за дапамогу апазыцыі ў Беларусі і за маю дзейнасьць у Польшчы. Я адчыніў у Беластоку фірму «Андрэй Менскі». Працягваў дапамагаць апазыцыі. Друкаваў літаратуру, налепкі і перапраўляў у Беларусь. Гэты зварот пракурора Люкса парушае польскае права i права Эўрапейскага Зьвязу, якое кажа, што нельга карыстацца доказамі з краінаў, дзе парушаюцца правы чалавека (Польшча, як і іншыя краіны ЭЗ, падпісала Пакт пра стварэнне ЭЗ, у якім пазначана, што Эўрапейская Канвенцыя па Правах Чалавека зьяўляецца галоўнай міжнароднай умовай, на якой будуе свой лад ЭЗ. Такім чынам, Эўрапейская Канвенцыя па Правах Чалавека для Польшчы зьяўляецца першаснай, чым дамова пра прававую дапамогу з Беларусяй. Больш таго, Польшча, падпісаўшы канвенцыю, ня мае права карыстацца доказнай базай з краінаў, дзе парушаюцца правы чалавека). Пракурорам Славамірам Люкса быў прызначаны для маёй справы раённы пракурор Беластока Збігнеў Кулікоўскі (Zbigniew Kulikowski), пазней пракурор Акруговай пракуратуры Беластоку Анджэй Сьліўскі (Andrzej Śliwski).
Атрыманыя з Беларусі копіі справы далі перакладчыкам Гражыне-Міхаліне і Уладзіславу Проховічам (Grazyna – Michalina i Władzisław Prochowicz), якія сфальшавалі пераклады, на падставе гэтых перакладаў я быў затрыманы на суткі і мне выставілі абвіначанні. І вось на падставе сфальшаваных перакладаў ўжо хутка 10 гадоў цягнецца гэтая справа. Зараз яе разглядае судзьдзя раённага суду Беластоку Шчэнсны Шыманьскі (Szczęsny Szymański). Я звярнуўся да польскіх журналістаў з гэтымі перакладамі, яны зрабілі некалькі матэрыялаў і зьвярнуліся з адкрытым лістом да Міністра Юстыцыі Збігнева Цвенкальскага (Zbiegniew Cwięnkalski). Ён загадаў узбудзіць справу супраць перакладчыкаў, якія на працягу 2 гадоў перакладалі ксеракопіі з Беларусі, на акруговага пракурора Сьліўскага і на судзьдзю раённага суду у Беластоку Марэка Рымарскага (Marek Rymarski). У часе расьледваньня было выяўлена больш за 600 фальшаваньняў у перакладах, такіх як падмена назваў банкаў, фальшаваньне майго подпісу, пячатак фірмы, фальшаваньне фінансавых дакумантаў. Перакладчыцы Гражыне – Міхаліне Праховіч было выстаўлена абвінавачваньне ў фальшаваньні доказнай базы супраць мяне. Пракурор з Бялай Падляскі Іяланта Казлоўска (Jolanta Kozłowska), якая адважылася ўзбудзіць справу супраць супрацоўнікаў пракуратуры, пазней была сама пакарана і супраць яе была ўзбуджана крымінальная справа, нібыта за разгалошваньне службовай інфармацыі. Да таго ж перакладчыкі вырашылі зарабіць і прадставілі ў пракуратуру фактуры на аплату перакладаў на 300 000 злотых, тады як, згодна з пастановай Міністра Юстыцыі Польшчы на пераклады папераў павінна выдаткоўвацца ня больш за 120 000 злотых.
У 2009 годзе супрацоўнікам пракуратуры атрымалася разваліць справу, якую распачалі супраць іх па загаду міністра юстыцыі Збігнева Цвенкальскага, бо апошні ўжо не займаў сваю пасаду. Суд пастанавіў, што перакладчыкі былі проста 2 гады стомленыя і нічога страшнага ня здарылася. Журналісты зрабілі гумарыстычную радыёперадачу наконт маёй справы і перакладчыкаў. За гэта аднаго з журналістаў звольнілі з працы. Я падаў скаргу наконт спыненьня справы супраць перакладчыкаў, пракурораў i судзьдзяў. Гэтая скарга гуляе ад аднаго суда да другога і ўсюды судзьдзі баяцца брацца за яе. Так ужо было на працягу 3 гадоў у судах гарадоў Альштын, Аструда, Беласток, Саколка, Высокае Мазавецкае, Астраленка.
Каардынуе мой судовы перасьлед старшыня суда Томаш Калужны (Tomasz Kaluzny), якому ўсе падпарадкоўваюцца, і які на ўсе мае звароты адказвае маўчаннем ці адпіскамі.
Вось такія справы адбываюцца ў Беластоку. Польскія журналісты баяцца займацца маёй справаю, бо людзі, якія распраўляюцца са мною, я падазраю, што на замову беларускага боку, маюць вялікія сувязі і могуць зрабіць на тэрыторыі Падляскага ваяводства любыя праблемы для любога чалавека.
Распавядзіце пра тую крымінальную справу ў Беларусі з якой усё пачалося?
Пасьля маёй адсідкі на сутках пасля Чарнобыльскага Шляху-1996 у ТАА «Трэйс» прыйшлі праверкі, скіраваныя УБЭЗ ГУУС Менгарвыканкама з мэтай пошуку падставаў для ўзбуджэньня крымінальнай справы. Усім гэтым кіравала КДБ, куды мяне неаднаразова выклікалі на допыты. Праводзіў справу следчы Аляксандар Сьлесарэвіч, які не знайшоў ніякіх парушэньняў і адмовіў ва ўзбуджэньні крымінальнай справы. Пасля гэтага прыслалі новую праверку, па вынікам якой была ўзбуджана крымінальная справа. Ёю займаўся сьледчы Яраш. У выніку сьледства Ярашам справа была спынена, бо адсутнічаў склад злачынства, справу забралі, а Яраша пакаралі і пазбавілі гадавой прэміі.
Пасьля гэтага справу перадалі сьледчаму Басенку. На яго сьледчых ціснулі супрацоўнікі пракуратуры Менску Ліньнік і Шульга. У працы ТАА «Трэйс» ня было ніякіх парушэнняў, і каб знайсці хоць якія падставы, КДБ была распрацавана наступная схема. У 1997 годзе Лукашэнкам быў выданы ўказ аб перарэгістрацыі суб’ектаў гаспадараньня. Фрунзенскі райвыканкам г.Менску адмовіўся перарэгістроўваць ТАА «Трэйс». Згодна з заканадаўствам так нельга было рабіць, бо фірма «Трэйс» працавала i ў ёй было болей за 150 супрацоўнікаў. У сакавіку і лістападзе 1994 года фірма атрымала крэдыты і, працуючы, сплочвала іх.
ТАА «Трэйс» атрымала крэдыты ў банку “Беларусь” і БелПромСтройБанк, агульнай сумай 700 000 даляраў ЗША. На час перарэгістрацыі 1997 году фірма «Трэйс» выплацілі больш 200 000 даляраў ЗША і працягвала плаціць далей. Банкі праз нейкі час перасталі прымаць грошы, а пазней сталі вяртаць грошы, каб была падстава ўзбудзіць крымінальную справу. Гэтыя доказы нейкім цудам зьніклі з актаў справы. Вось такімі шляхамі была зроблена нявыплата крэдыту, каб была магчымасць мяне арыштаваць. Я вымушаны быў уцякаць за мяжу, бо бачыў, што няма сэнсу дабівацца справядлівасьці ў Беларусі, дзе не працуюць законы.
На працягу гэтых гадоў хто-небудзь выступаў у вашую абарону? Ці Вы змагаецеся за сябе самастойна?
На працягу 1999-2001 гадоў у маю падтрымку выступаў Малады Фронт. Былі лісты ад праваабаронцаў. Быў ліст-зварот ад палітычных і грамадскіх лідараў Беларусі, ад Народнага Руху Украіны.
Падтрымоўвалі польскія журналісты і праваабаронцы. Калі пачалася другая справа на падставе фальшаваных перакладаў, то я бараніўся сам, бо ўжо самастойна вывучыў польскае заканадаўства. Я апеляваў на тыя паперы якія меў, якія мне раней даслалі прадстаўнікі беларускай апазіцыі, зараз высвятляецца, што гэтыя паперы дзіўным чынам адсутнічаюць у актах справы. Затое ў справе прысутнічалі розныя фальшыўкі, якія павінны даказаць маю віну.
Адвакат Юзаф Марцінкевіч (Józef Marcinkiewicz), які прадстаўляе Беларусьбанк прадставіў фальшывую паперу ад імя банку, а перакладчыкі прадставілі паперу, дзе дзіўным чынам узніклі адрасы і тэлефоны сведкаў, якіх не было ў арыгінале.
У маёй справе раптам узнік “сьведка” з Латвіі Андрэй Кузін, з якім я ніколі ня быў знаёмы і які заяўляе, што мы сустракаліся і робіць розныя абвінавачваньні на мой адрас.
Зараз, дзякуючы журналістам, мая справа зноў стала на слыху. У Варшаве было некалькі пікетаў у маю падтрымку. Малады Фронт і БХД зьвярталіся ў амбасаду Польшчы ў Менску, да Генэральнага Пракурора і міністра юстыцыі Польшчы. На жаль, у адказ пакуль былі толькі адпіскі пра справядлівы і незалежны суд у Беластоку.
Шмат беларусаў у Польшчы знаходзяцца ў падобнай сітуацыі ці былі ўжо выпадкі, што Польшча выдавала беларусаў, якія пераследваюцца ў Беларусі?
Дакладных лічбаў я не магу сказаць, бо яны зачыненыя, але ведаю пра парушэнні ў справах беларускіх уцекачоў. На слыху толькі гучныя справы. Вядомая справа былога супрацоўніка МУС Андрэя Пыжыка, які адмовіўся сфабрыкаваць крымінальную справу супраць дзеяча апазіцыі. Ён да гэтага часу не атрымаў статусу палітычнага ўцекача. Ёсць людзі якія знаходзяцца ў працэдуры не адзін год і ім не даюць статус. І я кажу пра людзей, якія сапраўды займаліся і займаюцца беларускай справай. Важна, каб пра гэтых людзей не забывалі, каб была беларуская салідарнасць. Улады Польшчы павінны больш уважліва ставіцца да тых, хто прыязджае з Беларусі, і зразумець, што ў Беларусі няма незалежнага і справядлівага суду, як гэта сцвярджаюць судзьдзя Шыманьскі і пракурор Сьліўскі з Беластоку.