Зараз патрэбны рэальныя крокі
“Скандал выкліканы арыштам Алеся Бяляцкага, набыў вялікі розгалас у Беларусі, Літве і цэлым свеце. Грамадскія арганізацыі, дэпутаты і ўрады выказваюць занепакоенасць крокам уладаў Літвы, якія супрацоўнічаюць са спецслужбамі Беларусі.
Толькі зараз урад Літвы пачаў праверку выпадку перадачы беларускім спецслужбам інфармацыі пра фінансавыя рахункі прадстаўнікоў апазіцыі, хаця Міністэрства Юстыцыі Літвы перадало іх ажно ў сакавіку.
Учора была заява МЗС Польшчы, дзе польскі бок асуджае затрыманне беларускага праваабаронцы Алеся Бяляцкага і мае намер заклікаць партнёраў па Еўрасаюзу прыняць меры, якія гарантуюць бяспеку актывістам грамадзянскай супольнасці Беларусі. Польскае МЗС абяцае заклікаць партнёраў па ЕС зрабіць эфектыўныя крокі, якія б гарантавалі бяспеку прадстаўнікам беларускай грамадзянскай супольнасці, вымушаным дзейнічаць дзеля дэмакратыі ў Беларусі за яе межамі.
У гэты самы час у Польшчы не спыняецца судовы пераслед актывіста беларускай апазіцыі Андрэя Жукаўца. З боку беларускіх арганізацый і партый былі неаднаразовыя звароты да Міністра Юстыцыі і Генеральнага Пракурора Польшчы, якія прасілі ўзяць справу Андрэя Жукаўца пад асабісты кантроль. Сёння мы чарговы раз звяртаемся да шаноўных спадароў Міністра Юстыцыі і Генеральнага Пракурор Польшчы:
Звяртаем увагу на тое, што сітуацыя са справай Андрэя Жукаўца аналагічная пытанню аб выдачы літоўскім урадам рахункаў 400 грамадзян Беларусі. Лічым, што ў выніку дзеянняў польскіх судовых уладаў паводле аналагічнай дамовы пра прававую дапамогу з Беларуссю, парушаюцца польскія законы, законы ЕС і Еўрапейская канвенцыя правоў чалавека. Ці можа зноў паўторыцца сітуацыя як з Алесем Бяляцкім, калі клеркі выдаюць, а міністры апраўдваюцца? Мы дзякуем кіраўнікам Польскага ўрада за дэкларацыі аб салідарнасці, але зараз патрэбны рэальныя крокі.
Мы заклікаем польскія ўлады і ўсю міжнародную супольнасць не выдаваць беларускім уладам, людзей якія хочуць атрымаць статус палітычных эмігрантаў. Усе міжнародныя праваабарончыя арганізацыі заяўляюць, што людзі ў беларускіх турмах знаходзяцца ў бесчалавечных умовах, суды палітычна матываваныя і не празрыстыя. Таму, мы лічым, што нельга ісці на выдачу ўцекачоў і перадачу людзей, якія знаходзяцца пад пераследам, пакуль у Беларусі не выконваюцца законы, не дзейнічае міжнароднае права”.