Міф пра снайпера
Апошнім часам у лексіконе беларускай апазіцыйнай субкультуры з’явілася новае слова, дакланей, новая абрэвіятура – ШОС, якую нязгодныя з рэжымам расшыфроўфаюць як «шоб он сел» ці нават яшчэ менш гуманна.
Гэтая абрэвіятура ёсць лагічным працягам ці адной з праяваў таго, што мы б азначылі як «міф пра снайпера». Нагадаем: яшчэ ў сярэдзіне дзевяностых гадоў у апазіцыйна-патрыятычным асяродку беларусаў з’явіўся папулярны жарт: «Беларусь уратуе толькі снайпер». Жарт быў звязаны з тым, што мноства праблем і заганаў беларускай сістэмы нібыта можна растлумачыць адной прычынай, прычым гэтая прычына – асоба: Прэзідэнт РБ А. Лукашэнка.
З’явілася нават песня «Вып’ем за снайпера». Я пачула яе толькі ў канцы «нулявых» і з дыску, але тут жа ўявіла сабе цёплае сяброўскае кола спадароў-адраджэнцаў, старых і маладых, якія весела спяваюць «Хай толькі дзень такі выдасца хай толькі… Вып’ем за снайпера, але, за снайпера…».
Яно гучыць весела. І анекдот весела расказваўся, а часам і ілюстраваўся такімі кур’ёзамі, як крык некага з натоўпу падчас матчу па біятлону, калі біятланісты са стрэльбамі за плячыма імчаліся ў напрамку той трыбуны дзе быў Лукашэнка: «Хлопцы, не прамахніцеся!» (пра гэты выпадак распавядаў сябар). Яно і смешна, але…
За смехам мы забываемся, наколькі ганебным для нацыі ёсць змест гэтага самага «міфу пра снайпера».
Міф пра снайпера ёсць толькі адным бокам медалю; на другім баку – міф пра «бацьку». І тое, і іншае перакладае адказнасць за краіну на аднаго чалавека – на Лукашэнку. Такім чынам, роля народа, роля мноства асобаў, з якіх складаецца беларускі народ, – нівеліруецца. Уся адказансць перакладаецца на першую асобу, якой наканавана ўвасабляць сістэму – няважна, у якім кантэксце, ці то ў кантэксце спеваў пра беларускую стабільнасць (вобраза руплівага нязамяняльнага прэзідэнта-гаспадара), ці то ў кантэксце ненавіснай дыктатуры (дэманізаваны вобраз тырана – увасаблення крывавага рэжыму). Такім чынам, міф пра снайпера, стрэл якога нібыта можа вырашыць усе асноўныя праблемы, небяспечны хаця б таму, што ён быццам бы здымае з кожнага з нас адказнасць за сваю краіну. Ствараецца вобраз народа як пасіўнага статка, які дазваляе павесці сабе куды-заўгодна – і гэтак жа сама пасіўна чакае «вызваліцеля». Гэты вобраз пагражае матэрыялізавацца пад мудра-суцяшальныя выказванні кшталту: «Ну, Лукашэнка ж не вечны…».
У гэтым ШОС дый жарт пра снайпера парадаксальна сыходзяцца з афіцыйна-народным міфам пра незамяняльнага «бацьку»: і там, і там за Лукашэнкам не аспрэчваецца цэнтральная роля ў жыцці грамадства. Канцэпт «ён» («Он») змяшчаецца у цэнтры абрэвіятуры ШОС… Такім чынам, мы самі не заўважаем, як апрыоры згаджаемся з ягонай ключавой роляй. Мы самі адводзім яму найбольш пачэснае месца.
Проціяддзем тут можа служыць як мінімум простае ўсведамленне, што дыктатуры не ўзнікаюць выпадкова. Калі ўсталяваўся дыктарарскі рэжым, значыць, у пэўны момант народ аказаўся гатовым яго прыняць. Ніводная дыктатура не можа існаваць без падтрымкі (хаця б і пасіўнай) вельмі вялікай часткі насельніцтва. Таму замест міфаў і падманліва-простых спосабаў рашэння праблемы варта задацца пытаннем: чаму ўзнікла дыктатура? Чаму мы апынуліся ў стане гатоўнасці да дыктатарскага рэжыму? Якія псіхалагічныя, сацыялагічныя, эканаімічныя, адукацыйныя і, нарэшце, духоўныя фактары да гэтага прывялі? А таксама – у чым асабістая віна кожнага ці амаль кожнага з нас (бо, бадай, усе мы у нейкія моманты свайго жыцця падтрымлівалі лукашэнкаўскі рэжым, хаця б і пасіўна).
Да таго ж, міф пра снайпера, як і абрэвіятура «ШОС», маюць у сабе яшчэ больш сур’ёзную небяспеку – яны напаўняюць змаганне негатыўным настроем замест пазітыўнага. Атрымліваецца змаганне «супраць» (супраць Лукашэнкі) замест змагання «за» (свабоду, праўду, дэмакратыю і г.д.). Такім чынам, у цэнтры ўвагі аказваецца ўжо не свабода і дэмакратыя (ці, скажам, заможнае жыццё), а ўсё той жа «ён» – дэманізаваны вобраз дыктатара.
Згаджуся, у «адмоўным» пратэсце (у барацьбе хутчэй «супраць», чым «за») ёсць і некаторыя плюсы. Напрыклад, магчымасць аб’яднання людзей самых розных поглядаў і перакананняў, у якіх агульным можа аказацца толькі адно: непрыяцце рэжыму Лукашэнкі. Да таго ж, некаторая нявызначанасць арыентыраў і ідэалаў, неаформлленасць канкрэтных праектаў, – дае пэўную творчую прастору. Але разам з тым, незадаволенасць мае быць толькі адпраўным пунктам. На адмоўных эмоцыях, на дамінаванні, як зараз модна казаць, «негатыву», – цяжка выбудаваць стратэгію пазітыўных зменаў у будучыні.
Зацыкленасць на «негатыве» можа прыводзіць і да генерацыі адмоўных эмоцый, такіх як нянавісць, прага да помсты і г.д. Негатыўныя эмоцыі ў адносінах да дыктатарскага рэжыму – гэта яшчэ не экстрэмізм; але гэта варта рабіць аб’ектам самакантролю, каб не стаць ахвярай свайго ўласнага разбуральнага патэнцыялу.
Канешне, гнеў – гэта нармалёвая рэакцыя на гвалт і несправядлівасць у гэтым свеце, і ён можа надаваць нядрэнны імпульс змагання са злом. Але нельга, каб адмоўныя эмоцыі рабіліся дамінантай. Дамінаванне адмоўных эмоцыяў, нянавісці і гневу – гэта якраз тое, што бывае выгадна дыктатарскім рэжымам… Гэта дае падставу прадставіць пратэстоўцаў як разбуральнікаў-экстрэмістаў і апраўдвае прымяненне сілы. Менавіта таму экстрэмісцкія рухі ў краіне – падарунак для дыктатара; і ў гэтым Мубарэку ці Кадафі пашчасціла больш, чым Лукашэнку, агентам якога прыходзіцца прыкладаць шмат фантазіі, каб прадставіць «апазіцыянераў» у вобразе экстрэмістаў. Можна меркаваць, што адзін з прараўнаўча нядаўных «шэдэўраў» БТ «Площадь: железом по стеклу» (неяк перайменаваны ў інтэрнэце ў «Дубінай па галаве») – гэта не толькі паклёп; гэта – выдача жаданага за дзейснае. Бо менавіта такімі ўлады хацелі бы бачыць пратэстоўцаў: нешматлікімі, прадажнымі і, галоўнае, небяспечнымі для грамадства. Тое бы забяспечвала ўлады жаданым маральным правам на прымяненне сілы. Таму варта не толькі смяяцца з відэасюжэтаў БТшнага жанру, але і паводзіць сабе так, каб мара ўладаў пра агрэсіўную апазіцыю засталася нязбытнай.
Міфы пра снайпераў жа, надварот, спрыяюць рэалізацыі гэтай мары… хаця б у віртуальнай прасторы думак і ідэяў. А хрысціяне ведаюць, што тое, што адбываецца ў віртуальнай прасторы, нельга пакідаць без увагі. Бо думкі і словы ўплываюць на стан душы, – дый з’явы ў віртуальнай прасторы часам потым «матэрыялізуюцца».
Але ўсё ж у кантэксце ШОСаў ці міфаў пра снайпераў у нас пакуль што ёсць адна рэч, якая дае нагоду для радасці і гонару за нашую краіну. Мы можам ганарыцца тым, што за сямнаццаць гадоў дыктатуры ніводны беларус не паспрабаваў зрабіць ганебны міф пра снайпера рэальнасцю…
«Як, – здзіўлена пытаецца ў мяне пажылы паважны спадар з Прыднястроўя, – на яго (Лукашэнку) не было замахаў?»
Прыемна адказваць на такія пытанні. Гэтак жа сама прыемна тлумачыць людзям, што ў нас у Беларусі сапраўды няма такой апазіцыі, якая магла б учыніць тэракт ў метро… Нарэшце, калі з экрану БТ ільецца чарговая порцыя паклёпніцкай дэзінфамацыі, – можна парадавацца таму, што гэта менавіта дэзінфармацыя, што рэжыму прыходзіцца прыдумваць казкі пра экстрэмістаў, бо ў нас, нягледзячы на ўсе ўмовы для злосці й раздражнення, рэалізуецца сапраўдны негвалтоўны супраціў, амаль па Гандзі. Можа, калі будзе не «амаль», калі дадасца і ўласцівы Гандзі баявы дух і экстрэмальная гатоўнасць да рызыкі, і, з другога боку, ягоная павага да апанентаў і адмова ад іх маральнага вынішчэння, – тады нават і пераможам…