Сонечныя кадры акупацыі

14 верасня 2011 15:34  |  Блог Маргарыты Тарайкевіч

382.jpg (800×530)

 

240.jpg (800×583)

 

522.jpg (800×529)

 

Паглядзім на гэтыя фатаграфіі. Чаму выстава падобных фатаграфій выклікала скандал у Францыі?

 

Гэта фатаграфіі Францыі часоў нямецкай акупацыі, зробленыя для нямецкага часопіса «Сігнал». На фота – санечныя чыстыя вуліцы і людзі, якія адпачываюць разнастайным чынам; добра апранутыя жанчыны і мужчыны; шчаслівыя закаханыя; жыццяраданыя мяснікі; дый, канешне ж, саладаты ў нямецкіх касках і адпаведныя сцягі…

 

462.jpg (800×598)

 

Як бачым, усё санечна, прыгожа, дабрабытна… Ледзьве не хочацца дадаць «стабільна», але збаюся непрыдатнае аналогіі.

 

Адзін з аўтараў лічыць, што французаў узрушыла неадпаведнасць паміж прыгажосцю бесклапотных кадраў і гераічнай легендай пра акупацыйныя часы і la Resistance – Супраціў.

 

Мажліва, гэта і не так; мажліва, людзей абурыла тое, што выстава можа прапагандаваць фашызм. Зррэшты, лагічна – здымкі ж зробленыя для нямецкай газеты. Не здзівілася б, калі б пабачыла нешта падобнае, знятае ў акупацыйныя гады на шматпакутнай беларускай змялі. Здымак – каварная зброя для недобрасумленнага прапагандыста; можна засняць некалькі праўдзівых прыгожых ці агідных кадраў і заўпэўніць наіўнага гледача, што і паўсюль было так жа гожа.  

 

Але што праўда, ёсць міф пра Францыю, якая усім сваім нацыянальным духам не скарылася акупантам – і ёсць рэчаіснасць, якая сведчыць, што Францыя ў агульным нядрэнна жыла пад акупантамі. Такога жаху, як, напрыклад, на Беларусі, там не было. Дакладней, не было тых маштабаў – такой колькасці спаленых вёсак, катаваных і забітых людзей, такіх разбурэнняў (увогулле, французскія гарады больш бамбілі саюзныя войскі, чымсі немцы). Большасць людзей жыла сваім нармалёвым паўсядзённым жыццём. І тое, што прадстаўлена на здымках, – у пырнцыпе, гэта праўда. Хаця і не ўся.

 

Але ці зневажае гэтая праўда вобраз Супраціву?

 

Не, не зневажае. Насуперак, – узвышае і… удакладняе.

 

Бо бывае гераізм у сітуацыі, калі зямля гарыць, калі блізкім пагражае смерць. А бывае свядомая рызыка у сітуацыі, калі чалавеку і яго блізкім непасрэдна нічога не пагражае (ва ўсялякім разе, так ЗДАЕЦЦА…), калі ёсць магчымасць працягваць звыклае паўсядзённае жыццё, – толькі вось брыдка працягваць жыць як раней, калі ўрад краіны пабраўся з акупантамі, калі вынішчаюць яўрэяў…

 

2013.jpg (800×627)

 

Колькі чалавек увогулле бралі ўдзел у Супраціве? Французская Вікіпедыя бясстрасна сцвярджае: каля трох працэнтаў. Здаецца, не болей.

 

Сціпла? Але паказальна – як колькасць людзей, гатовых змагацца ў сітуацыі, калі іх да гэтага, падаецца, ніхто і нішто не змушае. У сітуацыі, калі яны маглі бы жыць ледзьве не тым жыццём, якое прадстаўлена на здымках, зробленых для нямецкага часопіса.

 

Але па-за гэтымі здымкамі можна пачуць голас, які раздаваўся са старонак падпольнага выдання:

 

“Супраціўляцца! Гэты крык ірвецца з вашых сэрцаў, з глыбіні адчаю, у які акунуў вас разгром радзімы. Гэта крык усіх няскораных, усіх, хто імкнецца выканаць свой абавязак.

Але вы адчуваеце сабе раз’яднанымі і бяззбройнымі, у хаасе ідэй, меркаванняў і сістэм вы шукаеце, у чым ваш абавязак. Супраціўляцца – гэта ўжо значыць зберагчы сваё сэрца і свае мазгі. Але найперш гэта – дзейнічаць, рабіць нешта, што выражаецца ў пазітыўных справах, разумных і каштоўных учынках… Яшчэ ўчора незнаёмыя адзін з адным, ніколі раней не браўшы ўдзелу ў палітычнай барацьбе ні ў Сенаце, ні ва Ўрадзе, незалежныя, простыя французы… мы ўсе маем толькі адно памкненне, адзіную прагу, адзінае жаданне: адрадзіць Францыю чыстую і свабодную…». (Газета «Resistance», 15 снежня 1940 г.).

 

…У дні Плошчы 2006 года можна было б прайсціся па вуліцах, па грамадскіх месцах, і сфатаграфаваць – пажадана ў сонечнае надвор’е – людзей, якія проста йдуць па сваіх справах ці забаўляюцца (ці сядзяць сабе на лекцыях, не лічачы патрэбным выходзіць на несанкцыянаваны мітынг, як аўтарка гэтага тэксту ў той перыяд свайго жыцця). І сказаць: во, гэта ўсё заходнія СМІ раздуваюць, а насамрэч нічога асаблівага ў тыя часы ў краіне не адбывалася.

 

А калі ў адзін альбом пакласці фатаграфіі «звычайнага» жыцця Мінска ў сакавіку 2006 года, а ў другі – фатаграфіі з Плошчы, то кожны з альбомаў будзе выяўляць праўду, але не ўсю.

 

Бліжэй да ісціны можна падысці, калі злучыць абедзьве «падборкі»…

 

Прыгожанькія кадры акупацыйнай Францыі толькі падкрэсліваюць подзьвіг людзей, якія сказалі «НЕ!» дабрабыту, спалучанаму з нацыянальнай ганьбай.

 

257.jpg (800×542)

Болей навін