Хрысьціяне-баптысты Берасьця рыхтуюцца адзначыць 90-годьдзе (фота)
Берасьцейская эвангельская царква хрысьціянаў-баптыстаў “Збаўленьне” арганізуе сьвяточныя мерапрыемствы з нагоды 15-годьдзя свайго заснаваньня, а таксама 90-годьдзя першай багаслужбы хрысьціянаў-баптыстаў на Берасьцейшчыне.
Гэтае сьвята будзе адзначацца 25 верасьня ў 9 гадзінаў у берасьцейскім ДК Прафсаюзаў. Як распавёў каардынатар стваранай партыі БХД па Берасьцю Алесь Чаркашын, гэта вельмі значная падзея для хрысьціянаў-баптыстаў Берасьця.
“Больш за 2000 год таму, Бог наш Ісус Хрыстос, заснаваў на зямлі Сваю царкву. Коштам Свайго ўласнага жыцьця Ён выкупіў нас ад граху і падарыў нам жыцьцё вечнае. Гэтае Дабравесьце, пачынаючы ад Апосталаў неслі ўсе вучні Хрыста, сёньня і мы намагаемся данесьці гэтую навіну да кожнага берасьцейца. Навіну – якая ўжо зьмяніла сотні сэрцаў і лад жыцьця людзей. Чакаецца, што ў ДК прыйдзе ня меней як тысяча чалавек. Сьвята мае назву “Галінка старога дрэва”, што паказвае пераемнасьць сёньняшняй царквы “Збаўленьне” ад нашых продкаў, якія адраджалі эвангельскае хрысьціянства на Берасьцейшчыне 90 гадоў таму”, – кажа Алесь Чаркашын.
Менавіта 90 гадоў таму, у 1921 году адбыліся адныя зь першых хростаў эвангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў у Берасьці, а таксама прайшлі першыя набажэнствы. Адзін зь першых зафіксаваных хростаў адбыўся ў доме берасьцейца Арцёма Мухі 21 жніўня 1921 года. Першае ж вядомае сёньня набажэнства адбылося ў доме Якава Барысюка ў Берасьці ў студзені 1921 года.
Вядома, таксама, што сярод першых берасьцейскіх місіянэраў быў і адзін зь дзеячоў БНР Лукаш Дзекуць-Малей. Жыцьцё Лукаша Дзекуць-Малея дасьледаваў берасьцейскі гісторык-краязнаўца Ігар Бараноўскі:
“Са сьнежня 1921 года Лукаш Дзекуць-Малей жыў у Берасьці, стварыў тут першую баптыскую грамаду і пабудаваў першы малітоўны дом. Яго актыўная місіянэрская дзейнасьць ахоплівала многія гарады і вёскі Заходняй Беларусі, а сам Дзекуць-Малей стаў прызнаным лідарам беларускага эвангельскага руху. У Берасьці ён арганізаваў курсы для ліквідацыі непісьменнасьці, агульнаасьветныя, прафэсійныя, а таксама курсы рэгентаў хораў, настаўнікаў нядзельных школ. На арганізаваныя ім курсы прапаведнікаў прыязджалі сусьветна вядомыя біблеісты. Дзеля апекі над занядбанымі дзецьмі і сіротамі заснаваў у Берасьці дзіцячы прытулак.
У 1920 годзе Лукаш Дзекуць-Малей выступіў з ініцыятывай перакладу на сучасную беларускую мову Бібліі. Ён пераклаў чатыры Эвангельлі і выдаў іх асобнымі кніжкамі ў 1927 годзе ў Лодзі. У 1931 годзе ён выдаў накладам 25 тысячаў асобнікаў “Новы Запавет Госпада нашага Ісуса Хрыста і Псальмы”, які падрыхтаваў сумесна зь вядомым беларускім дзеячам Антонам Луцкевічам. Гэта было першае беларускамоўнае выданьне Новага Запавету і Псальмаў, якое мела чатыры перавыданьні і якім вернікі розных канфесіяў карыстаюцца і сёньня,” – распавёў Ігар Бараноўскі.