Павел Севярынец: Трэба рыхтавацца да горшага, і тады ўсё лепшае будзе ўспрымацца як сюрпрыз
— Як жывецца? — усміхаецца суразмоўца. — Вось закончыў працоўны дзень, зараз сяджу ў альтанцы з кіраўнікамі выбарчых штабоў па Брэсцкай вобласці экс-кандыдатаў у прэзідэнты Мікалая Статкевіча, Дзмітрыя Усса і Віталя Рымашэўскага.
— Некалькі гадоў таму вы ўжо адбывалі пакаранне на “хіміі” ў вёсцы Малое Сітна, што ў Віцебскай вобласці. Ці моцнае адрозненне?
— Адрозніваецца. У Малым Сітне знаходзіўся філіял, і там было забаронена выходзіць за межы вёскі. А тут нельга выходзіць за межы камендатуры, таму ў гэтым плане абмежаванняў больш. Але, з іншага боку, на Віцебшчыне назіраўся ўсеагульны алкагалізм, а Куплін усё-такі — Заходняя Беларусь. Тут больш веры, больш беларускасці, больш імкнення ў людзей да лепшага жыцця.
— Да працы прызвычаіліся?
— Так, працую ў гаспадарцы “Бардо”, у мае абавязкі ўваходзіць улік і выдача аўтазапчастак. Стараюся асвоіць.
— Складана?
— Інжынерная адукацыя ў мяне ёсць, хоць машыны сваёй і не было. Таму даводзіцца нейкім чынам прыстасоўвацца. Зрэшты, складаней за ўсё не гэта, а тое, што ты знаходзішся ў стане абмежаванай волі і не можаш дапамагчы тым людзям, якія разлічваюць на тваю дапамогу.
— Ведаю, што кіраўнік гаспадаркі хваліць вас як работніка.
— Паліткарэктнае кіраўніцтва. (Смяецца.)
— З мясцовым насельніцтвам ужо пазнаёміліся?
— Безумоўна. Пры гэтым вельмі шмат людзей прыязджаюць да мяне з навакольных вёсак, мястэчак, з саміх Пружанаў і Брэстчыны. Вельмі багата народу, наведваюць літаральна штодня! І не толькі наведваюць, але і шмат прывозяць з сабой прадуктаў, большую частку якіх, каб не папсаваліся, даводзіцца проста раздаваць. Нясуць нават тое, чаго ні разу ў жыцці не каштаваў. Так што фінансавы крызіс абышоў мяне бокам.
— А адкуль пра вас даведваюцца?
— Хтосьці праз газеты, нехта праз інтэрнэт… Скажу вам, што ў адрозненне ад Малога Сітна эпоха інтэрнэта прыйшла ў беларускую глыбінку, і тут без гэтага некаторыя проста не могуць уявіць і грамадскае жыццё, і інфармацыю наогул.
— Чым займаецеся ў вольны час?
— Пішу, сустракаюся з людзьмі, чытаю Біблію… Вольны час у мяне з 17.00 да 22.00, але, шчыра скажу, яго не хапае. Вось нядаўна мне прывезлі цэлую бібліятэчку кніг.
— Мікалай Статкевіч, калі апошні раз быў на “хіміі”, актыўна займаўся спортам…
— У мае заняткі спортам уваходзіць пад’ём цяжкіх запчастак. Калі разгрузіш іх на складзе, то пэўную фізічную нагрузку і так атрымліваеш. Ды і на перакладзіне час ад часу падцягваюся.
— Царкву ж таксама наведваеце?
— Кожную нядзелю бываю ў Спаса-Прэабражэнскім саборы ў Пружанах. Дарэчы, з адным святаром з гэтай царквы, айцом Сергіем, мы пазнаёміліся праз сацыяльныя сеткі ў інтэрнэце яшчэ да таго, як я быў асуджаны.
— Сочыце за тым, што адбываецца ў краіне?
— Так, праз інтэрнэт у мабільным тэлефоне. А вось ноўтбукамі карыстацца забаронена.
— Як паставіліся да таго, што многія палітзняволеныя ўжо аказаліся на свабодзе?
— Тое, што людзі выходзяць на волю, — добра. Хоць мне цяжка меркаваць, наколькі гэта завязана на гандаль з еўрапейцамі і абмен закладнікаў. Але падаецца, што беларускія ўлады пайшлі на такія вымушаныя крокі пад міжнародным ціскам.
— Верыце, што і самі выйдзеце на волю раней часу?
— Ведаеце, трэба заўсёды рыхтавацца да горшага, і тады ўсё лепшае будзе ўспрымацца як сюрпрыз.