Павал Севярынец адмовіўся прызнаць віну ўзамен на перавод у Віцебск
«Кажуць, адну паперку падпішыце — і паедзеце да хаты. Я не пагадзіўся. Тады прапанавалі павініцца хаця б на словах, перад гэтак званай радай выхавацеляў. Але я ўсё роўна не пагадзіўся. Навошта? Калі я ў КДБ не прызнаваў сябе вінаватым на допытах, чаму тут буду вініцца? Людзі і ў горшых умовах трымаюцца. Сказаў: не».
Павал Севярынец працуе на складзе аўтазапчастак ў фэрмэрскай гаспадарцы «Бардо»: прымае і выдае запчасткі, афармляе на іх дакумэнты. Працоўнае месца палітвязьня — у вялікім ангары, дзе раней знаходзіліся танкі савецкай танкавай дывізіі. «Зараз усё халадней, але праца не дае замерзнуць», — кажа Севярынец.
Па суботах ці нядзелях да вязьня прыяжджаюць госьці, зь якімі ён сустракаецца ў альтанцы перад камэндатурай: «Вось і сёньня абяцалі прыехаць мае адзінадумцы зь Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі».
Наста Палажанка: «Дакладна пра ўмовы ён нічога ня піша, і нам нічога высьветліць не ўдалося. Але галоўнае, што ён ня скардзіцца, гэта крыху супакойвае».
У наступным месяцы бацька Зьмітра плянуе сустрэцца зь ім у турме — яму мусяць даць кароткае і доўгае спатканьні. Наста Палажанка кажа, што спатканьні яны разьмяжуюць па часе, каб было больш карысна Зьмітру.