Рымашэўскі: давяраць заявам Лукашэнкі ня варта
“Практыка жыцця ў Беларусі паказвае, што давяраць заявам Лукашэнкі ня варта. Калі ён сказаў, што змены ў выбарчае заканадаўства не будуць уносіцца – гэта яшчэ нічога не значыць. Ёсць інструменты, якія дазваляюць уплываць на заканадаўства і ўладу. Цяпер усе апазіцыйныя сілы мусяць аб’яднацца і паспрабаваць такіх зменаў дамагчыся”
Пра гэта ў інтэрв’ю сайт ОДС заявіў экс-кандыдат у прэзідэнты, сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі, каментуючы словы кіраўніка дзяржавы аб тым, што змяненняў у працы выбарчых камісій і Цэнтрвыбаркаму перад парламенцкімі выбарамі-2012 не будзе. “Калі ж улада застанецца глухая да нашых патрабаванняў, то сэнсу ўдзельнічаць у гэтых выбарах я не бачу. У такім выпадку трэба праводзіць актыўную кампанію байкоту выбараў. Адзіным фронтам. Усёй апазіцыяй”, – кажа Віталь Рымашэўскі.
Зміцер Ус, экс-кандыдат у прэзідэнты:
– Калі нейкія апазіцыйныя партыі будуць удзельнічаць у парламенцкіх выбарах па існым выбарчым заканадаўстве, то яны проста выставяць сябе блазнамі, якія выступаюць у шоў імя Аляксандра Лукашэнкі.
Выбарчае заканадаўства, якое маецца на гэты момант, дазваляе прэзідэнту прызначаць дэпутатаў. Да выбараў тое, што адбываецца і адбывалася ў Беларусі, не мае ніякага дачынення. Камісіі сфармаваны выканаўчай уладай, якая і піша выніковыя пратаколы. У Лукашэнкі ёсць спіс з 110 дэпутатаў, які ён дасць адміністрацыям раёнаў, а тыя паслужліва выканаюць яго даручэнне. На такіх умовах я, вядома, вылучацца не буду.
Але! Ёсць Канстытуцыя, якая дазваляе сабраць 50 тысяч подпісаў і паспрабаваць унесці змены ў Выбарчы кодэкс. Думаю, мы збярэм нашмат больш! Незалежна ад прэзідэнта і Нацыянальнага сходу. Кампанію я планую пачаць у студзені.
Аляксей Янукевіч, старшыня БНФ:
– Канкрэтнае рашэнне аб удзеле ў выбарах або аб іх байкоце будзе прынята пазней, бліжэй да даты саміх выбараў. Тут будуць важныя многія моманты: ці выпусцяць палітвязняў, ці будуць змены ў заканадаўстве і якія будуць настроі ў грамадстве.
У выпадку, калі ў параўнанні з сённяшняй сітуацыяй пазітыўных змен не будзе, лепшае рашэнне для апазіцыі – актыўны байкот. Асабліва важна, каб такі байкот падтрымалі ўсе без выключэння апазіцыйныя сілы і каб людзі ведалі прычыны, па якіх мы ў выбарах не ўдзельнічаем і якія патрабаванні высоўваем. Ня варта забываць, што на дадзены момант асноўныя праблемы, якія цікавяць людзей, знаходзяцца ў эканамічнай прасторы і на іх рашэнні трэба рабіць асноўны націск.
Анатоль Лябедзька, старшыня АГП:
– У выбарах мы ўдзельнічаць будзем у любым выпадку. Ці будзем мы вылучаць кандыдатаў ці байкатаваць парламенцкія выбары? Залежыць ад таго, у якіх умовах будзе праходзіць выбарчая кампанія. З 1995 года ў нас выбары замяніліся прызначэннямі. Калі сітуацыя не ссунецца з гэтай мёртвай кропкі, то вялікая верагоднасць, што большасць палітычных суб’ектаў абяруць байкот.
Зараз вельмі важна выбудаваць адносіны з БДІПЧ АБСЕ. Прэзентаваць ім сваю пазіцыю па выбарах і пачуць зваротную рэакцыю.