БХД узяла ўдзел у абмеркаванні рэпрэсіўных паправак у заканадаўства
27 кастрычніка лідэры арганізацыяў дэмакратычнай апазіцыі абмеркавалі з прадстаўнікамі правабарончай супольнасці змест апошніх рэпрэсіўных паправак да заканадаўства. Прадметам размовы сталі змены ў заканадаўства пра масавыя акцыі, ў заканадаўства аб замежнай дапамозе, адказнасць за яго парушэнне, а таксама змены, што былі прапанаваныя ў заканадаўства аб органах дзяржаўнай бяспекі.
Прадстаўнікі Праваабарончага цэнтру “Вясна”, Камітэту “Салідарнасць”, Цэнтру прававой трансфармацыі, Цэнтра па правах чалавека азнаёмілі лідэраў дэмакратычнай апазіцыі з узгодненай ацэнкай праваабарронцамі тых пагрозаў, якія нясуць новыя законы. Асаблівая ўвага была звернутая на тое, што гэтыя рэпрэсіўныя змены закрануць не толькі грамадзянскую супольнасць, але стануць падставай для сістэмнага і значнага абмежавання правоў усіх грамадзянаў Беларусі як ў грамадска-палітычнай, так і ў сацыяльна-эканамічнай сфере.
З боку палітычных арганізацый у кансультацыях прынялі ўдзел прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Партыі БНФ, Партыі “Справядлівы Свет”, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі і Руху “За свабоду”. Гэтыя палітычныя суб’екты ўжо далучыліся да заяваў, якія былі накіраваныя няўрадавымі арганізацыямі ў канстытуцыйны суд з патрабаваннем скарыстаць механізмы папярэдняга канстытуцыйнага кантролю дзеля недапушчэньня легалізацыі ў заканадаўстве тых практыкаў, што звязаныя з парушэннямі канстытуцыйных правоў грамадзянаў.
– Падчас сустрэчы праваабаронцы распавялі пра асаблівасці гэтага закону («Аб органах дзяржбяспекі»), яго новыя акалічнасці. Таксама адбылося абмеркаванне, якім чынам некаторыя моманты з гэтага закона магчыма «абыходзіць», ды быў праведзены мазгавы штурм, падчас якога ўдзельнікі падзяліліся ідэямі, што можна зрабіць у сітуацыі, калі закон усё ж зацвердзяць, – распавёў «Салідарнасці» адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі, які прысутнічаў на сустрэчы.
Па словах Садоўскага, абмяркоўвалі галоўным чынам дзве рэчы: захады, якія трэба зрабіць, каб закон не быў прыняты, ды спосабы дзеяння ў межах змененага закону.
– Пакуль што мы абмежаваліся простым абмеркаваннем сітуацыі, бо папраўкі яшчэ не зацверджаныя. На дадзены момант нашай задачай з’яўляецца давесці да грамадзян усю абсурднасць новага закону, тое, што ён скіраваны не толькі супраць апазіцыі, але і парушае правы кожнага грамадзяніна, – паведаміў суразмоўца.
Сустрэча была арганізаваная Асамблеяй НДА ў памяшканьні Управы БНФ па ініцыятыве кааліцыі шасьці дэмакратычных палітычных аб’яднаньняў.