Віктар Чарняк: шукаць праўду пра Бога

05 лістапада 2011 12:45  |  Грамадства

Прэсавая служба Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі вырашыла зрабіць гутарку з Віктарам Чарняком, які нядаўна абараніў доктарскую працу па маральна-палітычнай філасофіі на факультэце сацыяльных навук Універсітэта імя святога Тамаша Аквінскага ў Рыме.

 

– Распавядзіце, калі ласка, некалькі словаў пра сябе.

 

– Я беларус. Каталік. Нарадзіўся ў вёсцы Танявічы. Скончыў фізіка-матэматычны факультэт універсітэту ў Гродне. Працаваў год настаўнікам. Затым была служба ў войску. Пасля гэтага ў мяне выдалася цудоўная магчымасць вучыцца ў Рыме. Я скончыў Папскі ўніверсітэт святога Тамаша Аквінскага, таксама вядомы як Angelicum. Дактарат абараніў на факультэце сацыяльных навук па маральна-палітычнай філасофіі. Называўся ён насутпным чынам: “Дэбаты аб тэорыі справядлівасці як бессаромнасці ў Джона Ролза і каталіцкім сацыяльным навучанні”.

 

– Ці не маглі б вы распавесці, чаму была прысвечаная ваша праца?

 

– У сваёй працы я паставіў за мэту даследаваць ліберальныя тэорыі справядлівасці, якія сёння дамінуюць у заходнім грамадстве – Заходняй Еўропе і Паўночнай Амерыцы. Перадусім гэта ліберальна-эгалітарная тэорыя Джона Ролза. Я вырашыў разгледзець яе ў аспекце дэбатаў, якія ўзнікаюць паміж рознымі філасофскімі плынямі наконт сацыяльнай справядлівасці, а таксама погляд на гэта заходняга хрысціянства, Каталіцкай царквы. Але не менавіта самой іерархіі, але і найбольш выбітных філосафаў-хрысціян, такіх як, скажам, Жак Марытэн, Алісдэр МакІнтайр і іншыя.

 

Я хацеў паказаць недастатковасць ліберальнай тэорыі, якая а грунтуецца не на канкрэтна выражаных прынцыпах маралі, а на такіх, што ты не перашкаджай мне, а я не буду перашкаджаць табе, тыды мы дамовімся і будзем неяк суіснаваць. Я звяртаў увагу на неабходнасць таго, каб грамадства грунтавалася на натуральным законе, на хрысціянскай духоўнасці.

 

У першым раздзеле я паказаў, што адным з найбольш пагубных элементаў з’яўляецца наданне надзвычайнай адказнасці чалавечаму розуму вырашаць усе праблемы рацыянальна, знайходзіць на іх правільныя адказы. Тым самым чалавек перабольшыў сваю кампетэнцыю, таму што ён не з’яўляецца цэнтрам сусвету, а ёсць толькі створанай істотай, якая павінна навучыцца існаваць у гармоніі, шукаць праўду аб Богу, аб тым, як жыць у гэтым жыцці.

 

Я разгледзеў развіццё заходняй цывілізацыі з філасофскага пункту гледжання: як розныя філасофскія дактрыны ўплывалі на яе. Я зрабіў аналіз дэбатаў аб сацыяльнай справядлівасці, якія ўзнікаюць паміж рознымі філасофскімі плынямі: лібералізмам, да якога належыць галоўны аўтар, на якога я спасылаюся, – Джон Ролз, камунітарызмам, які ставіць у цэнтр супольнасць, і фемінізмам.

 

У трэцім раздзеле я зрабіў аналіз асноўных практык Джона Ролза – “Тэорыі справядлівасці” – і потым таксама разгледзеў тыя змены, якія аўтар унёс у сваю тэорыю, пасля яе крытыкі. Гэтая тэорыя з’яўляецца вельмі штучнай і абстрактнай, да таго ж яна не грунтуецца на фундаментальных маральных прынцыпах, якія б забяспечылі стабільнасць грамадства і эфектыўнасць яго далейшага самаразвіцця.

 

У чацвёртым раздзеле я разгледзеў філасофію Тамаша Аквінскага, яго антрапалогію, эпістэмалогію. Я звярнуў увагу на тое, як ён бачыць прызначэнне чалавека ў ягоным жыцці на зямлі, як чалавек набывае веды пра Бога, аб свеце, які яго абкружае, а таксама яго погляды на маральна-палітычныя прынцыпы – прынцыпы маралі і палітычнай арганізацыі грамадства.

 

А ў пятым раздзеле я паказаў развіццё хрысціянскай філасофіі, таго як хрысціянскія філосафы і найбольш вядомыя іерархі Каталіцкай царквы адказвалі на тыя праблемы свайго часу, якія паўставалі перад імі, дзеля таго, каб паказаць свае клопаты аб простых людзях, паказаць тое, чым павінна быць Царква ў жыцці людзей, г.зн. турбавацца аб іх і асабліва пра найбольш бедных і патрабуючых, даваць ім магчымасць спадзявацца пасля смерці на Неба, а таксама ствараць тэарытчную базу для далейшага канкрэтнага дзеяння.

 

У канцы я прапанаваў альтэрнатыўную схему той, якую прапануюць ліберальныя філосафы, што ставяць у першую чаргу прынцып свабоды, паводле якога, кожнаму павінна быць дадзена права на найбольшую колькасць свабод, якімі ён бы мог карыстацца. У гэтым пытанні неабходна правільна разумець прыроду чалавека і паважаць яго годнасць, і толькі тады гэтыя свабоды з’яўляюцца чымсьці сапраўдным. Прынцып вызначэння дабра павінен ісці першым, і потым ужо павінна выкарыстоўвацца свабода.

 

На думку ліберальных філосафаў, любое несправядлівае грамадства будзе апраўдана тады, калі яно забяспечыць найбольшую свабоду аб найслабейшых і найбяднейшых. Але яны не грунтуюць, чаму яны ставяць гэты прынцып другім. Але, калі далучыць хрысціянскую любоў, тады прынцып салідарнасці, клопатаў аб бедных не з’яўляецца выключна маральным, але і рацыянальным, бо патрабе дзеянняў, якія б забяспечылі годнае жыццё для ўсіх людзей.

 

Такім чынам, я падвёў, што на сённяшні момант у заходнім грамадстве нельга забываць той падмурак, на якім яно грунтуецца, бо ён з’яўляецца пазітыўным элементам для яго развіцця, для развіцця сённяшняй палітычнай сістэмы канстытуцыйнай дэмакратыі. Абарона правоў чалавека не ўзнікла з часоў Французскай рэвалюцыі. Аб гэтым казалі задоўга да гэтага. Правы чалавека выходзяць з натуральнага закону. Патрабаванне ж паважаць годнасць чалавека, роўнасць і братэрства хоць і былі сфармуляваня Французскай рэвалюцыяй у палітычны спосаб, але былі распрацаваныя значна раней.

 

– Наколькі вашая праца закранае сітуацыю ў сённяшняй Беларусі?

 

– Беларускае грамадства таксама з’яўляецца часткай еўрапейскага грамадства, хоць розныя ўплывы і ход гісторыі абумовілі адрознае развіццё. Але, калі мы хочам ісці ў ногу з цывілізаваным грамадствам, выбраць лепшае з таго, што прапануе заходняе грамадства, мы павінны ўлічваць той досвед, які паказаў сваю годнасць у развіцці заходняй цывлізацыі, і зрабіць урокі з ужо зробленых памылак.

 

Галоўным на што мы павінны звяртаць увагу – гэта ня тое, што нам не падабаецца, а тое, як мы можам далей развівацца і весці дыялог. Неабходна, каб людзі самі бачылі і маглі выбраць, да чаго б яны хацелі імкнуцца. А гэта вельмі марудны працэс, які патрабуе цярплівай і доўгай працы. Менавіта таму неабходны палітычны выраз беларускіх хрысціянаў на палітычнае, сацыяльнае, культурнае развіццё грамадства.

 

І тады людзі змогуць бачыць, што ўяўляе сабой паняцце еўрапейскіх свабод і тое, на чым яно грунтуецца. Той жа самы Еўрапейскі саюз не з’яўляецца ў поўнай меры эканамічным саюзам, а грунтуецца на пэўных маральных якасцях і прынцыпах, якія развіваліся і лучылі розныя нацыі паміж сабой. І толькі пасля гэтага ўзнік эканамічны саюз, які іх аб’яднаў. 

Болей навін