П.Севярынец: На Плошчы не хапала малітвы
Госьць «Свабоды» – сустаршыня БХД, палітвязень Павал Севярынец, які адбывае пакараньне за падзеі на Плошчы на так званай «хіміі» ў вёсцы Куплін Пружанскага раёну. Ён адказаў на пытаньні «Свабоды» па заканчэньні працоўнага дня.
Соўсь: Павал, як прайшоў ваш сёньняшні дзень?
Севярынец: Спакойна. Праца – з 8.00 да 17.00, падчас працы ўдалося сёе-тое напісаць. Ну і цяпер тэлефаную – па партыйных справах, па Берасьцейскай вобласьці, дапамагаю хрысьціянскай дэмакратыі падрыхтавацца да зьезду.
Соўсь: Дык фактычна вы маеце доступ да інтэрнэту?
Севярынец: Магу праглядаць праз мабільны тэлефон. Але пісаць праз інтэрнэт ужо складана.
Соўсь: Але паінфармаваны вы аб падзеях у Беларусі дастаткова?
Севярынец: Так.
Соўсь: Судзьдзя Жана Брысіна асудзіла вас на 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем ва ўстанову адкрытага тыпу. Як бы вы назвалі гэта – катарга, ссылка, хімія, працоўны лягер….
Севярынец: Гэта – хімія. Раней, напэўна, гэта называлася ссылка, хоць азначэньне ссылкі больш падыходзіць да таго, што было ў Малым Сітне. Там было забаронена пакідаць межы вёскі. Тут больш строгі рэжым, тут нельга выходзіць без дазволу начальніка у горад, без дазволу дзяжурнага – з будынку камэндатуры. І ў прынцыпе атрымліваецца, што ўвесь час фактычна сядзіш у камэндатуры або выходзіш у альтанку, куды могуць пад’ехаць госьці.
Соўсь: Чым адрозьніваецца Куплін ад Малога Сітна, акрамя гэтых рэжымных момантаў?
Севярынец: Ад Сітна адрозьніваецца тым, што там – 3 кілямэтры да мяжы з Расеяй, і гэта адчуваецца. Павальны алькагалізм, моцная крыміналізацыя, людзі згубленыя. Вельмі шкада людзей, якія там жывуць. А тут у Купліне – Заходняя Беларусь, у людзей у вачах пэўны бляск, яны хочуць лепшага жыцьця, яны ня толькі неяк выкручваюцца, але і нешта прадпрымаюць, каб палепшыць сваё жыцьцё – тут адчуваецца беларуская жыцьцёвасьць.
Соўсь: А наколькі свабодна вы можаце кантактаваць зь вяскоўцамі?
Севярынец: Ну, хадзіць у госьці, канешне, нельга. Тыя вяскоўцы, якія працуюць у гаспадарцы, дзе працую я – зь імі кантактую, размаўляю, але ў вёску заходзіць нельга.
Соўсь: Фэрмэр Анатоль Тарасевіч, у чыёй аграфірме вы працуеце, назваў вас «Добры хлопец, проста выдатны хлопец — пытаньняў да яго ніколі няма. У нас такога добрасумленнага працаўніка яшчэ не было». Калі ён гэта сказаў – меркавалася, што вас могуць перавесьці на так званую «хатнюю хімію», аднак гэтага не адбылося. Чаму? Ці толькі таму, што вы не прызналі сваю віну?
Севярынец: Хутчэй за ўсё ўсе справы палітвязьняў вырашаюцца ў рэжыму на найвышэйшым узроўні і «пакункам». То бок, паўза ў дачыненьнях паміж Эўразьвязам і рэжымам паказвае, што ў пытаньні палітвязьняў ніякіх зрухаў адбывацца ня будзе.
Соўсь: А калі гэтыя зрухі могуць пачацца?
Севярынец: Калі будзе інтэнсіўны гандаль з Расеяй і калі Лукашэнку спатрэбіцца шантажаваць Расею – тады можна будзе чакаць некалькі крокаў у кірунку Захаду.
Соўсь: Ці можаце вы неяк кантактаваць з палітвязьнямі, былымі і тымі, хто дагэтуль за кратамі? Праз лісты, тэлефанаваньні?
Севярынец: Праз тэлефанаваньні – натуральна не, але празь лісты – так. Мы лістуемся са Зьмітром Дашкевічам, з Эдуардам Лобавым, зь Яўгенам Васьковічам. Перасталі прыходзіць лісты ад Андрэя Саньнікава – але тым ня менш я яму пішу, ад Зьмітра Бандарэнкі – там у іх, відаць, таксама свае складанасьці. Мікола Статкевіч падзякаваў, што лісты яму даходзяць, але сам ён пісаць ня можа, бо ў яго там вельмі складаная сытуацыя, фактычна, яму не даюць пісаць.
Соўсь: У Менску адбываецца судовы працэс над праваабаронцам Алесем Бяляцкім, якога вінавацяць у нясплаце падаткаў з грошаў, якія ішлі на праваабарончую дзейнасьць. Сёньня пракурор адклаў паседжаньне да 16 лістапада, каб падрыхтаваць Бяляцкаму новае абвінавачаньне. Які ваш прагноз? Чаму, па-вашаму, абвешчаны такі перапынак?
Севярынец: Гэта беззаконьне – тое, што адбываецца ў справе Бяляцкага, інакш не назавеш. Абвінавачваньне развальваецца ў судзе, і замест таго, каб вызваліць невінаватага чалавека, яму хуценька, цяп-ляп, рыхтуюць новае абвінавачаньне. І пракурор бярэ тыдзень, каб з новай сілай падрыхтаваць новую порцыю хлусьні. Гэта проста жахліва. На гэта проста моташна глядзець. Думаю, што абвінаваўчы прысуд будзе – бо сыстэма так запраграмаваная, нават калі ня знойдзецца ніводнага факту, які зможа выкарыстаць бок абвінавачаньня. Суду няма. Ёсьць паказальная расправа, спроба стварыць бачнасьць судовага працэсу. У нашай краіне, на жаль, пакуль што такія суды заканчваюцца кепска.
Соўсь: 19 сьнежня будзе гадавіна падзеяў на плошчы. Як на вашую думку, калі вярнуцца на год назад. Што можна было зрабіць інакш? Апазыцыі, людзям, ўладам?
Севярынец: Ведаеце, на Плошчы было вельмі шмат памылак, і гэта, канешне, наша віна. Гэта віна тых дэмакратычных сілаў, якія і выступалі раздроблена, і ня мелі яснага ўяўленьня што рабіць. За гэты год прыходзіла асэнсаваньне, у тым ліку пакутлівае. І праз тое, што Расея атрымала за гэты год нечуванае дамінаваньне. Вось… У першую чаргу Плошчу трэба пачынаць супольнай малітвай. Толькі адзіны дух можа спараджаць адзінае дзеяньне. Я больш чым перакананы: галоўная праблема была ў тым, што на Плошчы не было адзінага духу. Ён зыходзіць толькі з малітвы – калі людзі зьбіраюцца перад Богам, усьведамляюць сваю адказнасьць за гэтую краіну і перад сёньняшнімі пакаленьнямі, і перад тымі, што будуць пасьля. Пасьля гэтага, каб было, як на Майдане – а там кожны дзень пачынаўся з малітвы – той вынік быў бы іншы.
Соўсь: Вы, напэўна, ведаеце, што некалькі маладых людзей заявілі пра вэрбаваньне іх спэцслужбамі – яны выехалі за мяжу і пра гэта абвясьцілі публічна. На гэта ў грамадзтве самыя розныя рэакцыі. Напрыклад, Уладзімер Някляеў заявіў, што калі чалавек падпісаў згоду супрацоўнічаць з КДБ – няважна якім чынам гэта адбылося – ён ужо нягоднік і цяперашнія заявы, дзе гэта раскрываецца, ужо зусім не гераічныя. А як бы вы ацанілі ўчынкі тых людзей, якія цяпер заяўляюць пра тое вымушанае супрацоўніцтва?
Севярынец: Я да гэтага стаўлюся спакойна. Разумееце, трэба аддаваць сабе справаздачу, што сёньняшні рэжым творыць страшныя рэчы. Ён сапраўды можа непадрыхтаваных людзей зламаць. Калі гэтыя людзі знайшлі ў сабе мужнасьць адкрыта прызнаць гэты факт і ўцячы – яны зрабілі свой выбар. Нельга назваць гэты выбар гераізмам у поўным сэнсе слова, бо тут хутчэй слабасьць і выпраўленьне сваіх памылак. Але я ня стаў бы абвінавачваць гэтых людзей. Я таксама прачытаў ліст Уладзімера Пракопавіча, і мне трошкі незразумела – можа быць, я ня ўсё ведаю, але мне здаецца, такія рэзкія ацэнкі ў дачыненьні да гэтых маладых людзей неапраўданыя. То бок, людзі выходзяць з гэтай цемры, і гэта можна толькі вітаць. Крок пакаяньня вызначальны. Пасьля пакаяньня прыходзіць і маральнае ўваскрашэньне. Таму, у адрозьненьне, напрыклад, ад Яраслава Раманчука, які доўга і ўпарта даказваў усім, што ён нічога кепскага не зрабіў – хаця ў рэшце рэшт мусіў прызнаць, што гэта была слабасьць – гэтыя хлопцы не пераконвалі нікога, што паступілі правільна, яны прызнаюцца, што гэта была слабасьць. Я спачуваю гэтым людзям і ўжо ня стаў бы ніякім чынам іх абвінавачваць.
Соўсь: Хутка ўжо год, як вы за кратамі. Што вы пішаце?
Севярынец: Зараз у асноўным натакі ў «Нашу Ніву» і сякія-такія рэпартажы. На раман, на жаль, часу няма, бо час разьбіты, сканцэнтравацца для глыбокай літаратуры немагчыма, застаецца публіцыстыка.
Соўсь: Але ж пасьля кожнага вашага зьняволеньня зьяўлялася кніга…
Севярынец: Зараз фактычна нараджаецца новая кніга – «Беларуская глыбіня», тое, што я рыхтую для «Нашай Нівы». Спадзяюся, што пасьля ўдасца ўсё сабраць пад адной вокладкай.
Соўсь: Вы прасілі ахвяраваць патрыманыя беларускія кнігі для бібліятэкі куплінскай камэндатуры. Радыё Свабода ўчора даслала ў камэндатуру некалькі кніг, выдадзеных у сэрыі «Бібліятэка Свабоды». Сярод іх “Доўгая дарога дадому” В.Быкава, “Сьлед матылька. Освальд у Менску” А.Лукашука, «Дарога» І.Сурвілы, «Беларуская Атлянтыда» В.Ракіцкага, «Альбом Сямейны» В.Мудрова ды інш. Што вы цяпер чытаеце і што хацелася б яшчэ прачытаць?
Севярынец: Дзякую «Свабодзе» за шыкоўны падарунак, думаю, што кніжкамі будуць зачытвацца. Гэта сапраўды тое, што было б цікава чытаць многім людзям, якія ёсьць тут. Што чытаю… Цяпер чытаю ў асноўным хрысьціянскую літаратуру – Тэяра дэ Шардэна, Аляксандра Меня. Бацюшка пастаянна носіць цікавыя кнігі, якія сапраўды хочацца чытаць. Біяграфію Шарля дэ Голя прачытаў, якую прывезьлі супрацоўнікі Беларускага ПЭН-Цэнтру на чале зь Лявонам Баршчэўскім.
Соўсь: Чаго вам больш за ўсё бракуе ў зьняволеньні?
Севярынец: У зьняволеньні заўсёды больш за ўсё бракуе волі. Стасункаў з блізкімі людзьмі. Ну і часу. Чаму, у які можна было б пагрузіцца і ў малітву, і ў любімую сваю справу – у пісьменьніцтва. А так пакуль што – больш сумятня…