Кардынал Кох зь Беларусі, вернікаў — за краты
Удзельнікаў малітвы за палітвязьняў асудзілі паводле артыкула Адміністрацыйнага кодэксу аб дробным хуліганстве: за брыдкаслоўе. Паводле міліцыянтаў, Аляксандар Макаеў брыдкасловіў, калі адмаўляў ружанцовую малітву, а Аляксандар Кальянаў — калі спрабаваў яго сфатаграфаваць.
Адна з удзельніц малітоўнай акцыі Ганна Шапуцька: «Алесь Макаеў трымаў фігурку Божай Маці і шчыра маліўся — гэтак ён хоча, каб у Беларусі адбыліся перамены. Ён казаў, што мы абавязкова павінны выходзіць на Кастрычніцкую плошчу Менску. Маліцца мы можам і каля Чырвонага касьцёла, але павінны паказваць, што ідзе змаганьне за палітвязьняў, за Беларусь, і гэта адбываецца на галоўнай плошчы сталіцы. Такая вось у яго моцная пазыцыя, што і адзін чалавек можа шмат зьмяніць у гэтай краіне».
Разам з Аляксандрам Макаевым і Аляксандрам Кальянавым на Кастрычніцкай плошчы Менску затрымалі яшчэ пяць жанчын, якія штовечар моляцца за палітвязьняў. Іх адпусьцілі з Цэнтральнага РУУС каля паўночы, не складаўшы пратаколаў. Але, як сьцьвярджаюць жанчыны, міліцыянты выкралі ў іх з сумак бел-чырвона-белыя шалікі, кажа Ганна Шапуцька:
«Сказалі мне зьняць з паліто бел-чырвона-белы шалік з „Пагоняй“ і пакласьці ў сумку. Пасьля аддалі пашпарты і сказалі, што мы можам забраць свае рэчы. Калі я ўзяла сумку, то ўбачыла, што шаліка там няма. Затым спадарыня Ніна Багінская выйшла таксама ўся разьюшаная — у яе таксама скралі прыгожы, ёй самой зьвязаны, бел-чырвона-белы шалік. Каб у міліцыі кралі нашы рэчы? Якое яны маюць права красьці мае асабістыя рэчы?»
Падтрымаць удзельнікаў малітвы ў суд прыйшлі праваабаронцы, грамадзкія актывісты, а таксама іх паплечнікі. Сярод іншых — прадпрымальнік Ігар Леднік, прадстаўнік БХД Андрусь Дашкевіч:
«На маёй памяці — гэта першая акцыя ў Беларусі, калі затрымліваюць проста вернікаў. Абсурднасьць сытуацыі ў тым, што людзі маліліся за палітвязьняў і самі сталі палітвязьнямі. І адбылося гэта акурат пасьля таго, як Беларусь пакінуў ватыканскі кардынал Кох, які займаецца пытаньнямі экумэнізму і грамадзтва і які знаходзіўся ў Беларусі. Пакуль ён быў, нас папярэджвалі, але не чапалі. Як ён толькі ад’ехаў — адразу ж і затрымалі. Таму я магу толькі заклікаць усіх вернікаў да салідарнасьці. Каб усе а 19:00 маліліся, і ня толькі ў Беларусі, але па ўсім сьвеце».
Больш за тыдзень грамадзкія актывісты і вернікі а 19-й зьбіраюцца на малітву за палітвязьняў на Кастрычніцкай плошчы, а затым праходзяць сымбалічны шлях да плошчы Незалежнасьці, дзе завяршаюць малітву каля Чырвонага касьцёла. Яны заяўляюць, што і надалей працягнуць малітоўную акцыю.
Малітоўнікаў затрымалі і асудзілі адразу пасьля таго, як па заканчэньні праваслаўна-каталіцкага форуму з Беларусі зьехаў старшыня Папскай рады спрыяньня хрысьціянскаму адзінству кардынал Курт Кох. Яшчэ ў панядзелак на сустрэчы з Кохам Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў нашай краіне “няма ніякіх праблемаў ні на рэлігійнай глебе, ні на нацыянальнай. Тут мірнае і спакойнае жыцьцё”. Узнікае пытаньне: ці праваахоўнікі разам з судзьдзямі не падзяюяць бачання чалавека, які выконвае абавязкі прэзідэнта Беларусі, ці Лукашэнка кажа, няпраўду.
Паводле Радыё “Свабода” і сайта UDF.BY