Еўрапейская свабода мітынгаў і налепак

23 лістапада 2011 13:08  |  Блог Маргарыты Тарайкевіч

Апалагеты дыктатуры часам любяць прыводзіць прыклады з Захаду. Маўляў, і на Захадзе разганяюць дэманстрацыі, і ў Еўропе і тым больш у Амерыцы ёсць тое, забаронена гэтае…

 

Тэма шырокая, і я не збіраюся абдымаць я ўва ўсю шырыню. У агульным скажу толькі тое, што апалагеты дыктатураў хітравумна карыстаюцца тым фактам, што стопрацэнтнага ідэалу дэмакратыі няма нідзе, – і за гэтым аўдыторыя можа забыцца, што наяўнасць/адсутнасць дэмакратыі і тых ці іншых свабодаў цягне хутчэй не на дыхатамію (ці яна ёсць, ці яе зусім няма), а на суму нейкіх паказальнікаў, якія характэрызуюць розныя бакі жыцця (напрыклад, наяўнасць свабодных выбараў, празрыстасць бюджэту, свабода прэсы, тая ж свабода мітынгаў і сходаў…), – і агульная сума тут будзе рознай. Напэўна, нейкі мінімум будзе і ў Паўночнай Карэі; напэўна, Венесуэла ці Беларусь атрымае крыху больш балаў, але краіны Заходняй Еўропы яе значна апярэдзяць; мажліва, з меньшым адрывам, але ўсё ж апярэдзяць яны і Злучаныя Штаты. Напэўна ж, такія паказальнікі па розных краінах лёгка знайсці – мо пашукаю ў сеціве.

 

Але я тут не пра агульнае, а пра канкрэтную праблему, якую можна сфармуляваць праз пытанне: наколькі правыя апалагеты дыктатуры, якія кажуць, што ў Еўропе таксама няма той дэмакратыі, аб якой мы марым, што там таксама разганяюць дэманстрацыі і г.д.

 

 

Як я болей за год ужо жыву ў Еўропе, то распавяду тое, што бачыла непасрэдна.

 

Першай псіхалагічнай траўмай была адсутнасць магчымасці пастаяць перад уласнай амбасадай з бела-чырвона-белымі сцягамі 19 снежня.

 

Напярэдані Плошчы-2010 я звязалася з беларускай дыяспарай, мне далі тэлефон віднага актывіста беларускай дыяспары ў Бельгіі, я ў яго запыталася, ці збіраецца народ што рабіць у падтрымку Плошчы. Актывіст мне расказаў пра пікет перад амбасадай, які плануецца, яго дэталі. Распавёў коратка і пра нюансы з паліцыяй; прынамсі, пра тое што пікет у дзень выбараў дазволілі, але… без сцягоў. З таблічкамі і т.п., але без сцягоў. І не на тым баку вуліцы, на якім амбасада, а на процілеглым. Звязана ўсё гэта (наколькі я памятаю тое што мне тлумачыў спадар) з тым, што працаўнікі нашай амбасады маюць добрыя стасункі з губернатарам Брусэля… Ну і паліцыі яны скардзяцца, калі праходзяць нейкія акцыі – маўляў, гэта экстрэмісты. 

 

За адну несанкцыянаваную акцыю той самы спадар неяк прасядзеў сорак сутак, трымаючы падчас таго галадоўку.

 

У мяне пасля ўсяе тае інфармацыі паднялася тэмпература, я захварэла. Сапраўды звязваю сваю хваробу са стрэсам. Пасля той тэлефоннай размовы моцна, як кажуць на радзіме, “загналася”. Няўжо вобраз дэмакратычнай свабоднай Еўропы, дзе ўсё можна, што не шкодзіць іншым – ілюзія?..

 

Потым было 19 снежня, мітынг перад амбасадай. Паліцыя назірала збоку. Калі я пачала непасрэдна каля амбасады збіраць подпісы пад імправізаваным зваротам, каб да нашых мужных суайчыннікаў, што выйдуць на Плошчу, не прымяняўся гвалт (сорамна сказаць, каму быў адрасаваны зварот… хаця не толькі яму… так, яшчэ мы ж усе не чакалі, што гвалт пачнецца адразу ж, у першы дзень плошчы…), – мяне прагналі на другі бок вуліцы, да спадароў-пікетоўцаў з таблічкамі кшталту “Галасуй не галасуй – усё роўна будзе ЛУЙ”.

 

А потым было вяртанне ўвечары дамоў заснежанымі знямелымі вуліцамі правінцыйнага гарадка, выпрыгванне са скуры з-за таго што другі раз прапусціла Плошчу… Слуханне Радыё Свабода, змена рэжыму з дыктатарска-лібералізаванага на непрыхавана-дыктатарскі – момант, калі “лібералізацыя” скончылася, я назірала ў рэжыме анлайн… Званок сябру сярод ночы, з пытаннем “Ты жывы?!”…

 

Але я канкрэтна пра свабоду мітынгаў і сходаў. Што ж.

 

Па-першае, абмежаванні тут, як бачым з вышэйраспавяданага, ёсць. Самым траўматычным асабіста для мяне было даведацца пра факт, што тут на акцыю кшталту пікета ці мітынгу таксама патрэбны дазвол, дый яшчэ й у самых нармалёвых і неэкстрэмісцкіх выпадках могуць быць праблемы. З другога боку, невядома, як бы павярнулася справа, калі б мы вырашылі абскардзіць тую ж самую забарону стаяць перад самай амбасадай і са сцягамі – можа, яна б павярнулася і ў наш бок? Ну ды ладна, у прынцыпе пікет адбыўся, прычым самы дазволены. 

 

Па-другое – акцыі ў цэнтры Брусэля праводзяцца. Яшчэ як. У тым ліку масавыя. І яшчэ ў якім цэнтры – на Шумана, побач з самымі велічнымі еўраафіцыёзнымі будынкамі кшталту еўракамісіі.

 

Не, не падобна каб зусім перад еўракамісіяй. Бо апошнія два разы, калі была ў Брусэлі і мае справы былі якраз у раёне Шумана, там былі нейкія акцыі – і абодва раза назірала я, акрамя мноства паліцэйскіх машынаў самых неверагодных формаў (уключаючы нейкі еўрааўтазак і нешта падобнае на смеццевую ці палівальную машыну, можа вадамёт які) – яшчэ й нейкія страшныя з выгляду канструкцыі з калючага дроту.

 

Ага, падумала я, а мы скардзіліся на спіралі Бруна, што загарожвалі праход у цэнтар падчас Дню Волі-2009.

 

Але ўсё ж абедзьве акцыі, якія праходзілі падчас маіх паездак у Брусэль, адбыліся, прычым у самым цэнтры гораду. Таму, калі мой сябра, які сцвярджаў што “У Еўропе таксама разганяюць дэманстрацыі” і мае рацыю ў гэтым, то з іншай сваёй рэплікай (“А дзе ты бачыла, каб у Еўропе акцыі праходзілі ў цэнтры горада?”, а таксама “Гэта на Бангалоры вам не падабаецца?! Гэта ж цэнтар гораду!”) – ён перабаршчыў. На шчасце, праходзяць у цэнтры Брусэля акцыі, прычым і выразна-антыўрадавыя. Падчас маёй апошняй туды паездкі якраз была дэманстрацыя з ліку тых, што пракаціліся па свеце, пачаўшыся з Уолл-Стрыт. І калі ў гарачых італійцаў дайшло да падпалу ўрадавых будынкаў, то ў Брусэлі ўсё спакойна. Самым злосным хуліганствам падчас тае маніфестацыі было, напэўна, заклейванне скотчам дзвераў аднаго з еўра-афіцыёзных будынкаў, – з надруакванымі заклікамі “Людзі, абудзіцеся!” (напрыклад, такая таблічка была на ілбе ў маладзёна, што вёз свайго сябра ў інвалідным вазку).

 

Гледзячы па тым, што дзверы пасля дэманстрацыі так і засталіся заклеенымі (што я раптоўна ўбачыла і сфатаграфавала) – на «парушэнне» такгога кшталту паліцыя глядзіць скрозь пальцы. Абы шкла не білі…

 

Я крыху паразмаўляла ў метро з дэманстрантамі пасля той акцыі, якую я назірала ўкосна, у выглядзе дзіўнавата апранутых маладзёнаў якія з яе вярталіся, зноўку з тымі ж таблічкамі “Людзі, абудзіцеся”. Запыталася, супраць чаго пратэстуюць. Аказалася, супраць урада і г.д. Вы антыглабалісты? – пытаюся. Здаецца, адказалі “не”. Анархісты? Кшталту таго, але не зусім; мы, кажуць, нармальныя людзі. Ну, то добра.

 

Шкада, што не дадумалася сфатаграфаваць у метро вялікую групу дэманстрантаў – каларытна было б. Але калі я дацягнулася да здымача, то іх ужо закрыў сабой цягнік, які пад’ехаў…

 

Паліцыя тут ветлівая, ведае законы і інструкцыі. Што ім не перашкодзіць, канешне, у адпаведнай сітуацыі цябе ветліва аштрафаваць, арыштаваць, прымяніць сілу. Хаця, з апошнім яны ведаюць меру, бо за перавышэнне могуць моцна атрымаць непрыемнасцяў. Падчас нейкай дэманстрацыі паліцэйскі ўдарыў чалавека, здаецца, нагой па галаве, – дык яго судзілі. Падчас якой сітуацыі тое было, і чым суд скончыўся, – ня ведаю, бо ўсё гэта з чужых слоў (“сапсаваны тэлефон”, ці, як тут кажуць, “арабскі тэлефон”).

 

Крыху больш дакладна магу сказаць пра свабоду праводзіць вулічныя акцыі іншага фармату – улётачна-налепачнага.

 

Калі паспрабавала хутка атрымаць дазвол на падобную акцыі (канешне ж, супраць рэпрэсій у Беларусі) – узніклі складанасці. Не з атрыманнем дазвола, а з “пасыланнем”: у паліцыі паслалі ў мэрыю, у мэрыі паслалі ў Amnesty International, у Amnesty International парэкамендавалі звязацца з пэўным аддзелам мэрыі Брусэля, з тлумачэннем, што і чаму я хачу правесці. У выніку, я проста напісала ліст у гэты самы аддзел мэрыі, і, не чакаючы на яго адказу, а толькі спадзяючыся што ў выпадку пытанняў гэты ліст мо мяне абароніць,  – паехала-такі ў Брусэль расклейваць вулічнае мастацтва на тэму беларускіх рэпрэсіяў. Адчувала сабе пры гэтым неяк няёмка, але казала сабе: гэта мастацтва. Пры думцы, што гэта мастацтва, знікала адчуванне некаторай дурнаватасці сітуацыі. Што ж, думаю, для нас – прэс-рэліз, а для абарыгенаў – мастацтва. Вулічнага мастатва тут многа. Не ведаю нават, што забароненае, а што дазволенае, – але найхутчэй гэтага не ведаюць і самі мастакі, што робяць графіці ці вулічныя калажы надзвычай высокага ўзроўню. Тут трэба ведаць менталітэт французаў і блізкіх да іх культурна франкамоўных бельгійцаў: яны не клапоцяцца пра дакладнае выкананне законаў, а калі якія правілы ім падаюцца дурнымі, яны іх проста не выконваюць.

 

Але ўсё ж цікава, што, расклейваючы налепкі ў Бельгіі, баялася больш, чым у Беларусі, трапіцца на вочы паліцыі.

 

Аднойчы пабачыла, – калі наклеіла налепку на слуп і азірнулася, – што едзе паліцэйская машына. Працягваю ісці як ні ў чым не бывала, баюся… Але яна праязжае міма. Дакладна такая ж сітуацыя была ў мяне ў Мінску. Таксама ў мяккае зімняе надвор’е.

 

А чаго я баялася? – Зноўку ж, разбурэння ілюзій суайчыннікаў. Калі я ў Бельгіі траплюся, думала я, то сябры мала што расчаруюцца ў Еўропе, дый яшчэ й могуць у розуме пагадзіцца з апалагетамі дыктатуры («і праўда, і там гэта забаронена!»). А калі не паведамлю, значыць, я нешта хаваю, падтрымліваю ілюзіі?..

 

Але як я тады, на шчасце, не трапілася, то і не магу сказаць, якія былі б наступствы. Можа, проста папярэдзілі бы, як майго знаёмага, калі яго спаймалі п’яным за рулём. Тут ужо як пашанцуе.

 

Дый мажліва я проста паспяшалася з нелегальнымі налепкамі, бо дастала чакаць; бо ў прынцыпе рэальна правесці мастацка-гарадскую акцыю з дазволу гарадскіх уладаў. І праводзяцца такія акцыі – вунь у тым жа горадзе, дзе я жыву, парасклееныя вялікія партрэты розных людзей з каментарыямі, гуманістычнае такое мастацтва… Проста трэба ведаць яшчэ адну асаблівасць: у Бельгіі ўсё робіцца надзвычай павольна. Прыходзьце цераз тыдзень, два, месяц, пачакайце яшчэ колкі месяцаў (апошняе было з маім дазволам на працу). Ды і пра пікет трэба паведамляць мінімум за тыдзень-два. Але калі запасціся часам, то найхутчэй усё атрымаецца.

 

Ды што пра налепкі, калі хочаш зусім законна, – ёсць жа формы вулічнага мастацтва, якімі цяжка хоць нешта парушыць. Напрыклад, інсталяцыі. Калі ты нешта наклеіў, то яшчэ «папсаваў» горад, а калі выставіў ці павесіў? Так я і зрабіла апошнім разам, калі сумленне загрызла (як жа ж гэта я, каторы раз еду ў Брусэль і ніяк не азначу там беларускую прысутнасць). Нарабіла плакатаў з дапамогай скотча, дарожных стужак (яказ яны чырвона-белыя) і іншых падручных прадметаў. Гэныя ні на што не падобныя вырабы нявыспанай фантазіі лёгка прымацоўваліся скотчам да агароджы.

 

Аднойчы, калі мацавала імправізаваны плакат у раёне таго ж Шумана, – потым заўважыла, што мацую яго я акурат пад носам у паліцэйскіх, што ў машыне. Ну, праходзячы, яшчэ павітала іх кіўком галавы. Можа, яны і не заўважылі ні вітання, ні майго плаката – толькі што скончылася больш важная справа, дэманстрацыя анархістаў. А можа, і заўважылі. А можа, і акуратна знялі. Хаця навошта яго здымаць, каму ён перашкаджае?..

 

…Што яшчэ пра дэмакратыю ў Бельгіі? Я яе спецыяльна не вывучала. Тое, што я зараз пішу – гэта мае ўражанні, яны мемуарна-фрагментарныя.

 

Напрыканцы дадам ячшэ крыху фрагментаў.

 

Паліцыя ветлівая. У асноўным. Нават калі закон змушае іх рабіць нешта для грамадзянаў і мігрантаў непрыемнае, – усё ж кажуць “бонжур” і г.д.; напэўна ж кажуць і “desolé, mais…” (мне шкада, але…).

 

Словы “я маю права” дзейнічаюць на паліцэйскіх амаль магічна. Напрыклад, знаёмая жанчына, калі падавала скаргу на мужа што пагражаў ёй нажом, сутыкнулася аддзяленні з хамствам паліцэйскіх – папросту, перад яе носам закрылі вакенца. (Можа, ім надакучылі дамы, што скардзяцца на сваіх мужоў, а потым забіраюць скаргі). Але яна дачакалася, калі за вакенцам зноў з’явіцца фізіяномія служачага, і сказала: я хачу скласці скаргу, я маю права. Апошнія словы хутка падзейнічалі… Не тое каб адну сітуацыю можна лічыць рэпрэзентатыўнай, але папярэднія высновы такія: а) ідэялізаваць Еўропу не варта, тут таксама здараецца рознае; б) усё ж ідэя закона і правоў чалавека тут мае моц.  Узгадваю фразу з прэс-паведамлення на апазіцыйным сайце,  – фразу, якая мяне добра павесяліла: Міліцыянт сказаў маладафронтаўцу засунуць свае правы сабе ў задніцу.

 

Дыхаць добра. Не тое, каб мне на радзіме дыхаецца горш,  – але я пра асаблівае адчуванне ад Еўропы.

 

Хаця наконт “дыхалкі”… Наконт цяжкой і непадатлівай атмасферы роднага Мінска, атмасферы, у якой бывае псіхалагічна цяжка выкрыкнуць “Жыве Беларусь!”, калі йдзеш з натоўпам меней чым паўтаратысячным, у мяне даўно склалася фраза: “Калі ты свабодны ў Мінску, ты свабодны паўсюль”. Не тое каб я на сто працэнтаў з ёй згодная (не буду ў “паўсюль” уключаць Паўночную Карэю ці Асвенцым, напрыклад), – але сутнасць, мяркую, усім зразумелая.

 

Брудна па вуліцах. Але гэта ў франкамоўнай зоне. У фламандскай – чыста і ахайна. А мне, як натуры, якая любіць крыху хаатычнага, – нават і прыемна назіраць смецце і графіці… Неяк больш утульна. Бо незвычайная чысціня на вуліцах выклікае амаль такую ж алергію, як слова “стабільнасць”… Хаця не, нямецкая і фламандская чысціня падабаецца. Яна нейкая больш нязмушаная…

 

Адносіны валонцаў з фламандцамі – асобная тэма. Дастаткова ўзгадаць, што цёркі з канфліктамі, захопамі земляў, прыходам да ўлады то адных, то другіх, з рознымі поглядамі на гісторыю і ўзаемнымі крыўдамі, – працягваюцца на гэтай зямлі гадочкаў так з тысячу… Спадзяюся, што краіну яны ўсё ж такі не разваляць. Апошняму моцна перашкаджае Брусэль, бо на яго прэтэндуюць і тыя, і другія.

 

А, дык у выніку гэтых самых міжрэгіянальна-этнічных цёрак яны ўжо колькі часу жывуць без ураду. Бо розныя палітычныя сілы не могуць дамовіцца. Але ж сістэма функцыяніруе, – хоць і без ураду. І нядрэнная сістэма. Некаторыя рэчы ў ёй выклікаюць здзіўленне. Але сістэма функцыяніруе. І вельмі гуманна. Ёсць дапамога беспрацоўным (вельмі добрая), рэальная сацыяльная дапамога (сціплая па еўрапейскім меркам, але такая, каб чалавек мог адчуваць сабе нармальна, не даходзячы да прыніжальнай беднасці). Адначасова ёсць меры, якія не дазваляюць паразітаваць на гэтай самай дапамозе… Ці, ва ўсялякім разе, абмяжоўваюць такую магчымасць.

 

Зараз крыху працую ва ўстанове для людзей з абмежаванымі магчымасцямі (з сур’ёзнай разумовай адсталасцю). Установа размешчаная ў цэнтры горада, у ранейшай абшчыне сёстраў міласэрнасці. Абстаноўка хатняя. Персаналу хапае, – яго амаль столькі ж, колькі і жыхароў ва ўстанове. (У псіхіятрычных клінікаХ, дарэчы, у агульным персаналу больш, чым пацыентаў). Што сказаць, працаваць у такіх умовах – вялікая адказнасць. Бо хібы ў сваёй працы нельга спісаць на ўмовы.

 

Свобода прэсы… Паводле майго ўражання – вялікая. Хаця абарыгены папярэджваюць, што не варта верыць усяму, што напісана ў газетах, – ну ды то мы ведаем…

 

Наконт свабоды прыкалвацца над першымі асобамі – цяжка сказаць гэта ў краіне, дзе ўжо доўга няма ўраду. Пра караля нешта нічога ня чутна. Амаль. Тое адзінае, што ведаю, таксама нядрэнна яго характэрызуе: кароль неяк паспрабаваў не дапусціць прыняцця закону, які дазваляе аборты. Праўда, у яго гэтага не атрымалася.

 

А ў суседняй Францыі (і блізкай да яе культурна бельгійскай Валоніі) над Сарказі і ягонай жонкай Карлай Бруні не пацяшаецца толькі лянівы. У тым ліку ў прэсе.

 

Мастацтва… Тут, у некаторым сэнсе, рай для мастакоў. Хапае і матэрыялаў, і магчымасцяў выстаўляцца, і свабоды вырабляць усё, што хочаш (як хто выкарыстоўвае тую свабоду – другое пытанне; але ж прыемна, калі яна ёсць), і матэрыялаў, і публікі якая разумее. Праблемка толькі ў тым, што і мастакоў надзвычай многа, таму у камерцыйным плане прасоўваць сваю творчасць няпроста. Але тут розныя нюансы.

 

Хрысціянства… Можа, потым варта напісаць пра гэта асобна, А пакуль што прывяду некальскі ўласных выказванняў з фэйсбука:

 

 “Во ў адным касцёле цудоўных брашурак набрала – і пра Евангелле, і пра Біблію, і пра задавальненне ад жыцця… Трэба набраць яшчэ з той серыі і занесці каму-небудзь з беларускіх царкоўных актывістаў, каб пераймалі вопыт.
Брашуркі такія простыя, але зусім не аўтарытарныя, надварот – разважлівыя і радасныя…

 

Рабяты, тут канешне непакоіць, што храмы нягуста наведваюцца (хаця цікава, як бы наведваліся нашыя храмы, калі б іх было столькі на душу насельніцтва), у мастацтве хапае дурнога багахульства (асабліва непрыемна, калі гэтым паграшаюць мастакі, чые астатнія творы мне па стылі падабаюцца), многа антыклерыкальных і антыцаркоўных настрояў у галовах (што часткова гістарычна абумоўлена), але…

  

 Касцёл, здаецца, за некалькі дзесяцігоддзяў палепшыў свой асноўны настрой – дух аўтарытарызму змяніўся на дух свабоды; манашкі, як ні пабачу, вясёлыя, кюрэ ветлівыя, біскуп як заходзіць, адразу рукой прыхажанам, каб паселі на месцы…

 

 У касцёле, дзе сёння была, бачыла аб’яву, да каго звяртацца, калі хочаш наведаць хворых. Яшчэ там моцна граў арган (службы ў той час не было)…

 

 …гэта толькі маё спадзяванне, але мне здаецца, што тут верагоднае блізкае адраджэнне царкоўнасці. А мо яно і ўжо ідзе – толькі не колькасна, а якасна (а наконт колькасці цяжка судзіць, бо раней было многа фармальнага хрысціянства, а зараз гэты фармалізм гістарычна адваліўся)”

 

 Так, тут у цэрквах – у розных – шануюць прыхажанаў. Паводле ўражанняў, у пратэстантаў таксама (я неяк да іх зайшла на месу, дык пастар, убачыўшы незнаёмы твар, пры першай мажлівасці падышоў, каб ветліва паразмаўляць), і ў праваслаўных (зараз хажу ў грэцкую царкву, – там ёсць абшчынны дух, ветлівыя вітанні і кава пасля Літургіі, а яшчэ святар здароваецца з людзьмі за руку, як звычайны чалавек – дробязь але прыемна… хаця не, не дробязь…).

 

 …Так што сяжу зараз на Захадзе і вызначаюся з далейшымі планамі. Раблю спробы падзяліцца сваімі ўражаннямі, прадэманстраваць радасныя адкрыцці разам з абломкамі стэрэатыпаў. Выбачаюся за фрагментарнасць. Можаце задаваць пытанні,  – калі буду ведаць адказ, адкажу.

 

 А, у завяршэнне, – невялікая хохма. Неяк чытала пра апытанне, праведзенае сярод беларускай моладзі. Апытанне наконт каштоўнасцяў. Сярод прапанаваных каштоўнасцяў быў западный образ жизни.

 

 Дык гумар у тым, што, пражыўшы на тым захадзе болей за год, – дагэтуль ня ведаю, што такое «западный образ жизни»…

 

Еўрапейская свабода мітынгаў і налепак

Еўрапейская свабода мітынгаў і налепак

Еўрапейская свабода мітынгаў і налепак

Еўрапейская свабода мітынгаў і налепак

Еўрапейская свабода мітынгаў і налепак

Еўрапейская свабода мітынгаў і налепак

Еўрапейская свабода мітынгаў і налепак

Еўрапейская свабода мітынгаў і налепак

Болей навін