Валер Ганчарэнка: я гатовы прынесці сябе ў ахвяру замест “віцебскіх тэрарыстаў”

06 снежня 2011 08:07  |  Палітыка

Інвалід другой групы Валер Ганчарэнка, хворы на адкрытую форму сухотаў, які ў нашай “сацыяльнай краіне” не можа атрымаць годнага лекавання, гатовы прынесці сябе ў ахвяру замест “бязвінна асуджаных “віцебскіх тэрарыстаў”. Па яго словах, ён не можа больш існаваць у такіх умовах. Пра гэта ён кажа ў сваёй заяве, тэкст якой прэсавая служба Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі прапануе вашай увазе.

 

“Ва ўмовах татальнага кантролю за ўсімі відамі СМІ адбываецца заканамерны працэс абалваньвання насельніцтва. Праз два дзесяцігоддзі пасля развалу СССР беларусы страцілі ідэалагічныя арыентыры. Зіяючая інфармацыйныя пустата 17 гадоў таму стала планамерна і масіравана запаўняцца фальшшу з вуснаў галоўнага ідэолага. Прэвалюючая частка беларускага насельніцтва ахвотна ці неахвотна выпесціла ў сваіх галовах інтэлектуальны фільтр у адзнаках навакольнага свету. Калі пра якуюсьці праблему ў грамадстве не казаць, дык яе быццам бы і не існуе… Але ў любой дзяржаве заўсёды ёсць свае невялікія і значныя праблемы. Папросту гэты праблемны сегмент мае жорстка акрэсленыя Валадаром краіны межы.

 

Дакуль мае сучаснікі будуць знаходзіцца ў інфармацыйнай шкарлупе? Я мяркую, што надышоў ужо час прабіць гэтую шкарлупу боязі і абмежаванняў. Тады ў адчыненую адтуліну праб’ецца промень праўды, якая асветліць наш розум, і мы пасля гэтага станем глядзець на ўсё іншымі вачыма і здолеем змяніць жыццё да лепшага.

 

Не стану апісваць шматвектарныя праблемы ўсёй сістэмы аховы здароўя РБ. Спынюся толькі на адной. Для дасягнення эфектыўных вынікаў у любой справе неабходна расстаўляць прыярытэты. У Беларусі ж доўгія гады воз ідзе наперадзе каня. Чаму так пакутвае народ? Таму, што кожны займаецца не сваёй справай: пекар шые боты, а шавец пячэ булкі… Яшчэ ў часы Сераднявечча парыкмахеры займаліся пластычнай хірургіяй і прышывалі пацярпелым насы. Гэта гістарычны факт. Зараз жа ў Багушоўскім туб. лепразорыі, а інакш гэты шпіталь назваць нельга, вярнуліся да гэтай заганнай практыкі.

 

Хто лечыць хворых на сухоты? Гінеколагі, псіхолагі і гэтак далей, г.зн.  спецыялісты вузкай спецыялізацыі, якія прайшлі кароткі курс падвышэння кваліфікацыі. Карысць ад такого лекавання для пацыентаў, пагадзіцеся, будзе даволі сумнеўнай. Тым больш, што медарсенал прадстаўлены ў выглядзе дапатопнага абсталявання і нават яго адсутнасці.

 

Напрыклад, у БАТБ (Багушоўская абласная туберкулёзная бальніца – рэд.) няма акуліста, узі ўнутраных органаў зрабіць немагчыма, а лекі 40-50-гадовай даўніны не прыносяць для хворых на сухоты людзей жаданых вынікаў. У асяроддзі некаторых медпрэпаратаў палачка Коха адчувае сябе спрыяльна, і, больш за тое, некаторыя лекі для небяспечнай бацылы з’яўляюцца хлебам штодзённым.

 

Пасля такога лекавання ў ільвінай часткі хворых адзначаецца адмоўная дынаміка. Ускосныя ўздзеянні на іншыя жыццяважныя органы ад прыёму моцнадзейных прэпаратаў здзіўляюць сваімі размахамі. Пагаршаецца праца страўнікава-кішачнага тракту, людзі страчваюць слых да такой ступені, што ім даводзіцца набываць слыхавыя апараты і акуляры ад страты зроку. Печань няздольная пераапрацоўваць масіраваную плынь хіміі і развальваецца на вачах.

 

У многіх пацыентаў выпрацоўваецца множная лекавая ўстойлівасць на тубпрэпараты. Яны ўжо пераходзяць у статус невылечна хворых (паліятыўшчыкі), якім адміністрацыя БАТБ падтрымлівае жыццё выключна жудаснымі ўмовамі знаходжання і цалкам нядобраякасным харчаваннем. А, як вядома, лекаванне тубхворых наўпрост залежыць ад паўнавартаснага харчавання і вітамінаў.

 

Нам зразумела, што ва ўмовах глабальнага эканамічнага крызісу пра добраякаснае харчаванне даводзіцца забыць. Фінансавае падсілкоўванне гэтага шпіталю ідзе не з рэспубліканскага, а з абласнога бюджэту, які трашчыць па ўсіх швах.

 

Але ж не, знаходзяцца там сродкі на пабудову ўжо другога пасля асноўнай бетоннай агароджы высокага металёвага плоту, які ахоплівае сваімі жалезнымі путамі асобнастаячы корпус ў тры паверхні вышынёй з размешчанымі ў ім трыма аддзяленнямі: першым, шостым і сёмым, разлічаным для прымусовага лекавання хворых. Усе гэтыя металёвыя путы па перыметры абсталяваныя дарагімі камерамі, якія пільна сочаць за прыватным жыццём хворых, якія на працягу дзвюх-трох гадзін (да абеду) пад канвоем санітараў прагульваюцца на адкрытым паветры.

 

З першага дня новага году на дапамогу санітарам укамплектоўваецца ўжо штат міліцыянтаў памерам з тузін з заробкамі супрацоўнікам ў некалькі мільёнаў рублёў штомесяц. Калючы дрот у запасніках адміністрацыі БАТБ ужо маецца. Засталося па вуглах плота пабудаваць вышкі – атрымаем не шпіталь, а турму, бо кожнае зачыненае аддзяленне мае на ўваходзе металёвыя дзверы, а вокны ўпрыгожаныя дэкаратыўнымі кратамі.

 

Што ж можна пабачыць за кратамі? Перанаселеныя палаты, дзе сырасць памяшкання “дапамагае” пагоршыць стан здароўя. У некаторых палатах батарэі не працуюць… У дадзены перыяд на прагулку хворыя выходзяць у целагрэйках, якія пасля прання робяцца танчэйшымі за абгорткі кніг. На пытанне пра вылучэнне зімовай верхняй вопраткі чуем адказ: а дзе ж яе браць, кал шостае аддзяленне разлічана на 40 чалавек, а набіта тут да скрайнасці і звышмеры. У любым становішчы ёсць выйсце: калі няма ў чым ісці на прагулку – адпачывай на ложку з драным матрацам.

 

З асабліва незадаволенымі гэтымі антыкамфортнымі ўмовамі змагаюцца рознымі метадамі. У скуры неўтаймаванага пацыента даводзіцца знаходзіцца непасрэдна мне. Праз тое, што я высвятляю некаторыя недахопы ў СМІ, да мяне ўжо прымацавалася мянушка “Пісарчук”.

 

Калі я з накіраваннем прыязджаю для шпіталізацыі ў БАТБ мяне не хочуць браць з матывіроўкай: ты непатрэбны ў аніводным аддзяленні. Гэта кажа галаўурач Лясная Наталля Уладзіміраўна. Яна кажа, што празваніўшы ўсіх загадчыкаў, каб мяне ўзялі на лекаванне, чуе ў адказ: “Калі Ганчарэнку В.А. ты пакладзеш да мяне ў аддзяленне, дык я напішу заяву аб сыходзе”. І гэта пры недахопе медперсаналу гучыць пераканаўча.

 

Вось і даводзіцца мне на працягу аднаго календарнага году ездзіць па розных шпіталях і мяняць аддзяленні дзясяткі разоў. Меў бы я сваё жытло, гэтыя б пытанні адпалі б самі па сабе. Але я некалькі гадоў не магу атрымаць сацжытло. Зімой 2010 года быў выпісаны з БАТБ з БК+ (адкрытая форма сухотаў), спаў у закінутых дамах горада Віцебска, вынік – абмаражэнне абедзвюх ног.

 

Усе мае просьбы аб дазволе лекавання за мяжой застаюцца безадказнымі. Просьбы аб ужыцці да мяне эўтаназіі – таксама адмова, бо закон аб ахове здароўя РБ забараняе такі від сыходу з жыцця.

 

Хочацца крыкнуць А.Р.Лукашэнка, што я гатовы прынесці сябе ў ахвяру за двух нявінна асуджаных “віцебскіх тэрарыстаў”. Не хачу я болей існаваць у такіх умовах. Звяртаюся да ўсіх неабыякавых да дадзенай праблемы. Дапамажыце сухотнікам!

 

З павагай інвалід другой групы Ганчарэнка В.А.”

Болей навін