Бітва супраць “Бітвы экстрасэнсаў”?!..
Які з варыянтаў, спадарства, вам болей падабаецца:
а) Звычайны “абывацель”, які любіць “Бітву экстрасэнсаў”, дазнаецца, што яе ня будуць паказваць з-за нейкіх хрысціянскіх актывістаў, да таго ж заангажаваных у палітыку (“палітызваных”). Такім чынам, у яго свядомасці ўзнікае вобраз інквізітараў, якіх прагнуць сёння забараняць перадачы, а заўтра паліць ерэтыкаў.
б) Той самы “абывацель” глядзіць сабе па вечарох “Бітву экстрасэнсаў”, а потым, праходзячы каля царквы, атрымлівае друкаваны лісток паперы, якую яму ўручае ветлівая актывістка. Тэкст улёткі кажа пра шкоду акультызму. “Абывацель”, мажліва, задумаўся. Калі і не – ва ўсялякім разе, у яго ёсць і інфармацыя, і выбар.
Спадарства, я, напрыклад, не для таго ўступала ў хрысціянскую партыю, каб ад яе імя чыніць забароны для “абывацеляў” (свядома бяру гэтае слова ў кавычкі). Так можна дакаціцца да таго духа дабрачэсных забаронаў, які так абрыд у некаторых нізкапробных праваслаўных (ці баптысцкіх, якая розніца, калі прымітыў) брашурках….
Спадарства, няўжо і мы наступаем на граблі страху перад рызыкай, якую нясе чалавеку ягоная свабода выбару?!..
Бог, напрыклад, пайшоў на гэткую рызыку…