Удзельніка галадоўкі ў сухотнай лякарні змясцілі ў псіхіятрычнае аддзяленне

23 снежня 2011 08:57  |  Грамадства

Сябар Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Валер Ганчарэнка, які 12 снежня ў Багушэўскім абласным сухотным шпіталі (Віцебская вобласць) абвясціў галадоўку супраць жудасных умоў лекавання хворых, на восьмы дзень галадоўкі быў змешчаны ў псіхіятрычнае аддзяленне.

 

“Пасля працягнення мною галадоўкі штодзённа і планамерна мяне стала выклікаць на размовы загадчыца псіхіятрычнга аддзялення, бо галаўурач прыйшла да высновы, што змагацца з іншадумствам трэба такім чынам. Пасля мяне змясцілі ў 1-е псіхіятрычнае аддзяленне. Спосабы змагання з іншадумствам з дапамогай псіхіятрыі вядомыя нам яшчэ з савецкіх часоў”, – адзначыў ён.

 

Нягледзячы на тое, што Валера Ганчарэнку змусілі адмовіцца ад галадоўкі, ён не збіраецца адмаўляцца ад свайго змагання. “Іншых спосабаў няма”, – паведаміў ён, падкрэсліўшы, што адміністрацыя не пайшла на паляпшэнне ўмоў у лякарні.

 

Валер Ганчарэнка заклікаў людзей добрай волі і журналістаў самім азнаёміцца з сітуацыяй у шпіталі. Ён адзначыў, што ніводны прадстаўнік дзяржаўных смі не звярнуў увагу на яго праблему – толькі незалежныя, бо яны “не кормяцца з катла Бацькі”. “Ільвіная частка медперсаналу ніколі не вынясе смецце з хаты, баючыся страціць месца працы і падвышаны заробак за шкоднасць і небяспеку, падмацаваныя разнастайнымі льготамі”, – распавёў ён.

 

Паводле яго словаў, у Багушэўску “вельмі складана знайсці хоць нейкую працу ва ўмовах найжорсткага крызісу, якога, па заявах кіраўніка дзяржавы, ў нас няма”, “А працадаўца ў асобе галаўурача Лясной Н.В. працаўладкавала блізу 200 чалавек у шпіталі. Яны не захочуць кусаць руку, якая іх корміць. Ніколі не чуў, што паталагаанатамы з’яўляюцца найвышэйшымі спецыялістамі ў іншых сферах. Але ў БАТБ ўсё магчыма. Згодна з дамовай ён атрымаў н-ную суму за ачыстку ваданапорнай вежы, што ўпрыгожвае сваім выглядам БАТБ. Так, грошы ў сямейны бюджэт трэба папаўняць. А сямейная кланавасць працаўнікоў не ўяўляе сабой выключны выпадак. Факт, што жонкай паталагаанатама ёсць ужо вядомая ўсім Лясная”, – сказаў Валер Ганчарэнка.

 

“За час майго доўгага знаходжання тут адбылося некалькі суіцыдальных выпадкаў з летальным зыходам. Сямейная ж кланавасць дазваляе гэтым фактам знікаць з афіцыйнай статыстыкі. Напрыклад, адзін хворы, не маючы магчымасці змагацца са сваёй хваробай, чацвертаваў сябе, ускрыўшы на руках і нагах вены. Пасля маёй заявы ў абласную пракуратуру з просьбай зрабіць эксгумацыю трупа з наступнай экспертызай сапраўднай прычыны смерці я атрымаў адказ, што дадзеная структура фізічным асобам такой інфармацыі не дае. Таямніца смерці пахаваная ўжо ў зямлі”, – распавёў ён.

 

“Другі выпадак. Пасля праходжання хворым курсу інтэнсіўнай тэрапіі, ён таксама сышоў у іншы свет. Падчас гэтага “лекавання” ён накіроўваў розныя скаргі, напісаныя мной. Таму я знаёмы з такімі выпадкамі не па чутках. Пасля яго смерці я зноў звярнуўся ў пракуратуру с просьбай прыцягнуць да крымінальнай адказнасці загадчыцы 7-га аддзялення Нікіфараву Надзею Леанідаўну (зараў яна загадвае псіхіятрычным аддзяленнем). Адказ атрымаў: лекі прызначала не адна яна, а кансіліюм лекараў. Так што, шукаць вінаватага няма дзе. Ёсць мноства іншых падобных выпадкаў”, – заявіл Валер Ганчарэнка.

 

Паводле ягоных словаў, падчас усталёўкі новага рэнтгенаўскага апарату быў задзейнічаны кранаўшчык, якому быў выплачаны ганарар наяўнымі. Да таго ж, “калі ўзімку з тэрыторыі шпіталю вывезена паводле дакументаў тры грузавікі снегу, то на самой справе была адна машына, а спісаны бензін “выцякае” ў іншае месца”. “Бліскае ашуканствам галоўурач выдатна”. – распавёў удзельнік галадоўкі.

 

Ён таксама паведаміў пра ўмовы, з якімі сутыкаюцца людзі ў псіхіятрычным аддзяленні № 1, куды яго змясцілі ў выніку галадоўкі. Паводле яго словаў, рамонт у аддзяленні не праводзіўся доўгія гады, дзвераў у палаты няма, а на вокнах – краты. “Пасылкі, што прыходзяць хворым, знаходзяцца ў сястрынскай і выдаюцца маленькімі партыямі без усялякага кантролю”, – сказаў ён.

 

Валер Ганчарэнка распвёў, што пацыентаў для атаварвання ў шапік суправаджае санітар, які і аплочвае пакупкі за кошт сродкаў хворага.

Болей навін