Павал Севярынец: Беларуская глыбіня. Пракаповіч на Полі цудаў

14 студзеня 2012 10:15  |  Жывая кніга Паўла Севярынца

А той, хто атрымаў адзін талент, пайшоў і закапаў яго ў зямлю, і схаваў срэбра гаспадара свайго. 
Мацвея 25:18

Паўз дарогу з Берасцейскай трасы на Пружаны — бясконцыя чароды яблыневых садоў. Дрэўцы маленькія, прыгожанькія — казка. «Галандскія», — са знаўствам кажуць тутэйшыя. Але чые?

— Пракаповіча, як чые?

М-м-м. Канечне. Вядома, што колішні кіраўнік Нацбанка Пятро Пятровіч Пракаповіч з гэтых краёў… Авой, якая цацачная імпартовая тэхніка!

— Ну, гаспадаркі Нацбанка. Не глядзі так: ягоныя. Ягоныя!

А далей вёсачка Казлы, адкуль Пятро Пятровіч родам, — альпійскай прыгажосці.

Пытанне, чыімі высілкамі і коштам у Пружанах у

2003-м адбыліся рэспубліканскія «Дажынкі», пабудаваныя лядовы палац, гатэлі і аквапарк, павісае ў паветры. Здаецца, увесь тутэйшы гламур, мадэрнізацыя і іншая бліскучая дарагоўля моўчкі глядзяць на вас еўрапакетамі — праз знакамітыя акуляры нашага Маркіза дэ Карабаса.

Народжаны ў 1942-м на Пружаншчыне (між іншым, тады тэрыторыя Трэцяга Рэйху, Рэйхскамісарыят «Украіна»), Пракаповіч карыстаецца паўсюднай павагай палешукоў. «Дзядзька — во! — кажуць. — Ціхі такі, маўчыць, слухае, усіх выслухае, а пасля — хоп і агучвае адзіна правільнае рашэнне». Проста цар Саламон, калі ўлічваць фотасесіі каля залатых зліткаў.

Хм.

Толькі калі Пятро Пятровіч такі харошы, чаму ж ён не ў апазіцыі?

Пакуль адзін вядомы Пракопавіч пракопваў дарогу да ўлады праз плошчу і турэмныя сцены — наш Пракаповіч закопваў гэту самую ўладу, канвертаваную ў беларускія рублі, сярод тутэйшых тарфянікаў. Грошы, надрукаваныя для ўсёй Беларусі, вывозіліся ў Пружанскі раён, на запаветныя палі паміж Белавежскай і Ружанскай пушчамі, пагружаліся ў беларускую глыбіню — і крэкс, пэкс, фэкс! — з гэтых пяці пасеяных сольда праклёўваліся… не, чамусьці не залатыя дрэвы з манетамі 585-й пробы замест лісця, але такія наліўныя — нішто сабе — галандскія яблычкі, аграсядзібы, дзівосныя лісы Алісы, каты Базіліа ды скараспелыя алігархі.

На калгасы, куды ў свой час запампоўвалі тыя самыя сотні мільёнаў даляраў эмісійных нацбанкаўскіх грошай, узятых проста з паветра («Айчына», «60 гадоў БССР», які пружанцы называлі «60 гадоў без ураджаю», былы «Савецкі», а цяпер «Жураўлінае», скляпанае з пяці гаспадарак «Ружаны-Агра»), люд глядзіць з сумессю зайздрасці і пагарды. Зласловяць: калі згары сыпаліся «залатыя», хадзілі гогалем ды трэслі вясёлкавай статыстыкай. Гаспадары! А цяпер, калі Пятровіч сышоў, і пустыя рублі гукнуліся ўсёй краіне, спахапіліся — як жыць?!

Хтосьці казаў: «Дзе грошы, Саша?» Але надта цікаўным бурацінам, якія любяць соваць свой доўгі востры нос у прыгожыя намаляваныя палотны, каб даведацца, што ж там, за даматканым агмянём насамрэч, можна толькі параіць быць больш асцярожнымі: таямніцы Маркіза дэ Карабаса ахоўваюць пракуратура, міліцыя і невядомыя ў цывільным з незапамінальнымі рысамі твару.

Калісьці Сапегі, Радзівілы, Абрамовічы ды Храптовічы таксама ўкладалі багацце ў сваю зямлю — дагэтуль іхнія палацы ды сядзібы, фундаваныя імі цэрквы і касцёлы трымаюць на сваіх плячах неба па-над Беларуссю.

А што застанецца тут ад Пятра Пятровіча?

Невыпадкова пасля адстаўкі Пракаповіча заўважылі на экскурсіі ў Ружанах, дзе паціху аднаўляецца замак Сапегаў…

У рэшце рэшт, і такіх цяперашніх магнатаў, як Пракаповіч, або берасцеец Аляксандр Машэнскі (што спансаруе будаўніцтва храмаў ды мінскае хакейнае «Дынама), або бярозаўскі алігарх Юрый Чыж (што ўтрымлівае «Дынама» футбольнае), ці піцерскі прадпрымальнік з беларускімі каранямі Мікалай Бурнас (што адбудаваў у Пушчы сядзібу «Белавежтур») — цягне і рана ці позна зацягвае беларуская глыбіня.

Бо ўсім, усім нам ляжаць у гэтай балоцістай, дзе пясчанай, дзе сугліністай, дзе тарфяной зямлі — праху, адкуль мы ўзятыя і куды вернемся — у чаканні Прышэсця. Заміраць. Прыслухоўвацца, як расце трава. Як цябе топчуць, памінаюць і забываюць… Ляжаць ціха-ціха, быццам закапаным талантам, па якія ўрэшце сапраўдным Гаспадаром прыйдзе і спытае з кожнага па справах ягоных Госпад Бог.

Болей навін