Богаяўленне – больш значнае свята за Нараджэнне Хрыстова
19 студзеня праваслаўныя хрысціяне святкуюць адно з 12 галоўных святаў года Богаз’яўленне ці Хрышчэнне Гасподняе, якое ў беларусаў яшчэ называецца Вадохрышчам. Гэтае свята – ўспамін таго дня, калі Госпад Ісус Хрыстос прыняў хрышчэнне ад Іаана Прадвесніка ў рацэ Іярдан.
Богаз’яўленнем гэтае свята называецца таму, што ў гэты дзень Бог з’явіў сябе свету ў трох асобах: голасам з Неба Бог Айцец засведчыў пра Ісуса Хрыста — Бога Сына, на якога сышоў Дух Святы ў выглядзе голуба. У першыя стагоддзі хрысціянства Богаяўленне было больш значным святам, чым Нараджэнне Хрыстова.
На свята Хрышчэння Гасподняга людзі ўзгадваюць сваё хрышчэнне і сваё абяцанне Богу жыць па біблейскіх запаветах. Таксама ў гты дзень шмат хто хрысціць сваіх дзетак. Напярэдадні свята ў славу Святой Тройцы ўстаноўлены строгі пост — Хрышчэнская ці вадзяная куцця.
На Вадохрышча ў цэрквах адбываецца Вялікае асвячэнне вады, калі яна набывае першапачатковую дабраславенную сутнасць, якую мела падчас стварэння свету. Вернікі прыносяць гэтую ваду дадому і захоўваюць на працягу года. Лічыцца, што яна ахоўвае дом ад бед, а дамачадцаў — ад сурокаў і хвароб.
Нярэдка пасля літургіі ў храмах святары і вернікі ідуць да рэчак, азёр, калодзежаў і іншых вадаёмаў (“Ход на Іярдан”), выразаюць там крыжападобную палонку і асвячаюць ваду. У народзе лічыцца, што палонка і месца вакол яе валодае вялікай цудадзейнай сілай, таму зараз вяртаецца спрадвечная традыцыя тройчы з галавой акунуцца ў ваду. Нягледзячы на тое, што якраз гэтымі днямі ўзмацняюцца хрышэнскія маразы, лічыцца, што захварэць падчас хрышчэнкага купання нельга.
Святар мінскага кафедральнага Свята-Духавага сабора, перакладчык літургічных тэкстаў на беларускую мову пратаярэй Сергій Гардун распавядае:
“Свята Хрышчэння Гасподняга, або, як называюць яго ў народзе, Вадохрышча, трэба адзначыць, што гэтая народная назва не выяўляе сутнасці свята, а толькі нагадвае пра асвячэнне вады ў гэты дзень. Назва “Хрышчэнне Гасподняе”, канешне, указвае на самую падзею, якая святкуецца, – Хрышчэнне Госпада ў рацэ Іярдан. Але ёсць яшчэ адна назва гэтага свята – Богаз’яўленне. І гэтая назва старэйшая, чым назва Хрышчэнне Гасподняе, хоць і ўжываецца цяпер не вельмі часта. Варта адзначыць, што і самое свята Багаяўлення вельмі старажытнае. Яно ўзыходзіць да апостальскіх часоў і згадваецца ў апостальскіх пастановах.
У II ст. пра яго піша вядомы хрысціянскі пісьменнік Клімент Александрыйскі. Змест свята быў вельмі шырокі. Тут святкавалася і нараджэнне Госпада, і пакланенне Яму валхвоў, і Яго ўступленне на грамадскае служэнне, і самая падзея Хрышчэння, і першы цуд Госпада на вяселлі ў Кане Галілейскай. У IV ст. царкоўная свядомасць прыйшла да рашэння асобна адзначаць дзве важныя падзеі – падзею нараджэння Хрыстовага – і так з’явілася свята Ражаства – і падзею Хрышчэння Гасподняга. Пры гэтым у падзеі Хрышчэння мы звяртаем увагу не толькі на тое свяшчэннадзеянне, якое здзейсніў святы Іаан Хрысціцель над Госпадам – пагружэння Яго ў ваду, – але і на з’яўленне Святой Троіцы: Бог Айцец сведчыў пра Свайго Сына, Сын Божы прыняў Хрышчэнне, а Святы Дух у выглядзе голуба сышоў на Сына. Гэтая падзея ўмацоўвае нашу веру ў Святую Троіцу, паказвае нам неабходнасць Хрышчэння для нашага выратавання і выклікае ў нас пачуцце бязмернай падзякі нашаму Госпаду і Збаўцу.
Багаз’яўленне з’яўляецца больш значным святам і таму, што пра тое, што на зямлю прыйшоў Збаўца, даведалася больш людзей, чым у дзень яго нараджэння.
У Багаслужэбовых тэкстах падкрэсліваецца перавага свята Багаз’яўлення над святам Раства. «Светел убо мимошедший праздник, светлейший же, Спас, приходящий… Воплотивыйся и паки грядый яве, Господи, слава Тебе» (Мінея, 2 студзеня першая сціхіра на сціхоўне вячэрні) «Ясен убо мимошэдший празник, славнейший же настоящий день…(там жа 3-ая сціхіра).