Твары

02 лютага 2012 17:51  |  Блог Анатоля Астапенкі

Мова ці кілбаса? Такая дылема часта абмяркоўвалася ў розных колах беларускага грамадзтва ўва ўжо далёкія дзявяностыя гады. Дваццаць год – гэта мяжа пакаленьняў. За гэты час вырасьлі новыя людзі, ня ведаўшыя ўжо савецкай рэчаіснасьці. І яны вырасьлі ў грамадзтве, дзе выбралі другі – кілбасны варыянт жыцьця. З 1995– 1996 гадоў пачаўся наступ на родную мову, на парасткі дэмакратычных зносін, на тое, што ў сьвеце завецца правамі чалавека і шмат яшчэ чаго добрага, сьветлага.

 

Я добра памятаю, як часта гучалі ў тыя першыя гады станаўленьня малодой беларускай дзяржавы словы «нацыянальная сьведамасьць». Людзі перажывалі за недахоп гэтай «сьведамасьці», турбаваліся за тое, каб мага хутчэй стаць паўнакроўнымі беларусамі, хадзілі на курсы беларускай мовы; выкладчыкі ВНУ чыталі па-беларуску лекцыі, а чыноўнікі дзяржустаноў уводзілі беларускае справаводзтва…

 

Але народ выбраў кілбасу. Так званае двухмоўе – гэта выбар кілбасы. Замена нацыянальнага сьцяга на мадыфікаваны савецкі – гэта таксама выбар кілбасы. Кілбасны варыянт жыцьця далёка ідучая зьява. Новае пакаленьне вырасла на гэтай ідэялёгіі. Яны ўжо не разумеюць тых дзядзек і цётак, што выйшлі 30 кастрычніка 1988 года на святкаваньне нейкіх «Дзядоў» і былі брутальна разагнаны міліцыяй й спэцслужбамі.

 

Кілбасная ідэялёгія простая і складаецца з двух асноўных выслоўяў: «Чарка ды шкварка» і «Абы не было вайны».

 

І трэба сказаць, што пэўны час у Беларусі гэтыя арыенціры ў нейкай меры й сапраўды былі на вышыні і нават выконваліся. Сапраўды – чаго, чаго, а чарак у нас хапала. Дзясяткі, дзе там – сотні гатункаў гарэлкі вас чакала й чакае ў любым занядбаным гастраномчыку ад сталіцы да глухой палескай вёсачкі. І гарэлка ў Беларусі аказалася самай таннай на ўсёй прасторы былога СССР. Таму ня дарам у суседнюю Польшчу, ці Літву больш за літар не перавязеш. Бо падарвеш нашу эканоміку… А ў нас «асаблівы беларускі шлях». Гэтая асаблівасьць амаль «геніяльная»: існаваць у цэнтры рынкавай эканомічнай прасторы, але весьці сваю нутраную эканоміку сваім, правераным на прасторы савецкіх саўгасаў, чынам, заснаваным на падпарадкаваньні ўсёй гаспадаркі аднаму чалавеку. І сапраўды – у Беларусі была вынайдзена свая формула эканомікі, якую можна сфармуляваць ну хіба так: «мадэль экстрапаляцыі калгаснага (саўгаснага) кіраваньня на прастор сярэднеэўрапейскай дзяржавы». 

 

У выніку культ чаркі прывёў да жахлівах лічбаў: спажываньне усіх гатункаў алкагольных напояў на душу насельніцтва ў Беларусі павялічылася з 6,7 літры ў 1995 годзе да 15,13 літраў у 2010-м. Што гэтая лічба значыць? А вось што. Заўважана, што калі ўжываньне алкаголю перасягае 8 літраў у год на душу насельніцтва, то пачынаюцца незваротныя адмоўныя працэсы ў фізычным і псыхічным здароўі людзей, г. зн. дэградацыя нацыі.

 

Цяпер пра шкварку. Што гаварыць – і мясныя, і кілбасныя вырабы ў Беларусі ёсьць. Але параўнаем цэны на гэтыя вырабы ў нас з цэнамі ў суседніх Польшчы і Прыбалтыцы. Гэтае праўнаньне будзе яўна не накарысьць нашае эканомікі. Затое, на гарэлку ў гэтых краінах цэны непараўнальна вышэй за беларускія. Зададзімся пытаньнем: “Чаму урады заходніх краін трымаюць такія высокія цэны на алькаголь, а у нас ён даступны нават школьніку? Чаму ў цывілізаваных краінах дбаюць пра здароўе нацыі, а ў Беларусі да чалавека ставяцца як да быдла і робяць усё каб ператварыць яго ў быдла?” Адказ просты: таму, што там, у свой час, яны выбралі мову, а не кілбасу! Я не жартую. Узгадаем, як яшчэ ў савецкай прэсе канца 80-х – пачатку 90-х гадоў гучалі жаласьлівыя галасы, пра нібыта парушэньне правоў рускамоўнага насельніцтва ў Прыбалтыцы, бо там за дзяржаўныя мовы былі абраныя нацыянальныя – літоўская, латышская і эстонская.

 

І перамагла там мова! Што з таго? А вось што. Стартавыя ўмовы у нас былі аднолькавыя. Але нашыя паўночныя суседзі цепер далёка на перадзе ў шляху да дэмакратычнага, цывілізаванага грамадзтва. Таму што яны паставілі наперад асобу чалавека, яго асобу, якая складаецца найперш з духоўнага складніка, а потым ужо з фізычнага цела, пра што ўпарта не хочуць думаць у нас. Духоўнасьць – гэта, канечне, не толькі мова. Хоць мова важнейшы элемент нацыянальнай сьведамасьці. Духоўнасьць – гэта павага й любоў да свайго бліжняга, гэта павага да сваёй гісторыі і веданьне яе, гэта не падвываньне заежжаным расейскім хітам накшталт “Падмаскоўных вечароў”, а сьпевы беларускіх калядак на Новы Год, альбо “Купалінкі” на сваіх іменінах. Гэта паніхіда ў царкве на Радуніцу, а не масавая п’янка на могілках “Міхнавічы”. Духоўнасьць – гэта калі былога кіраўніка дзяржавы запрашаюць на ўсе важнейшыя дзяржаўныя і нядзяржаўныя мерапрыемствы, даюць пэрсанальную пэнсію, а ўлетку накіроўваюць на лепшыя курорты для адпачынку. Гэта я, каб нагадаць, што Станіслаў Шушкевіч – першы кіраўнік незалежнай Беларусі да гэтага часу атрымлівае пэнсію ў памеры 1 даляр (!), а на нядаўніх святкаваньях 20-ці годзьдзя падпісаньня Белавежскіх пагадненьняў у беларусім эфіры і дзяржаўных СМІ яго імя нават не згадвалася, а кадры хронікі тых часоў старанна чысьціліся каб не дай Бог былы сьпікер туды не патрапіў. Але ж падпісваў ён тыя пагадненьні, падпісваў і гэта факт гісторыі, панове! 

 

Пагарда да свайго народа і абыдлячваньне  стала дзяржаўнай палітыкай. Няма такой краіны, дзе б лепшыя яе творчыя прадстаўнікі, аб’яднаныя ў Саюз пісьменьнікаў, фактычна, апынуліся на адной лаве са злачынцамі і іх выганялі з працы за членства ў гэтым Саюзе. І ў той жа час зусім нядаўна – два дні назад – прэзыдэнт урачыста ўрачае штогадовую прэмію “За духовное возрождение” тым прадстаўнікам творчых прафэсій, што ўпісаліся ў “прыдворную культуру”, сьпяваюць па БТ геніяльныя шэдэўры падлізваньня, тыпу “Саня останеться с нами” і зьбіраюць на тым жа БТ “вострыя” перадачы ў складзе халуёў-рэдактараў дзяржаўных СМІ.  

 

Каб утрымацца каля “карыта” мы здалі не толькі сваю мову. Мы здалі сваю годнасьць, своё сумленьне, хрысьціянскую маральнасць. Мы прадалі сваю душу, як некалі Фаўст і мноства іншых пэрсанажаў гісторыі.

 

Мы здалі сваю будучыню.

 

Апошнім часам мне даводзіцца бываць у суседняй Польшчы, у Варшаве. Зьнешне тыя ж людзі, вопратка тая ж – сінія джынсы, курткі, тая ж мітусьня і тлум вялікага гораду, што і ў Мінску…  Але ўжо праз кароткі час пачынаеш адчуваць і бачыць вялізную розьніцу паміж намі. І найперш гэта твары. Вопратка аднолькавая, а твары – розныя. У варшавян няма такой глыбіні безнадзейнасьці і занядбанасьці як у нашага замучанага праблемамі мінчука. На нашых тварах – ад высокага начальніка да бяздомнага бамжа ляжыць пячатка трывогі, страху перад будучым днём, ён адлюстроўвае няпэўнасьць і адвечны клопат свайго ўладара. Яго носьбіт жыве ў атмасфэры страху, несвабоды. Ён баіцца не толькі выйсьці на мітынг альбо дэманстрацыю, а нават моўчкі пастаяць на плошчы. Бо могуць забраць… Ён моўчкі перанёс увесь зьдзек над ягоным кволенькім дабрабытам, што абрынуўся на яго ў выніку эканамічнага краху мінулага году і адно паўтарае запраграмаваны тэкст “Абы не было вайны…”

 

А вайна ўжо адбылася. Душа прададзена. Засталося толькі цела, якое некалі напаўняла тая душа і цяпер гэта толькі механіка, вінцік, што належыць магутнаму клану – уладальніку карыта. Целу беларуса мала што трэба. І гэта відаць па яшчэ адным назіраньні. У Варшаве ёсьць адна лінія метро. Калі вы зайдзеце ў вагон метро, то ня цяжка будзе заўважыць адну важную рысу – шмат людзей чытае. Чытаюць газеты, часопісы, але галоўным чынам кнігі. У Мінску ніхто не чытае. Калі я ўзгадваў гэтую акалічнасьць, едучы ад Купалаўскай станцыі дадому, то адзначыў – толькі адзін чалавек сядзіць з кніжкай у дастаткова напоўненым вагоне. Гэтым чалавекам быў я. 

 

І апошні вынік кілбаснага выбару. Гэта сучасныя выбары. Мне сьмешная гэтая мітусьня вакол так званых выбараў і “умовы”, што зьбіраюцца высунуць апазіцыйныя партыі уладам, пасьля якіх, маўляў, гэтае апазіцыйнае панства зробіць вялікую ласку і прыме ўдзел у іх.

 

Вас спадары ніхто не пытаецца і не будзе пытацца як праводзіць выбары, будуць выкананыя вашы ”умовы” ці не будуць – “фшыстко едно”, будзе так як трэба правячаму клану. Усякае супрацоўніцтва з рэжымам робіць яго легітымным. Ну, задоволяць вашы ўмовы, выпусьцяць вязьняў, зноў будзеце бегаць і крычаць: “Нас народ паслухае!…” Зноў ніхто з вас не трапіць у парлямэнт, бо месцы там ужо даўно разьмеркаваныя. І што далей? Затое дзякуючы вашаму ўдзел выбары зноў прайшлі “на дэмакратычнай аснове”, былі вельмі “празрыстымі”. А вязьняў пасьля выбараў набяруць новых, ды й старым трэба будзе дабавіць – не даседзелі ж…

 

Што я прапаную? Зразумела, байкот! Як прапаноўваў, дарэчы, напярэдадні ўсіх мінулых выбараў пасьля 1996 году.

Болей навін