Павал Севярынец: Беларуская глыбіня. Лёгкія-лёгкія
Прыдзеце да Мяне, усе струджаныя і прыгнечаныя,
І Я супакою вас; вазьмеце ярмо Маё на сябе
І навучэцеся ад Мяне,
бо Я лагодны
І пакорлівы сэрцам;
і знойдзеце супакой
Душам вашым;
бо ярмо Маё добрае і цяжар Мой лёгкі.
Мацвея 11:28-30
Чалавек не адчувае сваіх лёгкіх. Там проста няма нерваў. Мы проста лёгка дыхаем, лёгка ўдыхаем і выдыхаем паветра, поўнае волі, страху і духаў злосці паднябесных — аж да тае пары, пакуль аднойчы не пачынаем харкаць крывёю.
Сухотнікаў з «закрытай формай» або залечаных хапае на сутках і «хіміі». Такі адразу пачынае задыхацца ад сырасці і смяротна баіцца плесні. Гле-дзячы на гэтых хударлявых, пракураных і закашляных, кашчавых у літаральных сэнсе лёгкіх асуджаных (тут іх сёй-той называе «арганізмамі»), адразу згадваю Валеру Ганчарэнку.
Ганчар, Ганчарык, Ганчарэнка… Беларусы, што жывуць на цяжкой ды коўзкай глебе, — прыроджаныя ганчары.
Усё спрабуюць вылепіць са сваёй цяжкай зямлі штосьці вартае, а гэны беларускі суглінак, перасыпаны пясочкам, усё трэскаецца ды б’ецца… Віктар Ганчарэнка — наймаладзейшы трэнер, які лепіць з БАТЭ каманду еўрапейскіх чэмпіёнаў. Вячаслаў Ганчарэнка — пастар царквы «Новае Жыццё» — вылепіў з былога кароўніка цудоўны дом малітвы, адзіны з хрысціянскіх іерархаў, хто адкрыта падтрымаў матуляў і жонак палітвязняў. І вось яшчэ адзін з племені ганчарэнак-беларусаў, здольных завязваць зямную плоць вузлом — Валер.
З гэтым сухотнікам я пазнаёміўся, калі мы стваралі БХД: ён пераслаў поштай ліст ды аб’ёмісты рукапісны трактат па хрысціянскім багаслоўі. Сам ён то адлежваўся ў шпіталях, то бадзяўся па электрычках, пераязджаючы з месца на месца, то знаходзіў прытулак у віцебскіх ксяндзоў; сям-там яго бачылі нападпітку.
Увосень мінулага года Валер Ганчарэнка чарговы раз загрымеў у Багушэвіцкі абласны сухотны шпіталь. Нават для чалавека, знаёмага з выпадковымі начлегамі, умовы ўтрымання тут выклікаюць агіду. Сырыя пакоі ды калідоры. Абы-які догляд. Ну а сухотнікі, яны ж вельмі чуйныя на «гніль».
Ганчарэнка кінуў выклік галоўнаму доктару шпіталя — Наталлі Лясной.
Супрацьстаянне сапраўды атрымалася эпічным: хворы бадзяга-вальнадумец у атачэнні гэткіх жа адрынутых — і жалезная лэдзі ў белым халаце, з мужам, галоўным патолагаанатамам раёна, і цэлым спецназам санітараў, міліцыі і пракуратуры за спінай.
Валер абвясціў галадоўку пратэсту, прычым звязаў гэта з прысудам Канавалаву і Кавалёву: «Лепш памерці, чым жыць у такіх умовах!» А Багушэўск яшчэ памятае май 2008-га, масавую галадоўку пацыентаў таго ж шпіталя… У выніку Ганчарэнку (маўляў, «пагражае нанесці шкоду свайму здароўю») змясцілі ў псіхіятрычнае аддзяленне і пачалі калоць псіхатропы.
Ганчарэнка ўцёк.
Валеру злавілі ў Віцебску, прывезлі назад у шпіталь і змясцілі ў палату з кратамі на вокнах і дзвярах. Мабільныя, асадкі і паперу адабралі ва ўсяго аддзялення. Цяпер нават у прыбіральню — толькі ў суправаджэнні санітара.
Цяпер Валеру Ганчарэнку можна хіба напісаць або перадаць перадачу: Віцебская вобласць, Сенненскі раён, г/п Багушэўск, БОТБ, 211510.
Часам пачуеш: каго вы ўзяліся абараняць? Бамжа, невылечнага скандаліста? Але ўмовы ў Багушэўскім шпіталі сапраўды нялюдскія. Урэшце, ад тых самых «антысацыяльных» сухотаў памерлі Шапэн, Гашак, Оруэл, святая Тэрэза, Жылка ды Багдановіч.
Увогуле, да траціны лю-дзей вакол нас — носьбіты палачкі Коха. Хвароба забірае хіба аслаблых: штогод у Беларусі захворвае да 5 тысячаў чалавек. Ды і сама краіна, якую з яе балотамі ганарова называюць «лёгкімі Еўропы» (так і хочацца дадаць — «апошнія лёгкія Еўропы», еўрапейцы нервова кашляюць), ужо даўно ў закратаванай сухотнай палаце пад псіхатропамі.
«Лёгкія-лёгкія, нашы далёкія, — спяваў Лявон Вольскі, — цяжкія-цяжкія блізкія нашыя!»
Часам, здаецца, набіраеш глыбока паветра ў грудзі і з цябе на волю рвецца, ніяк не вытхнецца пачварны, ніколі дагэтуль не выдыханы беларусам паветраны шар. Невыносная, як той казаў, лёгкасць быцця — таго самага, што вызначае свядомасць.
Тое, што мы па жыцці лёгка дыхаем і пакуль не хрыпім, — яшчэ нічога не азначае. Бо кожны з нас — і жалезная лэдзі ў белым халаце, і хворы бадзяга-вальнадумец, і санітар, каторы таго вальнадумца водзіць у прыбіральню ды зачыняе на ключ, і той чытач, якому ўсё гэта фіялетава — у рэшце рэшт зробіць сваімі лёгкімі, здаровымі або гнілымі, апошні ўдых, і лёгенькай душою выправіцца туды, дзе чалавеку вызначыў месца паводле справаў ягоных Госпад Бог.