Дапамажыце ўспомніць…

08 лютага 2012 08:18  |  Блог Маргарыты Тарайкевіч

Я прачытала зіхатлівы, містычны тэкст Дар’і Кастэнкі «Крыло матылька» – рэкамендую і вам, спадарства, яго пачытаць:http://wozhyk.livejournal.com/432874.html

Апісанне незвычайнага сну аўтаркі «Сакавіцкага дзённіку»  дапамагло мне адчуць – на дыстанцыі, таму вельмі паэтычна, – той жах, які ходзіць ветрам па беларускіх вуліцах, і пранікае праз шчыліны хатаў і кватэраў, і напаўняе свядомасць асцярожнасцю, што пагражае пасіўным прыняццем гэтага страху, як быццам бы жывой істоты, – прыняццем і падпарадкаваннем ейным няпісаным правілам…

І я з сорамам, – а можа, з жалем, а можа, проста з сухой канстатацыяй факта, – адчула, што я адарвалася; што мая душа памятае «змаганне» паводле ўражанняў, атрыманых у часы касметычнай лібералізацыі, а тады для грамадзянскай актыўнасці варта было ўсяго крыху веры і надзею на Божую дапамогу у спалучэнні з маёй прыроднай непрактычнасцю; што я не зведала таго што пачалося пасля 19 снежня 2010 і таму не магу аўтарытэтна заяўляць, як трэба дзейнічаць беларусам на Радзіме.

Спадарства, а я вось шаргатала ўлёткамі толькі падчас лібералізацыі 2009-2010… Тады гэта было радасна. Тады яшчэ не спраўдзіліся інтуіцыі тых людзей, якія баяліся ставіць подпісы, – інтуіцыі, якіх усё адно, пры пэўным раскладзе каштоўнасцей, слухацца не варта, а слухаць можна толькі ў плане падрыхтоўкі да горшага.

Я і забылася, якія там, на радзіме, сняцца сны.

А калі калега-афрыканец запытаўся, што канкрэтна ў беларускай дыктатуры было дрэнна, у чым была несвабода, у чым канкрэтна я паспытала рэпрэсіяў, я… не знайшла, што адказаць!

Я толькі помню, што ў мяне вочы вылупліваліся ад недарэчнасцяў, недэмакратычнасцяў і непавагаў, калі працавала амаль у сэрцы дракона – у ідэялагічнай сферы, педоргам…

Я толькі помню, што я была напачатку настроена на ўсё глядзець пазітыўна, але ад дэпрэсіі мяне выратавала, як Божы дар, пачуццё гумару і здольнасць кінуць кроплю ў мора ў таемным спадзеве, што ад тае кроплі будзе нейкая ланцуговая рэакцыя…

І ведаю, што, каб я перайшла на беларускую мову, каб я нарэшце асмелілася зрабіць гэты крок, – мяне трэба было моцна дастаць…

І тое, што толькі праз годзік эміграцыі я магу спакойна глядзець на спулучэнні чырвонага з зялёным.

І галоўнае, тое, што я раней лічыла грахом непаслухмянасць уладзе, і зноўку ж трэба было нечага набачыцца, каб у д а к л а д н і ц ь свае погляды… Я ведаю, што, каб я «сышла» ў апазіцыю, на гэта трэба было вескіх прычынаў.

А што тут казаць афрыканцу, які бачыў, як забіваюць людзей на маніфестацыях? Расказваць пра нездаровую атмасферу прэзідэнцкіх хакеяў, калі чыноўнікі нярвова зіркаюць па трыбунах, баючыся, што будуць пустыя месцы, і часам пачынае граць энэргійная музыка пад якую танчаць дзяўчынкі з «махалкамі», і потым чынішнікі дзяжураць на выхадзе каб дзеці не ўцякалі, а потым на месцы той публікі што ўцякла прыводзяць салдацікаў, і ўсё гэта частка сістэмы, дзе так пачварна бракуе свабоды…

І, канешне, помню пра знікненні людзей і тэарэтычныя веды, што ў нас няма дэмакратыі – але пакуль сістэма мяне не дастала сваімі пальцамі, я лічыла, што гэта яшчэ… нядрэнна. Я ведала, што ў нас дыктатура, але, пакуль не дакранулася (а нейкім чынам да моманту працы сістэма не дастала мяне сваімі пальцамі; была беларускамоўная кляса, потым камерцыйны тэхнікум які амаль не дастала зараза з бэрэсэмамі, потым здаровая атмасфера і добрыя выкладчыкі ў вну), – пакуль не дакранулася да сутнасці сістэмы так, што павылупліваліся вочы, я… не адчувала ўсёй сур’ёзнасці сітуацыі.

Але каб сфармуляфаць, у чым у нас жах… Я кажу пра разгоны і палітвязняў, але афрыканца тут не здзівіш, у іх тое ж толькі значна горш, і прэвентыўна затрымаць там могуць на год а то і болей. Я кажу пра эканоміку, але гэта неяк завучана, паўтараю тэарэтычна, дый у апазіцыю я пайшла не з эканамічнай матывацыяй. Казаць пра мову, культуру – але тут яшчэ цяжэй, з усімі нюансамі, растлумачыць, у чым прыгнёт.

І вось я лаўлю сабе на тым, што я неяк забылася…

Сябры, дапамажыце ўспомніць…

…Успомніла.

Ва ўсялякім разе, успомніла, як я раней фармулявала прычыны сваёй грамадзянскай пазіцыі: «хворыя з’явы», «хворая атмасфера».

А можа, і не варта ўспамінаць пра дрэннае. У тым сэнсе, шо варта думаць пазітыўна.

А пазітыўнае я помню надзвычай добра. І яго столькі, што любы пералік будзе выбарачным і непрэзентатыўным.

Магічную (не ў акультным сэнсе, а ў фэнтэзійным, у сэнсе падабенства на дэкарацыі да гульні «Героі Мяча і Магіі – 2») прыгажосць і водар нарачанскага лесу.

Атмасферу Мінска, складаную і цяжкавызначальную, цяжккаватую атмасферу, у якой, аднак, я неяк сказала сабе: калі ты вольны ў Мінску, ты вольны паўсюль. Гэта было, цудоўна ўсведамляла я, мастацкім перабольшваннем, – але ж разумееце, пра што я.

Подых беларускай гісторыі, хай сабе і з прымессю міфалагізацыі (на тое і галава, каб старацца адрозніць праўду) са старонак Караткевіча, што нядрэнна варушаць генэтычную памяць (ці проста фантазію, што таксама нядрэнна).

Радасныя адкрыцці, што ў маіх улюблёных версіях гісторыі ёсць не толькі міфы, але й многа праўды.

Дзень Волі – 2009, калі я ўпершыню пасля доўгага перапынку выйшла, пакрычала і добра скінула з сабе стрэс, пароджаны працай у заганнай сістэме.

Наварудскі замак – цагляныя руіны колеру спеклай крыві на амаль «таркоўскім» фоне глыбокага белага снегу пад белым небам…

Беларускамоўныя багаслужбы.

Што тут пералічваць…

І што тут успамінаць пра дрэннае? Тым больш што слушна прызываў Гандзі змагаццца не «супраць», а «за».

…Але вы мне ўсё адно – дапамажыце ўспомніць!..

Болей навін