Беларуская глыбіня. Дакрычацца да нябёсаў
…Паўстань! Паўстань! Заспявай песню!
Суддзяў 5:12
Пружаны — рэдкі беларускі горад, дзе цэнтральная вуліца называецца імем Галоўнага Земляка. Райвыканкам, помнік Леніну, гарадскі кінатэатр, найбуйнейшы храм і, канечне, музычная школа стаяць на вуліцы Рыгора Шырмы.
Рыгора Раманавіча тут сапраўды памятаюць: шыкоўны канцэрт да ягонага 120-гадовага юбілею сабраў сотні пружанцаў, а верш Ніла Гілевіча «Сэрца Дзядзькі Рыгора» мне на складзе дэкламавалі напамяць:
Колькі птахаў пявучых
у родных лясах,
Колькі нот непаўторных у іх галасах,
Колькі тонаў, адценняў,
ладоў, перабораў —
Столькі песень у сэрцы
ў Дзядзькі Рыгора.
Менавіта Рыгор Шырма разгледзеў і захаваў у беларускасці геній Міхася Забэйды-Суміцкага.
Менавіта Шырма за свае сродкі выдаў першы паэтычны зборнік Максіма Танка «На этапах» і напісаў да яго прадмову (наклад сканфіскавалі).
Менавіта Шырма быў настаўнікам спеваў у знакамітай Віленскай беларускай гімназіі — і выхавацелем у яе інтэрнаце.
Гэта Шырма сабраў больш як 2000 беларускіх народных спеваў ва ўнікальную калекцыю, перасылаў ноты найвядомейшым кампазітарам — і беларускія гармоніі ў аранжыроўках адгукаліся ў Францыі, Расіі, Польшчы, Канадзе.
Гэта ён, Рыгор Шырма, арганізаваў Беларускую акадэмічную харавую капэлу…
Беларускія народныя мелодыі, вылаўленыя ім у кіпені першай паловы ХХ стагоддзя, пераліваюцца і калышуцца рэхам у спеўных цудах другой паловы — «Песнярах», «Сябрах», «Верасах».
За ім, за Шырмам, быццам за шырмаю ў камуналцы, і захаваўся куток беларушчыны, які не здолелі разрабаваць ап’янелыя, ашалелыя суседзі ды прыхадні.
Задаеш сабе пытанне і не даеш веры: як можна было, застаючыся глыбокім беларускім патрыётам ды вернікам, абараняючы мову, культуру ды правы народа, смела адказваючы на паклёпы («што тут беларускага ў гэтай прышлай Беларусі?» — зачытвалі дзядзьку Рыгору ягоныя словы пра БССР, занатаваныя стукачамі, савецкія следчыя) перажыць страшную эпоху рэвалюцыйнай калатнечы, польскай «санацыі», вайны, сталіншчыны, савецкага маразму, і пры гэтым тварыць, гучаць, нават не гучаць — крычаць беларускай песняй, каб урэшце яе пачулі ўсе!..
Беларуская песня ў Шырмавым сэрцы прайшла і віленскія Лукішкі (бо, паводле дэфензівы, ніякіх беларусаў насамрэч не існавала, гэта ўсё былі выдумкі мінскіх бальшавікоў), і Лубянку (ад абвінавачванняў у безыдэйнасці ды буржуазнай апалітычнасці, а таксама нацыянал дэмакратызме ўратаваў Якуб Колас, які хадайнічаў перад Панамарэнкам), каб урэшце пасяліцца на мінскай Плошчы Незалежнасці, у знакамітым доме, пад вокнамі якога зараз малітоўнікі штодня спяваюць «Магутны Божа».
За саветамі пра гэта маўчалі, але стварэнне першага хору, запіс беларускіх народных спеваў, дырыжорская майстэрства — словам, усё тое, у чым разгарнуўся Шырмаў магутны дар, — для яго пачалося ў царкве.
Атрымліваецца, менавіта працуючы псаломшчыкам, а потым рэгентам хору Аляксандра -Неўскага сабора ў Пружанах у сярэдзіне 1920-х, якраз у найвышэйшай гармоніі літургіі, акафістах ды калядках Шырма пачуў тое, што называецца пакліканнем.
У 1923-м, згадваюць відавочцы, Рыгор Шырма разам са сваім першым (царкоўным!) хорам, бывала, больш за суткі праводзіў на нагах, без ежы і пітва: усяночныя, хросныя хады і малітвы, малітвы, малітвы…
Дагэтуль у Пружанскім саборы па святах гучаць літургічныя спевы ў апрацоўцы Рыгора Шырмы.
Так беларусы спяваюць у неба. Вось чаму беларускія мелодыі такія працяглыя, жаласныя або знадрыўныя. Для нас, усведамляем мы гэта ці не, галасавыя звязкі — сувязь паміж небам і зямлёй. Спроба дакрычацца да Бога. Бо мы глыбока. Бо Ён далёка.
Рыгор Шырма вырашыў дакрычацца да нябёсаў хорам. Так, каб мог падпяваць увесь люд.
Для беларусаў спадчына Шырмы неацэнная. Нацыя павінна спяваць, спяваць разам, гэта адзін з асноўных законаў патрыятызму. Але тут, у беларускай глыбіні, нават адзін чалавек, гатовы дакрычацца да нябёсаў пры агульным цяжкім маўчанні, можа быць упэўнены: хай не падхопяць сучаснікі — затое пачуе Бог.