Грэка-каталікі ўзгадваюць аднаго з заснавальнікаў беларускага хрысціянска-дэмакратычнага руху – Андрэя Цікоту (фота)

14 лютага 2012 17:19  |  Грамадства

11 лютага споўнілася 60 год ад моманту пакутніцкай смерці ад турэмнага знясілення архімандрыта Андрэя Цікоты. У гэтыя дні ў грэка-каталіцкіх парафіях Беларусі ўзгадваецца яго постаць як вялікага душпастыра, педагога, патрыёта і грамадскага дзеяча.

 

Ягоны жыццёвы подзвіг, разважнасць і адвага ёсць для душпастыраў і вернікаў заахвочваннем да мужнага вызнавання і сведчання сваёй веры. Ягоныя пакуты ў савецкіх лагерах ёсць заклікам да малітвы за зняволеных.

 

Андрэй Цікота разам з ксяндзамі Фабіянам Абрантовічам, Адамам  Станкевічам, Уладзіславам Талочкам, біскупамі Чаславам Сіповіч і Уладзімірам Тарасэвічам быў адным з яскравых лідэраў беларускага хрысціянскага руху ХХ стагоддзя. Ён не толькі выпрацоўваў стратэгію гэтага руху, але і быў вялікім практыкам ды ўмелым арганізатарам.

 

У межах ушанавання памяці айца Андрэя 8 лютага ў Рыме, у Генеральным Доме Ордэна айцоў марыянаў пачалася міжнародная кансультацыйная праграма, прысвечаная даследванню жыцця і мучаніцкага подзвігу архімандрыта Андрэя Цікоты. 12 лютага ў Маладэчне ў касцёле святога Язэпа рыма-католікі разам з пробашчам Эдмундам Даўгіловіч-Навіцкім і грэка-католікі разам з архімандрытам Сяргеем Гаекам супольна ўзгадалі пакутніцкую смерць святара.

 

Грэка-каталікі ўзгадваюць аднаго з заснавальнікаў беларускага хрысціянска-дэмакратычнага руху – Андрэя Цікоту (фота) (Фота Дзмітры Фруцкі, Маладэчна)

 

Айцец Андрэй Цікота нарадзіўся 5 снежня 1891 году ў мясцовасці Тупальшчына Віленскай губерні, навучаўся ў Ашмянах, Віленскай духоўнай семінарыі, Петраградскай духоўнай акадэміі. У 1914 годзе яго высвяцілі на святара.

 

Андрэй Цікота браў удзел у 1-м з’ездзе беларускіх каталіцкіх святароў у Менску 24-25 траўня 1917 года, быў сябрам саюза ксяндзоў-беларусаў. У 1918 годзе яго абралі ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі, у верасні 1919 года – Часовага Беларускага нацыянальнага камітэта ў Менску.

 

Душпастырскую дзейнасць Андрэй Цікота распачаў у Маладэчне (1917-1918), служыў у Менску. Пасля 1923 года ён жыў у Друйскім кляштары айцоў марыянаў. У Друі ён разгарнуў шырокую культурную і асветную працу па беларусізацыі нацыянальна-рэлігійнага жыцця, арганізаваў гімназію, выступаў за шырокае ўвядзенне беларускай мовы ў душпастырскую дзейнасць каталіцкіх святароў. У 1933-1939 гадах ён быў абраны генералам ордэна айцоў марыянаў у Рыме.

 

У 1939 годзе Андрэй Цікота узначаліў Ўсходнюю місію ў Харбіне (Манчжурыя). Разам з групаю беларускіх святароў у снежні 1948 года яго арыштавалі кітайскія ўлады і перадалі НКВД. Айца Андрэя беспадстаўна абвінавацілі ў шпіянажы на карысць Ватыкана і Японіі і асудзілі на 25 гадоў канцлагераў. У лагерах ён працягваў таемна выконваць святарскія паслугі сярод сваіх сулагернікаў. Памёр Андрэй Цікота 11 лютага 1952 годзе ў канцлагеры ва Ўсходняй Сібіры.

 

Нагадаем, што Нацыянальная Рада БХД 21 студзеня абвесціла ў межах БХД 2012 год годам памяці айцоў заснавальнікаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Адама Станкевіча і Вінцэнта Гадлеўскага.

Болей навін