Беларуская глыбіня. У гасцях у Сэрца
Больш за ўсё запаветнае
захоўвай сэрца тваё,
бо ў ім крыніца жыцця.
Выслоўі Саламонавы 4:23
Хто б ты ні быў і дзе б ні апынуўся — калі хоць трохі аглядаешся ды прыслухоўваешся, — рана ці позна пачынаеш адчуваць побач нейкі жывы стоены пульс. Пругкі, упарты. Усё вакол дыхае і варушыцца надзіва заканамерна, падзеі маюць таемны цэнтр, і ледзь заўважнымі штуршкамі людзей, сустрэчаў, справаў аднекуль падхлынае дабро і ласка.
Тут-тук, чуеш пранізлівы рытм. Тук-тук, ёсць кантакт, радасна адгукаецца ўсярэдзіне ў цябе, і раптам усё становіцца з галавы на ногі. І ты кажаш сабе: ага. Вось яно дзе. Ну прывітанне, Сэрца.
Айцец Сергій Сысаляцін — той самы, які калісьці вылавіў мяне «вкантакце» і зараз служыць у Спаса-Прэабражэнскай царкве ў Пружанах, — вобраз з абразоў.
Малады, вайсковай выпраўкі; прыгожае, мяккае, поўнае ўнутранага спакою ды годнасці аблічча, кароткая чорная барада — тыпаж, у якім любяць выяўляць святых і апосталаў.
Жыве бацюшка ў вайсковым гарадку пад Пружанамі. Новыя Засімавічы — постсавецкі Вавілон на ўзмежжы Белавежскай пушчы. Сярод дзевяці вайсковых часцей, што складалі ўдарны кулак савецкай армады на заходнім фарпосце — у засадзе, за пушчай на самай мяжы, — атабарыліся ракетчыкі, лётчыкі, зенітчыкі, танкісты ды сувязісты з усёй імперыі. Вядома, з сем’ямі. І калі 20 гадоў таму тут жа, у Віскулях, Савецкі Саюз быў раптоўна рассаджаны на кавалкі, у вялізным разварушаным мурашніку з пылам эпохі асеў і ўвесь савецкі інтэрнацыянал, якому не было куды падзецца.
Сяргей Сысаляцін служыў у верталётчыках — і, пабываўшы ў небе, прыйшоў да Бога.
Спярша наведваў евангельскую грамаду, дзе былы зампаліт Барыс ліха граў на гармоніку хрысціянскія гімны, затым шукаў паўнаты і глыбіні веры ў Спаса-Праабражэнскай царкве. Нарэшце, настаяцель айцец Ігар і епіскап уладыка Іаан прапанавалі маладому здольнаму панамару прыняць святарскі сан і ўзяць на сябе нялёгкі прыход з недабудаванай царквой у Новых Засімавічах.
Айцец Сергій просты. Жыве як дыша. Выдатна размаўляе па-беларуску. Мае вялізную бібліятэку: святыя айцы, Мень, Бярдзяеў, Фларэнскі, хрысціянская класіка ўсіх канфесіяў, духоўныя часопісы, гісторыя Беларусі… Заўсёды прапануе нешта пачытаць. Вучыцца ў Жыровіцкай духоўнай семінарыі — між іншым, разам з расійскімі бацюшкамі з Бранска. Смяецца: «Здзіўляюцца — гэта ж, маўляў, па-нашаму — «бурак», «вёска», «услон»… Прастадушныя. Працуюць, каб зарабіць, хто настаўнікам, хто механікам, а ўвечары ў царкву, набажэнства правіць — «не тое, што ў нас…». Расказвае ім пра Браншчыну беларускую, часы ВКЛ, пра карані.
Айцец Сергій найчасцей чытае казані ў Спаса-Праабражэнскай царкве — і, скажу вам, рэдка чую тлумачэнне Слова такой простасці і глыбіні нават у сталіцы. Прапаведуе ў Новых Засімавічах забытаму савецкаму пакаленню, у «вкантакце» — бездапаможным хлопчыкам і дзяўчатам, заблытаным у сеціве, у наркалогіі — напаўразбураным мужыкам, у нядзельнай школцы — дзецям і бабулькам, і, як многія-многія святары ды вернікі апошнія гады — штопятніцы моліцца за Беларусь. І трэба бачыць, з якой надзеяй уваччу няшчасныя беларусы моўчкі глядзяць у ягонае аблічча — быццам на абраз, быццам успамінаюць кагось таго, хто вучыў іх, бацькоў і продкаў праўдзе і справядлівасці ўжо тысячу гадоў.
Дзед айца Сергія (які калісьці працаваў у Купліне качагарам) колькі месцаў ваяваў у 1944 ва Усходняй Прусіі. Аднойчы быў убачыў у акопе забітага немца, і ўсім гэта распавядаў. З гадамі і склерозам мёртвы немец ператварыўся ў жывога, а пад старасць…
«Зазіраю я ў бункер, — на поўным сур’ёзе расказваў дзед, — а там Гітлер. Ну, праўда, кажу табе. І жонка ягоная. І двое дзетак. Дзяўчынкі. Ну, зараз, думаю, фашыст, ты ў мяне атрымаеш за ўсё!.. І… не змог. Застрэліць Гітлера не змог».
Сям’я Сысаляціных — гэта і матуля бацюшкі, гасцінная спадарыня Зінаіда Мікалаеўна, і валявая матушка Людміла, выхавацелька ў дзіцячым садку, і іх дачка Арына — тонкая дзесяцікласніца з доўгімі вітымі валасамі і выразнымі вачыма, беларускамоўная пераможца алімпіядаў, заўсёдніца канцэртаў Вольскага ды Вайцюшкевіча. Пасля нядзельнай літургіі часцяком заходзіць у касцёл, арганізоўвае ў школе сустрэчы з пружанскімі краязнаўцамі…
Беларускі гісторык, спявак, пісьменнік у Пружанах — Сысаляціны запрашаюць знаёмых. Трэба дапамагчы? Сям’я прымае гасцей.
І Сэрца б’ецца.
Менавіта сябры Сысаляціных, сярод якіх і праваслаўныя, і евангелікі, і каталікі, падвозілі мяне штодня ў царкву і назад у маразы. Так і давялося перазнаёміцца з глыбокімі і пабожнымі пружанцамі.
Айцец Сэрца звычайны прыходскі святар — герой, практычна адсутны ў сучаснай масавай свядомасці ды беларускай літаратуры.
Але менавіта святар на працягу ўсёй хрысціянскай гісторыі Беларусі быў душою мясцовай супольнасці, самакіравання, культуры дачыненняў, сямейнай традыцыі, прыстойнага выхавання. Не «Бацька» — «бацюшка».
Сённяшняя Беларусь задыхаецца і губляе прытомнасць якраз з-за відавочных праблемаў з сэрцам. Хто—цэнтр жыцця ў вёсцы, мястэчку, раёне, горадзе? Чыноўнік? Паспяховы бізнесовец? «Сілавік» з дубінай?
Але прыйдзе час, і ў беларусаў, да якіх пагрукаецца прыходскі святар, сэрцы пачнуць адгукацца моцна і радасна: Бог, Бог! Бог!