7 красавіка дзень памяці выбітнай беларускай паэткі-хрысьціянкі Ларысы Геніюш (верш)

07 красавіка 2012 20:26  |  Культура

На сёньня 7 красавіка, калі праваслаўныя беларусы сьвяткуюць Дабравесьце найсьвятой Багародзіцы, адно з 12 галоўных царкоўных сьвятаў, а каталікі і пратэстанты рыхтуюцца сустрэць самае галоўнае хрысьціянскае сьвята Вялікадня, прыпадае дзень памяці выбітнай беларускай паэткі, патрыёткі, пакутніцы ГУЛАГу і шчырай хрысьціянкі Ларысы Геніюш. У гэты дзень у 1983 годзе яна адышла да Госпада. 

Больш за паўстагодзьдзі таму Ларыса Геніюш у савецкім ГУЛАГу, натхнёная вялікім Сьвятам Уваскрасеньня Хрыстовага, прысьвячала свае вершы роднай Беларусі. Сёньня гэтыя вершы як ніколі пранізьліва адгукаюцца надзеяй у сэрцы кожнага сапраўднага беларуса.

Хрыстос уваскрос!

Хрыстос уваскрос!
                                і сьвет прачнуўся
вясной на гольлечку бяроз.
Ударыў звон на Беларусі:
Хрыстос уваскрос!
                                Хрыстос уваскрос!

Хрыстос уваскрос з крыві і болю,
каб сьветач праўды не пагас.
Васкрос Ён для крывіцкіх сёлаў,
васкрос Ён, брацьці, і для нас.

Так будзем помніць мы ў кайданах,
падняўшы сэрцы ўгару,
што так, як Бог ускрыжаваны,
уваскрэсьне наша Беларусь!

Ларыса Геніюш (1954)

Зраніцы 7 красавіка у Сьвята-Петра-Паўлаўскім саборы г. Менска адбылася традыцыйная паніхіда ў памяць Ларысы Геніюш, а таксама іншага шчырага беларуса-хрысьціяніна, сусьветна вядомага гісторыка царквы протапрасьвітара Віталя Баравога. 

Ужо стала традыцыйным штогадовае малітоўнае памінаньне памяці гэтых славутых беларускіх дзеячаў у менскім Петра-Паўлаўскім саборы. Абодва яны  адышлі да Госпада ў сьвяты дзень Дабравесьця — дзень, які апяваецца як “пачатак нашага збаўленьня”. Таму асаблівая малітва ў гэты дзень узносіцца іх, якія прыклалі ўсе свае намаганьні дзеля таго, каб і шлях нашага народа быў шляхам да Бога, шляхам да збаўленьня.

Болей навін