Беларуская глыбіня. Падлік радзімак

15 красавіка 2012 18:52  |  Жывая кніга Паўла Севярынца

Палітвязень, сустаршыня БХД Павел Севярынец у сваім чарговым глыбінна беларускім нарысе з Купліна паглыбляецца ў карані свайго роду, пачынаючы ад маці, настаўніцы, віцебскай каардынатаркі БХД, мужнай і жаноцкай адначасова Таццяны Яўгенаўны Севярынец.

…вярніся ў зямлю тваю,
на радзіму тваю,
і Я буду дабрачыніць табе!
Быццё 32:9

У маленстве нам казалі: колькі радзімак — столькі і дзяцей будзе. Чэсна­чэсна. Мы рупліва і падазрона вышуквалі ды лічылі тыя радзімкі — у каго больш? — шэптам прызнаваліся: «А ў мяне яшчэ адна ёсць, толькі я табе не пакажу», — і паблажліва азіраліся на бацькоў.

Згадваю, калі разглядаю россып радзімак — сваіх малых радзімаў — на мапе. Пункты ў гісторыі. Плямкі памяці. Мясціны тых, чыім дзіцём я ёсць.

І колькі такіх радзімак, малых і вялікіх, маю на адной толькі Берасцейшчыне!

Адсюль, з палескай глыбіні, мая матуля Таццяна. З Лунінца, дзе настаўнічаў Якуб Колас, адбываў вайсковую службу Аляксандр Блок, у ваколіцах якога растуць два найвышэйшыя ў Беларусі дубы, 41 і 45 метраў адпаведна, названыя імёнамі Міцкевіча і Суворава, з таго самага Лунінца, што насамрэч стаіць на скале: пад ім амаль да зямной паверхні падыходзіць гранітны крышталёвы фундамент… Гэта там, у грандыёзным кар’еры найвялікшага ў Еўропе радовішча будаўнічага каменя, зараз стаяць за свае правы дзясяткі рабочых. Цвёрда, як усякі беларус, якога, капні толькі глыбей, усё-такі дастала!

Матуля выхавала трох дзяцей (малымі прымушала нас бегаць па раніцах на стадыён і падрыхтавала-такі ўсіх залатымі медалістамі), шасцярых унукаў.

Дагэтуль са сваім настаўніцкім стажам у 36 гадоў энергічная, усмешлівая, стылёва апранутая вандроўніца — кіруе найбуйнейшай Віцебскай рэгіянальнай арганізацыяй БХД з 18 раённымі суполкамі і больш як 500 сябрамі. Аказваецца, здольная тутэйшая дрыгва нарадзіць жанчыну, што першай уздыме бел­чырвона­белы сцяг на акцыі, павядзе за сабой грамаду людзей; маючы падтрымку выбарцаў, здымецца з «выбараў» на знак пратэсту супраць датэрміновых фальсіфікацыяў — і зладзіць ля галоўнага віцебскага сабора штопятнічную малітву за Беларусь…

Матуля збірала мяне з усёй краіны па кавалачках.

Бабуля, палеская бібліятэкарка, адбыла 7 гадоў у сталінскай ссылцы. Дзед, патомны лунінецкі чыгуначнік, паляваў ды рыбачыў на Прыпяці. А глыбей — тыпова берасцейскі суплёт тутэйшых вяскоўцаў, пінскай шляхты з татарскім прыбабахам, местачковых жыдоў, расейскіх службоўцаў — Будзькі, Сагановічы, Дамашэвічы, Лабачэўскія…

Мой прадзед, Міхаіл Будзько, калісьці меліяратар, пасля вайны стаўся ігуменам Яблачынскага манастыра, пастырам для беларусаў Польшчы — і быў пахаваны на могілках царквы на Волі ў Варшаве. Магілу прадзеда адшукалі сённяшнія нашы эмігранты, што з’ехалі на Захад па тую самую Волю.

Воля… Кранаю радзімку, кропку на мапе — быццам націскаю кнопку.

Яшчэ адзін ген, перададзены мне праз матуліну пупавіну, — ген Яўгена Будзько. Брат прадзеда, у 1918 падтрымаў БНР у міжваенны час, пад Польшчай, змагаўся і з санацыяй, і з камуністамі КПЗБ, і ўрэшце, падчас гітлераўскай акупацыі, згінуў у нацысцкім канцлагеры.

Ці не ягоны, Яўгена, попел грукае зараз у сэрца?

Яшчэ адна радзімка — Кажан-Гарадок на Прыпяці, дзе спадкаемца хрышчанага ў праваслаўе жыда Янкеля, далёкая-далёкая сваячка Іцхака Шаміра і Голды Меір, шляхцянка Наста Дамашэвіч захавала для мяне каштоўную кропельку крыві біблейскіх патрыярхаў.

Але аднае Берасцейшчыны не хапіла. Мамінай матулі, бабулі Галі, давялося нараджацца ў Вільні, якраз насупраць Вострай Брамы, а затым усё жыццё назапашваць кнігі ў Лунінецкай раённай бібліятэцы — каб аднойчы ўнук, адпраўлены на «хімію» за бэнээраўскі ген Яўгена, здолеў разабраць у спецкамендатуры ўсе кніжныя завалы 1950—1960-х ды пісаць сваю ўласную кнігу.

І, як матчына Прыпяць уліваецца ў Дняпро, шырокай плынню паплыў мой лёс у бацькава Падняпроўе, вёсачку Унорыца, з хатай на самым крутым правым беразе, са спадчыннымі бондарамі, прадзедам — бальшавіцкім камісарам, дзедам — аднаногім франтавіком, татам — барадатым паэтам — і ў матуліну энергію, кемлівасць ды волю ўплялася творчая жылка.

Вір, пачаты ў глыбіні, круціць усё шырэй. Радзімка, радзімка, яшчэ радзімка…

І, нарэшце, з вёсачкі Пагост пад Оршай, дзе настаўнічалі выпускнікі мінскага філфака, матулю электравозам тэрмінова завезлі ў чыгуначны раддом, каб паставіць у пасведчанні аб нараджэнні сына штамп: родны горад Караткевіча і месца перамогі над Масквой.

Кожны, народжаны ў Беларусі, сатканы з безлічы малых радзімак і выцягнуты з вялікай глыбіні невыпадкова.

Тысячы гадоў продкі ўраблялі гэтую зямлю, малілі Бога і працягвалі жыццё дзеля таго, каб зараз, калі Беларусі так не стае волі, веры і любові — ты вызваліўся, паверыў і палюбіў.

У нейкі момант жыцця ты абавязкова спынішся разгледзець гэтыя радзімкі, сузор’і Боскіх знакаў, адзначаныя найдакладнейшым чынам у генах, месцах і ўчынках.

Шчаслівы той, каму багата дадзена і з каго багата будзе спытана, калі ён пралічыць, расшыфруе і разгадае ў радзімках, знаках і мясцінах — дзеля чаго тут і цяпер, у ззяючае сёння выведаў яго на белы свет у такой светлай­ светлай краіне Бог.

Чытаць цалкам http://nn.by/?c=ar&i=71721

Болей навін