Беларуская глыбіня. Свабода расце з касцей
Палітвязень, сустаршыня БХД Павел Севярынец пра нацыянальнага героя, ураджэнца берасьцейшыны Тадэвуша Касцюшку.
Дык стойце ж у свабодзе,
якую даў нам Хрыстос,
і не схіляйцеся зноў
пад ярмо рабства.
Да Галатаў 5:1
На ўзмежжы Пружанскага з Івацэвіцкім раёнаў, за 40 км на ўсход ад Купліна ляжыць фальварак Мерачоўшчына, які традыцыйна лічаць месцам нараджэння Тадэвуша Касцюшкі, ахрышчанага ў блізкім Косаўскім касцёле. А за тыя ж 40 км на поўдзень, пад Берасце, — родавы маёнтак Касцюшкаў Малыя Сяхновічы, пра які шэраг даследнікаў сцвярджае: Тадэвуш з’явіўся на свет менавіта тут.
Краязнаўцы, аматары ды чорныя шукальнікі, палякі, літоўцы, беларусы дагэтуль рыюцца ў руінах, старых паперах ды сатлелых касцях па ўсёй ваколіцы — і ніяк не могуць дакапацца: няўжо Героя двух кантынентаў, цэлую эпоху ў змаганні за вольнасць нашу і вашу нарадзіў гэты глухі, глыбокі, забіты край?
У снежні 2007, пасля сустрэчы беларускай дэлегацыі ў Вашынгтоне з прэзідэнтам ЗША Бушам амерыканцы вывелі нас з Белага дома проста да помніка Касцюшку: «Гэта мы павінныя быць вам удзячныя за нашу свабоду».
У краіне найвялікшай свабоды ліцвін генерал Касцюшка — у ганаровай варце каля самага сэрца, і, між іншым, у скульптурнай кампазіцыі побач з польскім паўстанцам у канфедэратцы ўгадваецца збройны беларускі партызан.
Так, Касцюшка — косць ад нашае косці. Тутэйшы, са збяднелае шляхты, палкаводзец гістарычна не проста перамагае, а громіць, руйнуе, знішчае дазвання нашыя ж нацыянальныя стэрэатыпы ды комплексы.
Беларусы — безгалосыя рабы па жыцці? Але вось беларус, што павёў за сабою ў змаганні за волю самыя вольналюбівыя народы ў свеце — палякаў, французаў, амерыканцаў.
У беларуса заўжды свая хата з краю? Але Касцюшка, пакінуўшы ўтульную сядзібу, ахвяраваўшы асабістым жыццём (так і не ажаніўся, не пакінуў нашчадкаў), у сваім сціплым сукмане прайшоў увесь крыжовы шлях змагання за супольную справу — праз лясы і сутычкі, голад і адчай, знясілены, паранены, паланёны…
Беларус, як што якое, адразу хаваецца ў бульбу? Але ў роспачным 1794-м, калі ў цэлай Рэчы Паспалітай не знайшлося таго, хто б узяў на сябе цяжар правадыра, сярод усіх дзеячаў, магнатаў, канфедэратаў толькі беларускі шляхціц не самага слыннага роду, сцяўшы зубы, выступіў наперад.
Дык хто ў свеце ведае, што мы такія, беларусы, увогуле ёсць?.. Але Касцюшка — нацыянальны герой Польшчы, Літвы ды ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі, чыім імем названая найвышэйшая вяршыня Аўстраліі і Акіяніі, універсітэты ды школы, музеі ды вуліцы па ўсёй планеце…
Касцюшка атрымаў добрую хрысціянскую адукацыю ў піярскім калегіуме. Айцы-піяры насамрэч вучылі не піярыцца, а жыць у Божай праўдзе і свабодзе. Увасабленне волі, Касцюшка ўсю сваю маёмасць у запаветах ахвяраваў на вызваленне прыгонных сялянаў у родавым фальварку і выкуп неграў з рабства (даручыўшы выканаць тэстамент будучаму прэзідэнту ЗША і аўтару Дэкларацыі Незалежнасці Томасу Джэферсану). А сваю самую дарагую ўзнагароду — амерыканскі ордэн Цынцыната — ахвяраваў уніяцкай царкве. Апошнія каштоўнасці ўклаў у хрысціянскае адзінства і людскую свабоду.
О, гэтае слова, адно вымаўленне якога распраўляе плечы і напаўняе грудзі: СВАБОДА!
Калі б кожны з беларусаў быў хоць трошкі Касцюшкам — у краіны даўно выраслі б крылы.
Але насамрэч усё глыбей, глыбей — як глыбокія беларускія балоты. Бо гэта Касцюшкава радня дамаглася-такі ў цара Аляксандра І адмены запавету аб вызваленні сялянаў… І за сродкі на выкуп нявольнікаў адвакаты ў Штатах судзіліся не адзін год… Ды і ці не ад рук тых самых запрыгоненых вяскоўцаў падчас бунту ў 1758 загінуў Касцюшкаў бацька, Людвіг?
Ці не тая самая залатая свабода, найяснейшая між усіх еўрапейскіх дзяржаваў шляхецкая вольнасць насамрэч сталася прычынай разбэшчанага развалу цэлай цывілізацыі Абодвух народаў? Ці не яе, свабоды, як агню баяліся тадышнія беларускія сяляне ды абывацелі — тыя самыя, хто сядзеў ціха і роўна праз 200 гадоў пасля паўстання за волю, у 1994-м вольна і самааддана выбралі сабе тырана і вяртанне ў егіпецкае рабства, абы не пёк, не сляпіў больш нясцерпнага зіхацення дар — свабода выбару.
Свабода, беларуская воля — найвышэйшае дабраславенне і найглыбейшае пракляцце народа, што спарадзіў Касцюшку!..
Герой наймацнейшага нацыянальнага сплаву косці і ласкавасці, Касцюшка — адзін з тых, хто фармуе касцяк беларускай гісторыі. Бо свабода і праўда расце з касцей. З Курапатаў, Крапіўнаў, касцёльных пагостаў.
Свабода расце з неверагодных, балючых і амаль невыносных вымогаў: захаваць годнасць і адначасова не ўспыхнуць пыхай, не праваліцца ў спакусу і ўтрымацца ад фарысейства, несці адказнасць — і не страціць пры гэтым любові… Свабода расце з касцей, пасеяных святымі, паўстанцамі і ціхімі, непрыкметнымі героямі. Расце павольна, бывае, і сотні гадоў, захоўваецца ў глыбіні, тоіцца, тлее, але, як рунь з памерлага зерня, расце, цягнецца да нябёсаў — каб у час прышэсця Хрыстова пры ўваскрасенні на апошнім судзе кожны з нас засведчыў, як распарадзіўся ўласнай свабодай… Перад Воляй усюдыіснай і вечнай — Божай.