Дзяніс Садоўскі: у Беларусі бракуе праўдзівай інфармацыі пра стан радыяцыйнай бяспекі
На погляд Дзяніса Садоўскага, адказнага сакратара Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі наступствамі Чарнобыля найперш павінны апекавацца дзяржавай. А таму было б дзіўна, калі б яна не была адлюстравана ў праграме кандыдата на прэзідэнты Беларусі ў 2010 годзе Віталя Рымашэўскага.
– Наша падтрымка ініцыятыў, звязаных з Чарнобылем, была адным з пунктаў, выдзеленых у шэраг надзвычайнай увагі. І пасля выбарнай кампаніі гэтая сфера ёсць для нас сур’ёзнай задачай і выклікам.
На погляд Садоўскага, ёсць некалькі шляхоў уздзеяння на дзяржаву сённяшнюю, каб прымусіць паглядзець праўдзе ў вочы і прызнаць праблему. А разам з тым – прызнаць неабходнасць дзяржаўнага рэагавння на праблемы людзей.
– Найперш, трэба пра гэта казаць не толькі напярэдадні гадавіны трагедыі. Недзяржаўныя СМІ маюць пакуль магчымасць пісаць пра праблемы, звязаныя з Чарнобылем, так часта, як вырашаць самі. Але ёсць яшчэ верагоднасць, што тэма лічыцца ўжо такой… сезоннай. Вось набліжаецца гадавіна – як быццам і нагода інфармацыйная ёсць. Прайшла тая гадавіна – і маўчанне. А насамрэч, тут не трэба ніякай інфармацыйнай нагоды асобна.
Бо праблема настолькі прарасла ў нажае жыццё, што толькі нам вырашаць – заўважаць гэта ці лічыць нашым кантэкстам.
Як грамадзянская супольнасць, як прадстаўнікі палітычных партый, мы таксама павінны рабіць з гэтага пэўную інфармацыйную плынь . І зноў жа – рабіць гэта пастаянна, а не раз на год увесну.
Мы незаўсёды дамо рады, нам бракуе почасту прафесіяналізму ў падачы гэтай тэмы, таму было б лагічна яднаць высілкі з грамадзянскімі ініцыятывамі і арганізацыямі, якія займаюцца гэтай праблематыкай на прафесійным роўні. І калі яны гатовыя садзейнічаць, дапамагаць у тых кампаніях і акцыях, якія праводзяцца, – то нашыя высілкі будуць мець плён. Але дагэтуль выглядалі нашыя намаганні як у басні Крылова – пра лебедзя, рака ды шчупака.
Дзяніс мяркуе: інфармацыйныя кампаніі на сённяшні дзень, калі праблема відавочна замоўчваецца дзяржаўнымі СМІ, асабліва да месца.
– Гэта могуць быць і круглыя сталы дял абмеркавання і дыскусій, але не міжсабойчыкамі, а на больш сур’ёзным узроўні. Паспрабаваць прыцягнуць і міжнародных экспертаў разнастайных поглядаў, і беларускі бок, у тым ліку і з боку дзяржавы. Бо размаўляць на тэму Чарнобыля паміж сваімі – гэта проста выпусціць пару. Ніякай практычнай карысці такая дыкусія “сярод сваіх” не прыносіць – патрэбныя іншыя. І мы… забываемся ўсе разам на гэтую праблематыку. І давайце, можа быць, адзін аднаго штурхаць, каб такога забыцця не адбывалася.
Найперш, на погляд Дзяніса Садоўскага, у Беларусі бракуе праўдзівай інфармацыі пра стан экалогіі, стан радыяцыйнай бяспекі, бракуе разумення людзьмі неабходнасці кантролю за сваім станам здароўя і прадуктамі харчавання. І на фоне эканамічнага крызіса гэта яшчэ ўзмацнілася, бо ў часы крызіса традыцыйна зменяюцца прыярытэты. І на здароўе “машуць рукой”. А гэта – на карысць уладзе, якая не хоча распаўсюду інфармацыі чарнобыльскай тэматыкі і тым больш тэматыкі атамнай энергетыкі.
– Справа ж не ў тым, што інфармацыі няма па сутнасці. Яе няма ў сэнсе таго, што яе не распаўсюджваюць. І мы б маглі ўзяць на сябе той распаўсюд. Найперш, друкаваная прадукцыя плюс недзяржаўныя СМІ – так мы можам крок за крокам рабіць сваю працу.
Іншых шляхоў у нашым становішчы – без доступу да тэлебачання і іншых шырокіх інфаканалаў – пакуль не выдумалі. Калі палітычная сітуацыя ў Беларусі зменіцца – зменіцца і кантэкст падачы гэтай інфармацыі.
Пра будаўніцтва Астравецкай АЭС размаўляць, найперш, трэба з народам, – лічыць Дзяніс.
– У сённяшняй сітуацыі будаваць АЭС – недапушчальна як з экалагічнага, так і з палітычнага пункту гледжання. Будаўніцтва ў Беларусі такой станцыі будзе катастрофай. У гэтай сітуацыі наша пазіцыя одназначная: трэба не дапусціць будаўніцтва станцыі на тэрыторыі Беларусі.
Калі разглядаць гіпатэтычна сітуацыю ў дэмакратычных варунках – трэба было б правесці рэферэндум, каб ведаць меркаванне грамадства. З прыцягненнем да абмеркаванняў і тлумачэнняў з боку экспертаў у галіне і тэме, з магчымсцю выказацца і прыхільнікам, і супраціўнікам такой ідэі. Павінна быць адкрытае абмеркаванне, узважаныя ацэнкі за і супраць, і толькі пасля гэтага гэта павінна быць рашэнне. Калі патрэбы ў АЭС няма, а рызыка бяспецы ёсць, – пра якое будаўніцтва можна казаць? Але гэта павінна спачатку абмяркоўвацца: экспертамі, прыхільнікамі, праціўнікамі.
Але ж казаць пра маштабную інфармацыйную плынь, якая магла б істотна паўплываць на здароўе нацыі, – у адрыве ад змены дзяржаўнай палітыкі і дзяржаўнага ладу – ілюзорна, – лічыць Садоўскі.
-У дэмакратычнай краіне ёсць механізмы ўплыву на гэта. У сённяшняй Беларусі механізмы інфармавання ёсць, але яны не адпавядаюць існым інфармацыйным патрэбам. І тым метадам, якія ёсць, будуць бясконцыя перашкоды з боку бюракратычнай машыны, а таму на рэальныя вынікі разлічваць складана. Чарнобыльская тэматыка – гэта палітыка. У сённяшняй Беларусі – гэта палітыка, уплываць на якую грамадству не даюць. Грамадства мусіць адваяваць сваё права. Іншага выйсця я не бачу.