Грэе душу Касцёл
Баліць праблема царкоўнай еднасці.
Баліць. Хаця гэта яшчэ не боль, гэта хутчэй слёзы, поўныя салодкай надзеі…
І грэе, грэе душу Касцёл.
Не толькі мне; і маме маёй. І сяброўцы з Ліды (яна таксама праваслаўная, як і я; і прыкладна ў той жа перыяд, што і я, прайшла праз цяжкавата-змрочнае ўвацэркаўленне, з акунаннямі ў празмерную строгасць і эсхаталагічныя страшылкі сумнеўнага паходжання кшталту “Поученій старца Антонія”)…
А тыя, каму каталіцтва зусім не грэе душу, – гэта, гляжу часам, у асноўным людзі з вялікарускімі каранямі…
Га, ім лёгка казаць… Лёгка крытыкаваць…
..А мары збываюцца.
Я марыла пра нейкую “унію надварот”. У сэнсе, Унія была каталіцтвам з праваслаўным абліччам, – а я марыла пра праваслаўе з элементамі каталіцкай эстэтыкі. Напэўна, пра уніяцкую царкву, якую пасля ўз’яднання не кранулі змены ў абраднасці (ну, акрамя самых прынцыповых).
І вось. Зараз у мяне праз дарогу – храм трынаццатага стагоддзя, у якім праходзяць праваслаўныя службы.
Усё ў такой гармоніі. Зусім, на мой погляд, не парушаецца праваслаўны дух.
Грэкі файныя – але гэта іншая тэма…
Шэрагі стулляў ніхто ўбіраць не стаў – але мажлівасцю пасядзець ніхто асабліва не злоўжывае. Стаяць, у асноўным. Так файна, калі пры гэтым ёсць магчымасць трымацца за высокую спінку стула перад табой.
Але сумна ад таго, што толькі праваслаўныя службы і праводзяцца. Грэкі занялі адзін з прытвораў. Цудоўныя сакральныя памяшканні, прыгожае Распяцце і выявы Мадонны… Пустуючыя алтары і спавядальні.
Прыходзілі б і католікі, і пратэстанты. Мо гэта было і кананічна, – калі б займалі мы, католікі і пратэстанты, розныя нефы?
..На пасхальнай службе святар у пропаведзі выразіў малітоўнае жаданне, каб усе хрысціяне маглі прычашчацца разам…
Што вы, я зусім не пра вульгарную эклектыку!.. Я пра сапраўдную еднасць на праваслаўнай аснове…