Палітыка – проста нашае жыццё
Прапануем вашай увазе артыкул Юліі Фраловай. Юля Фралова – каталіцкая верніца, аніматар каталіцкага Руху Святло-Жыцьцё, студэнтка тэалёгіі папскага аддзелу тэалёгіі ў Варшаве, сябар Нацыянальнай рады БХД.
“Заўсёды цікавілася тым, што адбываецца навакол. Але сёння ў грамадзтве прынята называць “палітыкай” любую справу, якая тычыцца навакольнага сьвету. Каб схаваць сваю абыякавасьць ці страх, людзі адмахваюцца ад пагрозы цяжкай жыцьцёвай тэмы, якая можа сапсаваць супакой. «Гэта ўсё палітыка!» – грэбліва адмахваюцца ў адным выпадку тыя, якія ў іншым спакойна ў ёй ўдзельнічаюць… Смутна…
Молісься за краіну – палітыка, молісься за беспадстаўна асуджаных – палітыка, выходзіш да людзей, каб падаць ім руку, каб хоць трошкі указаць на Госпада, як на Таго, Хто сапраўды любіць і дапамагае – палітыка, бо не да тых і не там… Парадокс: міліцыя амаль на сілу вядзе маліцца ў касьцёл, і сьмех і сьлёзы… Так было ў Польшчы ў камуністычныя часы: дзейнасьць сьвятароў і Касьцёла – толькі ў закрыстыі, у касьцёле… У публічным жыцьці, у школах? О не!
Мне ўжо самой моташна чуць адное і тое ж, як бы лек на ўсё, тлумачэньне кожнаму граху: «П А Л І Т Ы К А»! А што гэта такое, гэта вашая палітыка, з чым яе ядуць? Ці калі пры табе зьбіваюць чалавека тыя, якія павінны ахоўваць – палітыка? Ці тое, што нельга казаць праўду, бо можаш апынуцца ў вязьніцы – палітыка? Ці тое, што амаль зьнікае наша мова, культура – палітыка? Ці тое, што ледзь хапае заробкаў на аплаты і ежу – палітыка? Ці тое, што судзьдзі, пракуроры, “слугі права” нахабна беспадстаўна асуджаюць найлепшых людзей Беларусі, наш гонар, калечаць маладое жыцьцё – палітыка? Ці тое, што ўсе ведаюць, што уладу ў краіне ўтрымліваюць сілай і фальсыфікацыяй – палітыка? Ці тое, што матулі дасёньня чакаюць сваіх сыноў, бо зьніклі толькі таму, што хацелі жыць у праўдзе і годнасьці – палітыка? Што Касьцёлу не даюць зямлю пад будову, што цяжкасьці з рэгістрацыяй замежных сьвятароў і манашак, што дзякуючы закону, больш за трох не зьбірацца, невядома як праводзіць працэсію – Богаслужэньне, што калі сьвятар штосьці ня так сказаў, выклікаюць, каб пісаў тлумачальную запіску – палітыка? Што мы ходзім штодзённа побач помніка крывавага ката Леніна, па вуліцах катаў – палітыка? Што ў нашых лясах ляжаць нявінна забітыя людзі, кроў якіх, можна сказаць, на ўсіх нас, бо яны не пахаваныя годна, бо нават няма набажэнстваў на могілках – палітыка? І гэты сьпіс можна працягваць у бясконцасьць! Дзе ж мы знаходзімся? У Беларусі…
Людцы даражэнькія, абудзіцеся, калі ласачка! Ня будзе ў нас будучыні без падсумаваньня нашага мінулага. Яно будзе цягнуцца за намі крывавым сьлядом! За нашымі дзяцьмі і ўнукамі! Бо як Бог дабраслаўляе праведных на шмат пакаленьняў, так і праклён, які чалавек, ці нацыя абірае, цягнецца шмат пакаленьняў. Трэба нам пакаяцца і навярнуцца, і ў палітыцы, бо гэта нашае з Вамі штодзённае жыцьцё.
Чаму ў палітыцы павінны быць толькі бандыты і дрэні? Там павінны таксама быць і добрыя, сумленныя, сьвятыя людзі. І, напэўна, кожны народ марыць, каб людзі, якія знаходзяцца пры ўладзе, былі б добрымі і сумленнымі, веруючымі людзі, якія б кіраваліся правам, праўдай, справядлівасьцю, ахвярнасьцю, міласэрнасьцю. Каб яны служылі народу, а не народ служыў ім. І веруючыя людзі, напэўна, б таксама марылі аб такім кіраўніцтве ў краіне. Чаму мы самі з вамі чынім палітыку бруднай справай? Думаеш, што не займаесься палітыкай, дык памыляесься, падумай – штодзённа займаесься, тым больш, што яна табой і так займаецца! Усе мы разумеем, што мы жывем на зямлі, а ня ў небе. А на зямлі ёсьць краіны, межы, народы, культуры, ёсьць сыстэмы пэўнага парадку, у якім жывуць людзі, а значыць, палітыка – гэта проста наша жыцьцё.
Я думаю, што д’ябал папросту хаваецца за такімі шыльдамі, адводзячы ўвагу ад вельмі важных справаў, каб зблытаць людзей, каб яны не зьвярталі ўвагу на нешта вельмі важнае. Да абсурду даходзяць, калі кажуць, што молячыся за Беларусь, ты займаесься палітыкай. І, калі б чалавек падумаў, асэнсаваў, ён бы зразумеў, што гэта ня так. Магчыма, за гэтым таксама хаваецца страх і недавер да тых людзей, якія займаюцца палітыкай. Можа прыйшоў час, каб у гэтай сфэры штосьці зьмяніць? Сацыяльнае навучаньне Касьцёла кажа, што трэба, каб вернікі ангажаваліся ў палітыку.
Шмат людзей пытаецца, чаму ніхто з касьцельных структураў не выказваецца на гэтыя тэмы, а калі і выказваецца, то вельмі асьцярожна і неахвотна. Шмат хто хацеў бы пачуць пазыцыю Касьцёла і мае на гэта права. Людзі, якія зьвяртаюцца да сьвятароў, прыходзяць ня толькі дзеля таго, каб тыя ўдзялілі ім Сакрамант, ахрысьцілі, асьвянцілі машыну ці хату, дабраславілі, але таксама зьвяртаюцца па канкрэтныя духовыя парады, як сябе паводзіць у жыцьці. Ведаю, што сьвятары не заўсёды ведаюць, што адказаць. Чаму? Калі гэта сьвятары з замежжа, якія ўсё вельмі добра разумеюць, але маўчаць, таму што іх могуць проста выдаліць з Беларусі, а гэта будзе вялікі пройгрыш, таму што, калі яны застануцца, больш зробяць карыснай духовай працы для нашай краіны. Сьвятары з Польшчы – гэта вялікі дар для нас Беларусаў, хаця б ужо таму што былі выхаваны ў антыкамуністычнай каталіцкай Польшчы, з якой паходзіў вялікі папа Ян Павал ІІ. Палякі змагаліся за сваю вольнасьць і ўмеюць цаніць свабоду і сваіх герояў. Нашыя сьвятары выхаваныя ў нашых звычайных сем’ях, у нашым грамадзтве, прасякнутым бязбожніцкім камуністычным духам. Нашыя сьвятары самі патрабуюць грамадзкай фармацыі.
Як каталіцкая верніца цаню сваіх пастыраў, гіерархаў і сьвятароў, малюся за іх, удзячна за іх ахвярную працу, спачуваю, што ім даводзіцца працаваць у такой складанай сытуацыі. Але ж, як духовая дачка, таксама чакаю ад іх айцоўскага, мужнага і мудрага сьведчаньня. Ваша паства і людзі, якія патэнцыйна могуць стаць вернікамі, чакаюць ад Вас мужных крокаў сьведчаньня Евангелія Хрыста! Ня трэба баяцца! Госпад не пакіне Свайго Касьцёла. Духоўная ўлада – самая моцная, трэба толькі прыняць яе і паверыць, што яна нашмат мацней за іншыя! Так, як Ісус, Ян Прадвесьнік, Ян Павал ІІ з моцай і аўтарытэтам прапаведвалі ўсім, і «моцным гэтага сьвета».
19 сьнежня 2010 года сотні людзей пасьля жахлівага разгону маніфэстацыі супраць фальсыфікацыі выбараў трапілі ў вязьніцы. І праз год людзі, ведаючы, што ля касьцёла адбываецца малітва, што людзі верна трываюць у малітве за краіну, за тых, хто сядзіць у вязьніцы, прыйшлі да касьцёлу, а не некуды на плошчу. Для мяне гэта вельмі сымбалічна. І тут улада паказала ўвесь свой цынізм, забіраючы людзей з малітвы. Так, Алеся Макаева ў той момант, калі ён сапраўды шчыра маліўся, забралі і затым пасадзілі на суткі за “брыдкаслоўе”.
У такі момант веруючыя людзі разам з пастырамі не павінны маўчаць. Можна сказаць словамі Бібліі: бо добрыя тыя пастыры – хто ахоўвае свае авечкі, тыя, якія з надыходам ваўка не ўцякаюць, якія аддадуць жыцьцё за людзей гэтай краіны. Так як Госпад Ісус Хрыстос.
Да патрыятызму трэба дарасьці нам усім. І ў гэтым нам мусяць быць прыкладам розныя сьвятыя, у тым ліку і бласлаўлёны Ян Павал ІІ. Вялікая любоў да ўсіх народаў не перашкаджала яму быць палякам і вялікім патрыётам сваёй Айчыны. Ён перажываў за тое, што адбывалася. Ён, нягледзячы ні на што, прыяжджаў з Евангеліем у складаны час у сваю Айчыну. У ім была вялікая моц, малітва і любоў, а калі ёсьць моц, малітва і любоў, то няма страху.
Тут да месца і прыклад ксяндза Ежы Папялушкі, духоўнага пастыра “Салідарнасьці”, сьвятара зь беларускай сям’і, які стаў з пакрыўджанымі людзьмі, які не пакінуў іх, якога закатавалі толькі за тое, што ён маліўся за Айчыну, за тое, што ён быў спаведнікам і духаўніком людзей, якіх хацела зьняволіць гэтая ўлада. Ён бачыў гэта духовымі вачамі, называючы па імю тое, што адбывалася. Ён ня хлусіў і не абарочваў нічога ў прыгожыя словы і падтэксты, а казаў праўду.
Прыклад сьвятой Жанны д’Арк. Калі б не яна, то Францыі, магчыма, не было б на мапе. Бог узбудзіў маладую дзяўчыну, якая стала паўкаводцам, якая таксама аддала сваё жыцьцё за справу Айчыны.
Ня можа быць духовай шызафрэніі, што ў касьцёле мы адныя, а ў жыцьці мы паводзім сябе так, нібы нас не хвалюе тое, што адбываецца навокал. Тут трэба ўзгадаць хаця б Запавет міласэрнасьці: суцяшаць тых, каго перасьледуюць, хто плача, наведваць вязьніцы, быць міласэрнымі. Так, заснавальнік Руху “Сьвятло Жыцьця” Францішак Бляхніцкі ішоў на малітву разам са статыстыкай, каб ведаць, што адбываецца ў сьвеце ў пляне палітыкі, абортаў, разводаў, ведаць, аб чым трэба маліцца, якая тэндэнцыя ў гэтым сьвеце, бо малітва сьвятых зьмяняе і падтрымлівае сьвет.
Немагчыма быць веруючым чалавекам і засланяцца ад таго, што адбываецца вакол. Немагчыма быць веруючым чалавекам і не любіць сваёй краіны. Але любіць краіну значыць таксама прызнаваць слабасьці і грахі, каб перапрасіць за гэта ўсё і зьмяніць гэта.
Тое, што людзей забіраюць, што іх застрашаюць, што на Божае Нараджэньне і Вялікдзень паставілі аўтазакі ля касьцёлаў – ганебны знак таго, што ўлады хочуць застрашыць сьвятароў і вернікаў. Яны ўвесь час паказваюць сваю моц, сваё прагненьне гвалту, трыманьня ў страху людзей, каб іх баяліся. Але тут нельга баяцца. Калі мы не баімся, у Божым Духу і ў Божай праўдзе трываем, мы павінны супрацьстаяць злу і д’яблу. Так кажа Слова Божае.
Трэба паказаць і ўладзе, і людзям, якія маюць уладу, што нельга на сьвятое падымаць рукі, нельга ісьці супраць Бога, бо Божае пакараньне адбудзецца. Бог міласэрны, Бог ёсьць любоўю, але таксама Бог – Справядлівы Судзьдзя. Павінны баяцца якраз-такі тыя, хто робіць крыўду і зло. Канечне, мы молімся за іх навяртаньне, і вельмі б цешыліся, калі б яны навярнуліся, пакаяліся і пачалі б зараз рабіць зь вялікай сілай дабро, каб выправіць усе свае памылкі і ўсё, што было зроблена.
Але пакуль гэтага не адбываецца, яны павінны ведаць, што нельга ісьці супраць малітвы, супраць вернікаў, супраць Бога, супраць увогуле чалавека і жыцьця. Яны павінны ведаць, што ня маюць аніякай улады, аніякага дазволу забіраць людзей за малітву, ці за праўду, караць іх хлусьлівым судом за яе. Нельга ўваходзіць на тэрыторыі касьцёла і адчуваць сябе гаспадаром. Нельга падымаць руку на сьвятое – на свайго брата, на яго жыццё!
Таму тут павінен быць моцны адзіны голас Касьцёла ды вогуле ўсіх людзей сумленьня і добрай волі супраць гвалту, супраць зла і несправядлівасьці. Той, хто замахваецца на малітву, на Божае і ўвогуле на жыцьцё чалавека, павінен ведаць, што Божая помста, Божая кара прыйдзе. І прыйдзе абавязкова: калі не на гэтых людзях, то на іх дзецях і ўнуках. Мы ўсе павінны гэта ведаць і баяцца гэтага. Калі тут цяжка ўжо казаць пра годнасьць, сумленьне і сьвятое, то хаця б мець страх перад Божай карай”.