Філіп Кірдун адстойвае свае правы ў судзе
15 траўня адбылося першае пасяджэнне касацыйнай інстанцыі Мінскага гарадскога суда па абскарджанні пастановы Фрунзенскага суду г. Менска ад 19 красавіка ў дачыненні да хрысціяніна Філіпа Кірдуна, які адмовіўся добраахвотна здаваць адбіткі пальцаў. Суддзя Камісараў прапанаваў перанесці разгляд справы на больш познюю дату ў сувязі з аднаўленнем праверкі ў Следчым камітэце дзеянняў супрацоўнікаў міліцыі.
Пастановай ад 19 красавіка 2012 г. суддзя Фрунзенскага суда г. Мінска Наталля Каровіна спыніла вытворчасць па справе ў дачыненні да ФПіліпа Кірдуна, 1988 г.н., у сувязі з «недаказанасцю вінаватасці». У пастанове паказана, што “суд не валодае доказамі, з дапамогай якіх магчыма ўсталяваць вінаватасць або невінаватасць Ф.Кірдуна ў здзяйсненні правапарушэнняў па арт. арт. 17/1, 23.4 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях РБ”.
Нагадаем, што раней пастановай гэтага ж суда Філіп Кірдун быў прызнаны вінаватым па дадзеных артыкулах і прысуджаны да штрафу 700 тыс. рублёў. Мінскі гарадскі суд адмяніў ранейшае рашэнне і накіраваў справу на новы разгляд, які і завяршыўся 19 красавіка. Аднак фармулёўка «за недаказанасцю» не задаволіла хрысціяніна, і ён вырашыў працягваць адстойваць свой гонар у судовых інстанцыях да поўнага апраўдання.
Першапачаткова Ф.Кірдун быў абвінавачаны ў тым, што пасля добраахвотнай здачы адбіткаў пальцаў ён раптам пачаў абражаць супрацоўнікаў міліцыі, нецэнзурна лаяцца ў іх адрас, зневажаць дзяржаўны лад і асабіста прэзідэнта. Пасля гэтага ён нібыта ўчыніў бойку з міліцыянтамі, якія зрабілі яму заўвагу.
Аднак, па словах Філіпа, усё адбывалася інакш. Яго гвалтоўна падвергнулі зневажальнай для яго працэдуры дактыласкапавання, якая была для яго непрымальная па рэлігійных меркаваннях, папярэдне збіўшы і надзеўшы на яго кайданкі. Пасля чаго да яго ўжылі катаванні, пакінуўшы на дзве гадзіны ляжаць на бетоннай падлозе ў позе «ластаўка». У выніку малады чалавек атрымаў кампрэсіўную траўму – кайданкамі былі пашкоджаныя нервы ў раёне запясцяў, пальцы і далоні рук часткова страцілі адчувальнасць.
Праверка Следчага камітэта не ўстанавіла ніякіх парушэнняў у дзеяннях міліцыянтаў, аднак пракуратура абскардзіла гэтыя высновы і загадала правесці праверку больш старана.
Варта заўважыць, што пэўны прагрэс у абароне правоў Філіпа Кірдуна быў бы немагчымы без магутнай падтрымкі баптысцкага братэрства, якія змаглі арганізаваць цэлую хвалю зваротаў у розныя дзяржаўныя інстанцыі, якія накіроўваюцца як з нашай краіны, так і з-за мяжы.