Беларуская глыбіня. Калыска Ізраіля

28 мая 2012 16:36  |  Жывая кніга Паўла Севярынца

Пра гісторыю габрэяў на Берасцейшчыне піша палітвязень, сустаршыня БХД Павел Севярынец.

 

…І сказаў:

ад сёння імя тваё

будзе не Якаў, а Ізраіль,

бо ты змагаўся з Богам,

людзей адольваць будзеш.

 

Быццё 32:28

 

Берасцейшчына — наша Палесціна.

 

Тут, у абліччах беларускае глыбіні. Адразу ўлоўліваеш гэты трагічны надлом броваў, гэтую арліную гарбінку носа, гэтую стоеную ў зморшчынках ля куткоў вачэй вечную мудрасць, гэтую бездань чорнага позірку, якая то прыцягвае, то палохае, нейкую няўлоўную, ценем, хітрынку, рыжынку або характэрную ўсмешлівую гарчынку, а ў размове — так і не пераможанае за дзве тысячы гадоў рассеяння «р»… І з самага нутра з нейкім шчаўчком — здагадка, быццам трэснуў суглобчык, калісьці, у дужанні з Госпадам пашко-джаны суглоб Якава, ад якога нашчадкі і атрымалі найменне ізраіля — «той, хто змагаецца з Богам»….

 

Беларускасць немагчыма зразумець без габрэйскасці.

 

Паўтару яшчэ раз, бо чую, як цяпер, во, маўляў, ерась! — суглобы надтрэснулі ў многіх: глыбіню і драму тысячагадовай хрысціянскай Беларусі, яе свядомасць, дух і лёс марна расшыфроўваюць у адрыве ад паняццяў габрэйскага горада і мястэчка, россыпу геніяў і біблійных каранёў выбранага Богам народа.

 

Беларусь, падпружаная нецярпімасцю з Захаду і рысай аселасці з Усходу, за некалькі стагоддзяў вынасіла пад сэрцам цэлы Ізраіль — лідара рэлігійнага сіянізму Меіра Бар-Ілана, заснавальніка Сусветнага сіянісцкага кангрэсу Навума Гольдмана, стваральніка габрэйскага руху Расіі Шмуэля Магілевера, старшыню сусветнай Сіянісцкай Арганізацыі Ар’е Дульчына, Егуду Бэн-Эліезэра, які аднавіў іўрыт, а таксама чатырох прэзідэнтаў і семярых прэм’ер-міністраў габрэйскай дзяржавы. Ды што казаць, калі яшчэ сто гадоў таму 2/3 жыхароў тых жа Пружанаў былі юдэямі.

 

Адноўлены Ізраіль, якому ў біблійных прароцтвах адводзіцца ключавая роля, быў зачаты, вырашчаны, напоены тут, у сэрцы Еўропы — і з болем, з крывавымі каранямі перасаджаны на Святую Зямлю… Міжволі пачуеш і водгулле ўсёчалавечай таямніцы, і пакліканне Божае для краіны, і рэха Апакаліпсісу.

 

З Берасцейшчыны родам пяцёра прэзідэнтаў і прэм’ераў Ізраіля. Толькі ўдумацца: за 63 гады існавання дзяржавы!

 

Хіба не сімвалічна, што першым прэзідэнтам адноўленага Ізраіля стаў народжаны ў Моталі пад Янавам беларускі сіяніст Хаім Вейцман? Першакласны хімік (дапамагаў брытанцам у Другой сусветнай вайне распрацаваць высокаактанавае паліва і штучную гуму, атрымаў звыш 100 патэнтаў), выбітны дыпламат (ініцыяваў вядомую «Дэкларацыю Балфура», якая паклала пачатак адраджэнню Ізраіля ў брытанскай Палесціне), лідар сіянісцкага руху (прэзідэнт Сусветнай сіянісцкай арганізацыі ў 1929—1946), чыім імем названыя цэнтральныя вуліцы многіх ізраільскіх гарадоў…

 

Голда Меір, знакамітая пятая прэм’ерка Ізраіля ў 1969—1977, у эпоху нафтавага крызісу, аўтарка фразы «Майсей вадзіў нас па пустыні сорак гадоў і прывёў у адзінае месца на Блізкім Усходзе, дзе няма нафты», — родам з Піншчыны. Адна з дзвюх жанчынаў, хто падпісаў Дэкларацыю Незалежнасці Ізраіля, пасля расстрэлу ізраільскіх спартоўцаў на Мюнхенскай Алімпіядзе 1972 распарадзілася расшукаць і знішчыць усіх да адзінага тэрарыстаў з «Чорнага верасня».

 

Менахем Бегін з Берасця — сёмы прэм’ер Ізраіля — паходзіў з сям’і сакратара Брэст-Літоўскай габрэйскай грамады, страціў у Халакосце жонку і дзяцей, выбітны юрыст і паліглот (валодаў 9 мовамі), зрабіўся лідарам першага несацыялістычнага ўрада ў Ізраілі (1977) і разам з Анварам Садатам за мірнае пагадненне, падпісанае ў Кэмп-Дэвідзе, атрымаў Нобелеўскую прэмію міру… На ягоны загад у 1981 ізраільская авіяцыя разбамбіла іракскі атамны рэактар і не дала Садаму Хусэйну атрымаць ядзерную бомбу.

 

Іцхак Шамір (Езярніцкі), восьмы і дзясяты прэм’ер Ізраіля, з’явіўся на свет у Ружанах, як і Бегін, страціў усю сваю сям’ю ў вайну — і ў 1980-х стаў вядучым габрэйскім палітыкам: міністрам замежных спраў, абароны, старшынёй Кнэсета — і двойчы прэм’ерам.

 

Адсюль жа, з Берасця — бацька нядаўняга, пятнаццатага прэм’ера, Арыэля Шарона (маці, дарэчы, з Магілёва) — таго самага Шарона, стваральніка сучаснага ізраільскага спецназа, які падчас Шасцідзённай вайны ў чэрвені 1967 на чале бронетанкавай дывізіі прарваў фронт егіпцянаў і выйшаў да Суэцкага канала, ідэолаг руху пасяленцаў, адно з’яўленне якога на Храмавай гары ў Ерусаліме справакавала шматгадовую палесцінскую інтыфаду…

 

Людзі, народжаныя ў беднай, забітай правінцыі, уцісканыя, пагарджаныя — з усёй вераю, жарсцю і моцай старазапаветных герояў ахвяраваліся, біліся да крыві, ваявалі з усім светам, каб толькі застацца жыць на камяністым, пустынным шматку абяцанай зямлі, страчанай 19 стагоддзяў таму.

 

Шыкоўны экскурсійны тур па памятных мясцінах заснавальнікаў і кіраўнікоў габрэйскае дзяржавы па маршруце Берасце—Моталь—Пінск—Ружаны — паўдня з вецярком! — самае малое, што магла б зрабіць любая ўлада ў Калысцы Ізраіля.

Але ж галоўнае — не гэта. Важней зразумець.

 

У Беларусі толькі спыніся, прыслухайся — і востра адчуеш прысутнасць Божую. Ён, Творца сусвету, стаіць па-над калыскай калісьці выбранага ім народа, які Яго не прыняў, а цяпер нарадзіўся наноў — і ў той жа калысцы пакуль дрэмле ягоны брат — які калісьці прыняў, а цяпер забыўся.

 

Тут, у краі сумных і ўбогіх духам людзей, у валадарстве крыжоў, Курапатаў, Хатыняў і Трасцянцоў, перасякнутым слязьмі і потам, крывёю, атэізмам і сіянізмам, дастаткова толькі прачнуцца — і ў раптоўным, абуджаным адкрыцці зразумееш, з якой асаблівай пяшчотай над гэтай зямлёй чувае, любуецца і трывожыцца Усявышні.

 

Болей навін