Пасьля зваротаў сябра БХД улады заняліся захаваньнем гістарычнай спадчыны Менска (фота)
На пад’ездах дамоў, разьмешчаных у самым цэнтры Менска, прадстаўнікі раённых уладаў расклеілі звароты да жыхароў дамоў, “якія ўнесеныя ў дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў па г. Менску”. Зьяўленьню гэтых абвестак папярэднічаў шэраг зваротаў сябра аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” Максіма Гацака да гарадзкіх і рэспубліканскіх уладаў.
У зьмешчаных на пад’ездах абвестках улады заклікаюць жыхароў дамоў па адрэсах вул. Кірава 1, Ленінградзкая 3 і 5, Сьвярдлова 22, 24 і 26, Ульянаўская 29 і зав. Міхайлаўскі 4 “азнаёміцца зь пералікам гісторыка-культурных каштоўнасьцяў і зь дзеючым заканадаўствам у сфэры аховы гісторыка-культурнай спадчыны, а таксама аформіць ахоўныя абавязацельствы у РСЦ ГП “ЖЭУ № 50, 79, 88, 92”.
“Неафармленьне абавязацельстваў цягне за сабой прыцягненьне да адказнасьці ў адпаведнасьці з заканадаўствам”, – паведамляецца ў звароце гарадзкіх уладаў.
Як адзначыў сябар БХД, 25 кастрычніка 2011 года ТАА “Белмерыдыян” распачала працы, як высьветлілася пазьней незаконныя, па пераплянаваньні кватэры на першым паверсе дому па адрасе Ленінградзкая 3. Пасьля звароту актывіста ў Міністэрства культуры Беларусі і адміністрацыю Кастрычніцкага раёну Менска, працы ў доме на пэўны час спыніліся, аднак пасьля атрыманьня дазволу ад Мінкульту “Белмерыдыян” аднавіў працы.
Тым ня менш “па факце парушэньня заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны упаўнаважаным спэцыялістам упраўленьня культуры складзены пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні ад 14.11.2011 № 7/11-11/2 у дачыненьні ТАА “Белмерыдыян”, які накіраваны на разгляд ў адміністратыўную камісію адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г.Мінска”, паведамілі актывісту ў адміністрацыі гэтага раёну.
Пры гэтым сябар БХД ужо амаль паўгады ня можа даведацца аб выніках разгляду дадзенай адміністратыўнай справы, хаця ў адміністрацыі Кастрычнікага раёну яму паведамілі, што адказ з вынікамі разгляду справы быў накіраваны яму яшчэ 22 лютага. “Нават зварот у Камітэт дзяржаўнага кантролю не прынёс пакуль станоўчых зрухаў у гэтым пляне”, – адзначыў Максім Гацак.
“Я вітаю дадзеныя дзеяньні гарадзкіх і раённых уладаў Менска. Канечне, жыхарам пазначаных дамоў давядзецца патраціць час на афармленьне ахоўных абавязацельстваў, але, спадзяюся, што гэтыя меры ўладаў спрычыняцца да лепшага захаваньня гістарычнай спадчыны Менска”, – падкрэсьліў актывіст.