Беларуская глыбіня. Балада Высоцкага-Макарэвіча
І ўсклікнуў зычным голасам,
як рыкае леў,
і калі ён усклікнуў,
тады сем грамоў прамовілі
галасамі сваімі.
Адкрыццё Яна Багаслова 10:3
У Беларусі глыбокі голас.
Засяроджаная, стоеная ў барах, балотах ды пушчах — калі яна пачынае гучаць, ахопліваюць дрыжыкі.
Што ты хочаш сказаць гэтым гулам з птушыным пошчакам, зямля на сямі вятрах, зарослая лесам і ўспамінамі, дрымучая, дрымотная?.. Пра што ты спяваеш людзям, якія не чуюць, не разумеюць?.. Пра што ты, забытая і пакінутая, молішся?..
Берасцейшчына, што сама прамаўляецца з пранізлівым посвістам, — шматгалосы спеўны цуд.
Гудуць вершаліны дрэў, салаўіныя ноты скразяць у пераборах лісця, у струнах сонечнага прамення пераліваюцца пяшчотныя паўтоны — і калышацца ў хвалях часу ніколі не паўтараная няспынная сімфонія. Сумна. Шчымліва. Велічна.
Сваімі лёгкімі Еўропы, сваімі сплеценымі, перавітымі беларуска-польска-габрэйска-ўкраінскімі галасавымі звязкамі гэтая глыбіня выдыхнула спеўных геніяў ХХ стагоддзя — Забэйду-Суміцкага, Шырму, Высоцкага, Макарэвіча. І выдыхнула так, што пачула паўсвету.
Народжаныя ўжо ў Маскве, Высоцкі і Макарэвіч выконвалі адчайную і адвечную місію, якой тысячу гадоў аддавалі сябе беларускія апосталы Тураўскі, Скарына, Мсціславец, Федаровіч, Полацкі, потым Глінка, Грыбаедаў, Дастаеўскі, а потым Старавойтава, Кавалёў, Навадворская… Збаўленне Расеі. Словам, малітвай, культурай, нават юродствам — аж да ахвяры.
Род Высоцкага адсюль, з Сяльца колішняга Пружанскага павета, а цяпер Бярозаўскага раёна. Мешчанін Шліём, які ўзяў сабе імя Сямён, перабраўся ў Высокае, дзе запісаўся Высоцкім, нейкі час выкладаў у Брэст-Літоўску расейскую мову і нарадзіў Вольфа — дзеда Уладзіміра. У Маскве Высоцкія ўкараніліся ў Мяшчанскай слабадзе, з ХVII ст. заселенай беларусамі.
Уладзімір нарадзіўся зімой 1938, у самы разгар крывавага сталінскага тэрору — потым усё жыццё, усім сваім хрыплым знадрыўным голасам ён будзе вырываць з сябе ды сэрца трохсот мільёнаў жыхароў адной шостай часткі сушы страх, боль і хлусню расейскага ХХ стагоддзя.
Ранняе дзяцінства ў маскоўскай камуналцы, блатныя спевы на Вялікім Карэтным… Першая тэатральная работа — роля Парфірыя Пятровіча ў спектаклі паводле яшчэ аднаго тутэйшага, што сіліўся выкараніць зло з расейскага сэрца — «Злачынства і пакаранне» Дастаўескага.
Высоцкі ўсё жыццё вяртаўся ў Беларусь — то на здымкі «Беларусьфільма» з сябрам, рэжысёрам Віктарам Туравым («Я родам з дзяцінства», «Вайна пад стрэхамі»), то ў Мінск на канцэрты ды спектаклі (бацька згадвае: студэнтам знаёмыя запрашалі ў інтэрнацкі пакой на Паркавай, дзе ён спяваў), то на мядовы месяц на Свіцязь: іх з Марынай Уладзі, якая паходзіць з Наваградчыны, вадзіў па руінах знакамітага замка Міхась Ткачоў.
Хіба не пра родную Беларусь гэта, з фільма «Сыны сыходзяць у бой»:
Хто паверыў, што спалілі зямлю?
Не, яна пачарнела ад гора…
Хіба ж не беларускае сэрца б’ецца ў гэтым да болю Высоцкім:
Я дышу, і значыць, я люблю,
Я люблю, і значыць, я жыву…
І ці не скразіць, не грае Беларусь у знакамітай «Цыганскай», дзе ўсё не так:
Я паўз поле, уздоўж ракі,
Цьма святла без Бога,
А ў чыстым полі — васількі,
І дальняя дарога…
А «Буслы», «Коні пераборлівыя», «Лазня па-беламу», «Балада пра барацьбу»…
Пройдзе ўсяго 15 гадоў ад нараджэння Высоцкага, зноў скалыхнецца беларуская глыбіня, і ў той жа Маскве ў год смерці Сталіна свет агалосіць новы беларускі крык — немаўляці Андрэя Макарэвіча.
Родныя мястэчкі абодвух — Сялец і Паўловічы — усяго за 10 км адно ад аднаго. Ды і «цяжкі» Высоцкі, і «лёгкі» Макарэвіч — два бакі аднаго, бліскучага ды звонкага беларускага медаля.
І наколькі важка, грымотна, то з глыбокім пакаяннем, то з бадзёрым бардаўскім гумарком гучаў у застойнай Расеі Высоцкі — настолькі ж лёгка, светла і свежа са сваёй заўсёднай белазубай усмешкай ды летуценным блюзам менестрэля падхапіў ягоны спеў у ветры пераменаў Макарэвіч: «Новы паварот», «Птушка колеру ўльтрамарын», «Калі сонца на далоні, калі сэрца ў гуках тоне…» — як гэта па-беларуску паветрана, светла і вытанчана!
Адзін ягоны дзед, Рыгор Макарэвіч, карэнны тутэйшы, настаўнічаў на колішняй Пружаншчыне, другі, Антоні Усакоўскі, грэка-каталіцкі святар са шляхецкага роду герба «Сас», быў настаяцелем у Петрапаўлаўскай чыгуначнай царкве (і, між іншым, удзельнічаў у 1918 у З’ездзе беларусаў у Маскве). І вось у сям’і берасцейскага архітэктара, што рэканструяваў Беларускі вакзал, Вадзіма Макарэвіча, і Ніны Шмуйловіч з ваколіцаў Віцебска нараджаецца Андрэй.
Макарэвіч на поўны голас загучаў менавіта тады, калі змоўк Высоцкі. Улетку 1980-га, падчас Алімпіяды, Масква пахавала свайго героя шматтысячным недазволеным шэсцем. І пачалася новая эпоха. Васьмідзясятыя. Падпольны рок. Перабудова…
Не варта прагінацца пад зменлівы свет,
хай лепей ён прагнецца пад нас,
аднойчы ён прагнецца пад нас…
Празрыста-блюзавая, надзіва гарманічная для знявечанай, агрубелай Расеі — «Машына часу» пераносіць нас у эпоху вечнага супрацьстаяння Беларусі з Белакаменнай: тыя нас гвалтам, а мы іх кшталтам.
Пару гадоў таму, здымаючы фільм пра ўласны радавод, Макарэвіч прыехаў сюды. У малецкай царкве захацеў паставіць свечкі. «Гэтая 1500, гэтая 2000, а гэтыя па 3000», — падказваюць яму. «Бяру дзесяць па тры тысячы», — кажа музыка і выкладае трыццаць тысячаў расейскіх. Бацюшка спрабаваў патлумачыць, што кошты ў беларускіх рублях, але зямляк махнуў рукой — ахвярую на царкву.
Месца святла
было так блізка,
можна крануцца рукой….
Свечкі даўно дагарэлі, а месца святла засталося.
Белавежская пушча, Віскулі, Макарэвіч, Высоцкі, Дастаеўскі… Быццам праз глыбокую, ад цвікоў, скразную крывавую рану, з болем і любоўю, штораз аддаючы Сябе, адсюль на ўсю Расею ды вялікі свет гаворыць, шэпча, хрыпіць, спявае і грыміць грымотамі, каб мы нарэшце пачулі, Творца.