Айцец Францішак Бляхніцкі: Не можаш быць нявольнікам (з кнігі “Постсавецікум”)
Айцец Францішак Бляхніцкі – заснавальнік вялікага каталіцкага руху “Святло-Жыццё” (вядомага як “Ааза” амаль у кожным касцёле ў Польшчы), прафесар багаслоўя, перад святарскім высвячэннем – патрыёт-змагар, цудоўным чынам выратаваны ад выраку смерці з рук фашысцкіх акупантаў. У 1981 годзе ён выехаў часова за межы Польшчы, але не змог вярнуцца з прычыны ваеннага становішча. Арганізаваў у Нямеччыне Мірныя Маршы за Вызваленне краін Усходняй Еўропы ад камуністычнага рэжыму. Памёр раптоўна ў 1987 годзе, не дачакаўшыся краху гэтай страшнай сістэмы. Пісьменнік, прарок. Сябра Яна Паўла II. Зараз у Ватыкане рыхтуецца працэс, праз які яго плануецца абвясціць дабраславёным і святым.
Праграма духовага вызвалення, якая павінна была ўратаваць Польшчу:
1. Адвага праўды
Трэба асудзіць рэчаіснасць, якая мае месца ў Польшчы, у святле праўды і абсалютных этычных нормаў. Нельга маўчаць з-за страху, а трэба называць рэчы па імені, нельга са злом быць дыпламатам або ўжываць нейкую тактыку ў імя разважлівасці. Таму што мы маем справу з сістэмай, якая ў найглыбейшай сваёй сутнасці хлуслівая, якая валадарыць праз страх, што прышчэпліваюць людзям, каб не мелі мужнасці супрацівіцца хлусні і жыць у праўдзе. У гэтай сітуацыі, у рэшце рэшт, слушныя словы Хрыста: “Пазнаеце праўду, і праўда вас вызваліць” (Ян 8:32). Таму трэба асудзіць у праўдзе і справядлівасці самазванцаў і тыранаў, якія ідуць увесь час супраць волі народа, знаходзячыся на службе чужой і варожай для Польшчы імперыі. У святле правілаў каталіцкай сацыяльнай этыкі наш сённяшні ўрад можа быць акрэслены толькі як несправядлівы, “акупацыйны ўрад народнай здрады”.
Абапіраючыся на аснове праўды і этыкі, трэба адкрыта дамагацца вяртання Польшчы суверэнітэту, права ўсталяваць справядлівую ўладу, а таксама асабістай і грамадскай свабоды паводле агульных прынятых у сучасным свеце нормаў. Так чыніць Папа Рымскі Ян Павел II. Таксама ў самой Польшчы трэба мець адвагу адкрыта выказваць гэтую ацэнку і правілы, такім чынам зробім першы крок да духовага вызвалення праз праўду. Калі унутранна пагаджаемся на сітуацыю рабства, няволі, не маючы мужнасці аддаць рэчаіснасць пад суд этычных нормаў – тады не карыстаемся свабодай Божых дзяцей, якая нам належыць, і тады дабравольна становімся рабамі!
2. Праўда як заклік да пакаяння
Першай нашай рэакцыяй на ўсведамленне сітуацыі крыўды і несправядлівасці не павінен быць рэвалюцыйны рух, прагненне знішчыць тыранскую ўладу, каб вярнуць справядлівы парадак і свабоду. Як вернікі мы мусім спачатку стаць у абліччы пытання: чаму Бог дапусціў сітуацыю, што сістэма савецкага камунізму трывае так доўга і знявольвае народы? Чаму Бог дазволіў тое, што адбылося ў Польшчы ў памятны дзень 13 снежня 1981 года?
Шмат хто ставіць сабе такія пытанні і траціць веру, або яго вера слабне. Аднак мы павінныя зразумець, што нічога ў гісторыі чалавецтва не адбываецца без прычыны і Божага дапушчэння, а таксама прыняць гэта. Бязбожны камунізм існуе таму, што яго дапусціў Бог, і будзе існаваць так доўга, як гэта запісана ў Божай волі і выраках. Прымаючы гэта і ставячы далей пытанне “Чаму?”, знаходзім зразумелы адказ у Святым Пісанні, у паказанай там гісторыі збаўлення. Бог – справядлівы і міласэрны. Дапушчае зло як пакаранне за грахі – у гэтым праяўляецца Яго справядлівасць. Таксама Бог дапускае зло, каб нас ад гэтага зла выбавіць, і ў гэтым праяўляецца Яго міласэрнасць. Верачы ў Божую справядлівасць і міласэрнасць, перад абліччам выпрабаванняў і цяжкага досведу, Абраны Народ Старога Запавету ўпакорваўся перад Богам. Да гэтага яго заклікалі Прарокі і іншыя Божыя Намашчэнцы. Народ вызнаваў свае грахі і прасіў прабачэння, прымаючы пакуту, а перадусім – перамену і выпраўленне жыцця згодна з Правам Госпада. Потым народ усклікаў да збаўчай Божай моцы, і Бог заўсёды аказваў яму Сваю міласэрнасць, ўмешваўся з моцай у дзеі Свайго народа.
Гэтае права Божай эканоміі збаўлення, якое акрэслівае адносіны народа да Бога, мусіць знайсці свой водгук таксама ў сучаснай сітуацыі каталіцкага польскага народа. Існыя абставіны мы мусім адчытаць перад усім як заклік да рахунку сумлення. Нам трэба прызнацца ў грахах, за якія мы заслужылі гэтую Божую кару! Хаця б да граху штогадовага забойства мільёна ненароджаных дзяцей польскімі маці, польскімі лекарамі! Нашым заданнем павінна быць, перш за ўсё, перапрашэнне Бога за грахі народа, вызнанне Яго справядлівасці, а паколькі Ён нас слушна карае, мы павінны выканаць пакуту, адвярнуцца ад нашых грахоў. Мы мусім выйсці з той няволі, прычынай якой з’яўляемся мы самі, з рабства алкагалізму і нашых грахоў. Калі зробім шчыры высілак у гэтым кірунку, тады можам разлічваць на Божую міласэрнасць і прасіць аб Ягонай моцы.
3. Малітва аб перамозе Бога.
Калі становімся перад Богам у праўдзе, вызнаючы нашую нягоднасць і грэшнасць, а таксама Яго справядлівасць, тады можам звярнуцца да Яго міласэрнасці.
Можа, да 13 снежня мы былі занадта ўпэўненыя ў сабе, разлічвалі на ўласныя сілы, можа, не разумелі, што маем дачыненне з вялікай моцай зла?
У памятны снежаньскі дзень мы стаялі тварам у твар да гэтай моцы. І тады толькі ўсвядомілі, што змагаемся супраць нялюдскай сілы, поўнай хлусні і нянавісці, якая не адступіць не перад кім і чым. Тады мы зразумелі слабасць нашых магчымасцяў і матэрыяльных сродкаў, з якімі мы супрацьстаялі ўладзе.
Перад вырашальным выступам (канфрантацыяй), калі моцы цемры змабілізавалі ўжо ўсе свае сілы, каб ударыць, мы павінныя перш-найперш супрацьпаставіць ім моц Найвышэйшага Бога як адзіную сілу, большую за ўсе іншыя. Толькі гэтая Божая сіла здольная перамагчы. Гэта связана з глыбокай верай і малітвай аб перамозе праўды і справядлівасці, аб перамозе Бога. Нашым ратункам стаецца наш поўны давер Богу, як гэта чыніў Абраны Народ Старога Запавету ў шматлікіх крытычных момантах сваёй гісторыі.
Мы павінныя прыняць такую пазіцыю, як Давід перад змаганнем з Галіяфам, кажучы: “Ты ідзеш на мяне з мечам, і дзідай, і шчытом; а я іду на цябе ў імя Госпада Магуццяў, Бога войскаў Ізраэля, Якога ты зняважыў” (1 кніга Самуэля 17,45).
Мы павінны маліцца так, як першыя хрысціянскія супольнасці ў Ерузалеме ў час пераследу: “Ўсеўладны Створца неба і зямлі, і мора, і ўсяго, што ў іх існуе, Ты праз Святога Духа сказаў вуснамі Свайго слугі Давіда: Чаму бунтуюцца плямёны і народы задумваюць марнае? Узнімаюцца зямныя цары і князі збіраюцца разам супраць Госпада і супраць Твайго Намашчанага.
Бо сапраўды ў гэтым месцы сабраліся Ірад і Понцій Пілат з пакаленнем Ізраэля і паганцамі супраць Твайго святога Слугі Ісуса, каб выканаць тое, што задумала Твая рука. А зараз паглядзі, Госпадзе, на іх пагрозы і дай Тваім слугам абвяшчаць Тваё слова з усёй адвагай, у той час, калі Ты працягнеш сваю руку, каб учыніць знакі і цуды, каб аздараўляць у Імя Твайго святога Слугі Ісуса Хрыста” (Дзеі 4, 24-30).
Цяперашняя хвіліна з’яўляецца заклікам да малітвы з вялікай верай аб перамозе Бога. Чым больш розняцца сілы, тым большай мусіць быць вера ў моц Бога і набліжэнне Яго перамогі. Мы павінны мужна і велікадушна маліцца аб поўнай перамозе і вызваленні, у Божай меры, а не нашай, ацэненай у святле палітычнага рэалізму. Наш рэалізм павінен быць рэалізмам веры, які вызнае ўмяшанне Творцы ў гісторыю як штосьці сапраўды рэальнае.
4. Малітва аб навяртанні грэшнікаў
Бог мае ўладу над чалавечымі сэрцамі і можа іх унутранна перамяніць. У кожнай хвіліне Ён можа Саўла перамяніць у Паўла. З іншага боку, усялякае зло мае сваю крыніцу ў сэрцы чалавека, у якім валадарыць ахвота вялікасці і ўлады, таму малітва аб перамозе Бога мусіць быць канкрэтнай аб навяртанні грэшнікаў.
Гэта наш хрысціянскі адказ, наша рэакцыя на сітуацыю, якая існуе. Перш за ўсё, у святле веры і сумлення называем рэчы па імені: грэх – грахом, здраду – здрадай. Нашай наступнай рэакцыяй на асуджаную ў святле Божай праўды і справядлівасці рэчаіснасць не павінна быць прагненне помсты, ахвота адказу, пакарання і знішчэння ворага, ці супрацьстаўленне гвалту гвалтам. У духу хрысціянскай любові молімся за навяртанне грэшнікаў, каб Бог перамог, перамяніў іх сэрцы.
У гэтым, дарэчы, і ёсць нашая духовая вышыня над ворагам, наша ўнутраная вольнасць у адносінах да іх, так, што аддаем іх прысуду Божаму і просім адначасова аб міласэрнасці над імі.
Мы павінны вельмі канкрэтна маліцца аб навяртанні гэтых грэшнікаў, якія спраўляюць над намі тыранскую і несправядлівую ўладу, і пры гэтым маюць на сумленні столькі гвалту і чалавечай крыўды.
Калі молімся аб навяртанні грэшнікаў, спаўняем жаданне Беззаганнага Сэрца Марыі, з такім акцэнтам аб’яўленага ў Фаціме, і набліжаем перамогу гэтага Сэрца, якая была прадказаная. Гэта перамога будзе не таму, што вораг будзе знішчаны, а таму, што ён навернецца.
Малітва аб навяртанні грэшнікаў можа здзейсніць цуд нечаканай перамогі, які не змяшчаецца ў чыста чалавечых разліках і чаканнях.
5. Змаганне без нянавісці і з гатоўнасцю прабачэння
Калі молімся аб навяртанні грэшнікаў, прадугледжваем міласэрнасць і гатоўнасць прабачэння ім з боку Бога. Калі шчыра молімся ў гэтым намеры, у духу Божай Міласэрнасці, становімся Яго інструментамі. Гэта азначае, што мы самі павінны адкінуць нянавісць і мець у сабе гатоўнасць да прабачэння.
Наша духовае змаганне і наша праграма вызвалення мусяць быць акрэсленыя як змаганне без варожасці і без выкарыстання гвалту. Гэта і ёсць так званы шлях негвалтоўнага вызвалення. Абіраючы такое выйсце з сітуацыі, не чынім гэтага з тактычных поглядаў, каб уцячы ад непатрэбных ахвяраў. Гэта не пазіцыя капітуляцыі, адступлення перад абліччам гвалту, але Божы шлях перамогі, якую аб’явіў нам Хрыстос, калі паміраў на крыжы.
Шлях гвалту не з’яўляецца шляхам вызвалення, ён праводзіць хутчэй за ўсё да зачараванага кола крыўды і помсты, які не прывядзе ні да чаго. А з іншага боку шлях вырачэння нянавісці і гатоўнасці да прабачэння праводзіць да перамогі духоўных каштоўнасцяў, у кожнай сітуацыі ратуе годнасць чалавека, а гэта і ёсць галоўная мэта кожнага змагання за вызваленне. Замест адказу гвалтам на гвалт, або злом на зло, мы павінны перамагаць зло дабром. Але, каб такія паводзіны не аказаліся толькі адступленнем перад злом, а наадварот – духоўнай перамогай, яны павінны ісці ў пары са сведчаннем, дадзеным праўдзе і названым па імені і асуджэннем граху, які з’яўляецца ўнутраннай няволяй.
6. Сведчанне ў Праўдзе
У згодзе са словамі Хрыста: «пазнаеце праўду, а праўда вас вызваліць» (Ян 8,32), праўда паказвае дарогу да вызвалення. Праўда вызваляе чалавека тады, калі ён прымае яе ў паўнаце, а таксама, калі падпарадкоўвае сваё жыццё яе патрабаванням. Жыццё ў праўдзе грунтуецца на знешнім сведчанні аб праўдзе, на прызнанні яе, на патрабаванні яе ў кожнай сітуацыі.
Наша няволя ў сваёй найглыбейшай сутнасці бярэцца з нашага падпарадкавання дамінацыі хлусні без спробы, каб з яе зняць маску, таму што, ведаючы аб яе існаванні, мы не пратэстуем, а маўчым і робім выгляд, што верым гэтай хлусні. Уся сістэма знявольвання, у якой мы жывем, якую нам навязалі, абапіраецца на хлусні. Толькі шлях адважнага сведчання праўдзе прыводзіць непасрэдна да свабоды. Чалавек, які дае сведчанне праўдзе, з’яўляецца вольным, свабодным нават ва ўмовах знешняга зняволення, нават у канцэнтрацыйным лагеры, у арышце ці ў вязніцы. І гэта ёсць менавіта шлях, якога ніхто не можа закрыць, шлях свабоды, вольнасці ў праўдзе. Аб гэтым казаў Папа Рымскі ў сваёй малітве 3 лютага 1982 года.
Калі б шмат палякаў у сёняшняй сітуацыі думала гэткім жа чынам, мы б сталі народам духоўна вольным ужо зараз, а знешняя вольнасць, палітычная, раней ці пазней павінна была б прыйсці як наступства свабоды духа і жыцця ў праўдзе.
7. Сумленне і вольнасць (свабода)
Мы кажам пра свабоду сумлення як пра асаблівы від свабоды, таму што менавіта сумленне, калі мы яму паслухмяныя, чыніць нас вольнымі. Трэба, аднак, сказаць, што сумленне з’яўляецца асаблівым відам праўды, які катэгарычна патрабуе паслухмянасці, а ў абмен за гэта прыносіць чалавеку свабоду як плён гэтай паслухмянасці.
Паслухмянасць сумленню ёсць шляхам, які вядзе да вызвалення. Чалавек, які слухаецца гэтага ўнутранага голасу, у душы застаецца вольным, нават калі церпіць пераслед і вязніцу, і наадварот, калі хтосьці чыніць супраць свайго сумлення, становіцца нявольнікам граху.
Шлях паслухмянасці сумленню вядзе да вызвалення таксама ў грамадска-палітычным вымярэнні. Калі адносна малая лічба людзей у Польшчы, якая належыць да апарату Службы бяспекі, змагла зняволіць увесь народ, то гэты факт можна патлумачыць толькі як паводзіны, нязгодныя з унутраным парадкам. У выніку гэтага вялікая лічба людзей (войска, міліцыя, чыноўнікі) сталася – са страху ці выгады – паслухмяным інструментам у руках ворага.
У Польшчы дзейнічае закон аб свабодзе сумлення. Што б здарылася, калі б усе людзі, або большая іх частка, у Польшчы сістэматычна адмаўлялі ў падпарадкаванні ўладзе, абапіраючыся на сваё сумленні, у такіх сітуацыях, калі пэўных справаў нельга з сумленнем пагадзіць? Калі б так масава рабілі жаўнеры, чыноўнікі, міліцыя, калі іх змушаюць удзельнічаць у несправядлівых і беспадстаўных затрыманнях, судах і законах? Калі б гэтаксама чынілі суддзі, настаўнікі, лекары і гэтак далей? Тады б сумленне ў вымярэнні грамадскім стала бы вялікай моцай для вызвалення народа, а людзі, паслухмяныя сумленню, былі б апорай свабоды!
На першым месцы трэба паставіць справу выхавання вернасці свайму сумленню і ўмацавання людзей, каб маглі вытрываць у гэтай вернасці.
8. Крыж і перадольванне страху
Як сведчанне аб праўдзе, так і вернасць голасу сумлення патрабуюць адвагі і пераадольвання страху.
Страх, які не дазваляе нам казаць праўду, а таксама дзейнічаць згодна з ёй, з’яўляецца галоўнай і непасрэднай прычынай нашай няволі. Пераадоленне страху з’яўляецца ключавой справай у цэлай стратэгіі змагання за вызваленне чалавека і народа.
Страх нараджаецца ад пагрозы. Мы баімся, калі нам пагражае цярпенне ці смерць, страта нейкіх дабротаў (вольнасці, здароўя, жыцця, добрага імені, месца і так далей). Наш страх пераадольваем, калі пагаджаемся на цярпенне ці страту чагосьці – у імя вышэйшых каштоўнасцяў, тады, калі прымаем Крыж. Толькі Ён з’яўляецца каштоўнасцю, дзеля якой варта цярпець і нават аддаць жыццё. Хрыстос даў сведчанне праўдзе і таму перажыў смерць на крыжы. Калі праўда стане для нас настолькі важнай каштоўнасцю, тады зможам пераадолець страх, які не дазваляе нам аб ёй сведчыць. Крыж, праз праўду, паказвае нам дарогу, як набыць свабоду. Толькі калі яго прымаем, зможам перамагчы страх, які з’яўляецца непасрэднай прычынай зняволення.
Прыняцце Крыжа ў рэшце рэшт мажлівае толькі на аснове веры ў Бога, Які гарантуе найвышэйшыя каштоўнасці. Прыняцце цярпення і гатоўнасць аддаць жыццё за праўду – гэта акт даверу і любові Бога. У Ім знаходзім гарантыю канчатковай перамогі праўды, справядлівасці і любові.
9. Салідарныя з іншымі
Гэта праграма духовага змагання, якая вядзе нас да поўнага вызвалення. Каб яна перамагала, трэба выканаць адну ўмову: трэба выконваць яе салідарна з іншымі, таму што ў раз’яднанні і ў самотнасці мала што атрымаецца.
Мы павінны аб’яднацца з усімі тымі, хто разам з намі прагне вызвалення нашага народа і за гэта змагаецца. Трэба таксама ўзяць да свайго сэрца глыбокі сэнс слова «салідарнасць», аб якой кажа Папа ў сваёй малітве за Польшчу ў часе спаткання ў сераду 24 лютага 1982 года: «Салідарнасць – гэта не толькі назва клопату – перадусім аб лёсе людзі пераследаваных, затрыманых, аб штодзённасці ў Айчыне, аб шанаванні правоў чалавека і суверэнітэту народу – гэта не столькі назва клопату: гэта імя еднасці і супольнасці, у якой мы знаходзім сябе наўзаем, у якой мы прагнем выказаць якасць нашага быцця ў супольнасці народа».
10. Аб’яднанне з Беззаганнай, Яснагорскай Паннай
Нарэшце трэба выканаць яшчэ адну умову, для плённай барацьбы за вызваленне нашай Айчыны.
Мы павінны змагацца разам з Беззаганнай, нашай Яснагорскай Маці і Валадаркай. Яна – Чалавек цалкам вызвалены і ў еднасці з Ёй мы можам дасягнуць наша вызваленне. У Фаціме Яна аб’явіла перамогу Свайго Беззаганнага Сэрца і папрасіла, каб мы прысвяцілі Яму сябе саміх.
Святы Максіміліян Кольбэ паказаў нам дарогу духоўнай перамогі праз ахвяраванне сябе самога Беззаганнай Дзеве Марыі: «Яна зруйнуе (растопча) галаву змея» – таксама і ў нас і праз нас, калі станем Яе рыцарствам.
Святой памяці ксёндз кардынал Глонд і кардынал Вышынскі так казалі: «Калі і прыйдзе перамога, гэта будзе Яе перамога!»
Нарэшце Папа Ян Павел ІІ увесь час давярае нас Яснагорскай Панне, Маці Касцёла і маці Айчыны. Ён умацоўвае нашу надзею словамі: «Сілы дабра павінны перамагчы у краіне, якая Цябе спрадвеку лічыць сваёй Маці і Валадаркай!»