Беларуская глыбіня. Дзеці незалежнасці
Мы цяпер дзеці Божыя,
але яшчэ не выявілася,
чым будзем.
І Яна 3:2
Ровар, новенькі «Бусел» мінскай вытворчасці, мне падаравалі берасцейскія хрысціянскія дэмакраты — каб раз на тыдзень штонядзелі паспяваць у царкву. Увесь астатні час ім карыстаюцца «хімікі», і, каб па п’яні не дабілі ды не згубілі, даводзіцца прызначаць адказнага арандатара з ключыкам — пакуль той не вызваліцца ці не адправіцца ў «зону». Апошнім стаў наймаладзейшы з куплінскіх асуджаных, спрытны 20-гадовы хлопчык. З нашым пакаленнем, generation last, або пераможцаў, як каму падабаецца, ужо ўсё ясна (90-я forever!) — роварам яны карыстаюцца злосна ды на знос — а вось што за пакаленне незалежнасці, выраслае за Лукашэнкам, племя маладое, незнаёмае?..
Хлопчык аказаўся надзіва здольны. Парэпаны, расхлябаны да стогнаў і енкаў ровар падкруціў, змазаў, прыладзіў на багажнік ёмкі кош для грузу… Любата.
І праз пару тыдняў на гэтым самым ровары даўся з каменды наўцёкі.
Увогуле, тую моладзь, што сядзіць у куплінскай спецкамендатуры, лёгка ўявіць як вынік аблавы ў сярэднім беларускім горадзе: затрымаць па дварах паўсотні маладзёнаў 18—25 гадоў — і гатовая «хімія». Такія ж, як усе: проста трапіліся. Ад сённяшняй хвалі маладафронтаўцаў — тыя ж 18—25, з тымі ж кароткімі стрыжкамі, мабілкамі ды флэшкамі, аўтаспынамі і грубымі галасамі, паначаплянымі з «кантакту» хвосткімі фразамі і трохі грэблівым стаўленнем да жыцця — іх адрознівае зусім няшмат. Хіба што мова. І вера.
Але для канвойнага ці дзяжурнага з ключамі, народжаных у СССР (што на Акрэсціна, што ў Купліне) і адныя, і іншыя — усё тыя самыя азлобленыя малалеткі, непакорлівае і хударлявае зло, якое не хоча, блін, працаваць і псуе жыццё нармальным людзям.
Ну якой яно волі хоча, гэтае пакаленне, тыпу незалежнасці?
Вось Уладзь Яроменак, вясёлы 22-гадовы хлопец-каталік з Мёраў, душа пілігрымак, адбыў 8 месяцаў турмы за Плошчу, і, вызвалены, ужо паспеў атрымаць нагляд ды 66 сутак за маладафронтаўскія акцыі.
Вось Мікола Дземідзенка, 23-гадовы намеснік старшыні МФ, дарэчы, з тых жа Мёраў, мажны кучаравы асілак, поўны алімпійскага спакою ды ўпэўненай моцы, арганізатар моладзевай кааліцыі «Ігнор-2012», што збіраецца байкатаваць «палаткавыя выбары» — адпраўляецца даседжваць свае 62-я «суткі» за апошні год.
Вось Зміцер Крамянецкі (эмэфаўская мянушка «Крэмень»), 24-гадовы ўдзельнік нашумелай антыкамуністычнай акцыі 7 лістапада, які ўжо паспеў адслужыць у войску… таксама з Мёраў (во прарвала Віленшчыну!) — 70 адседжаных «сутак».
Вось Міхась Мускі з Нясвіжа, 21-гадовы герой з 65-цю «суткамі» з ліпеня 2011-га, гвалтоўна завезены ў вайсковую часць пад Лепелем.
Вось 19-гадовы Павал Сяргей, выключаны за палітыку з Маладзечанскага каледжа, у якога сталіністы адсудзілі 1 млн 897 тыс. рублёў пасля закідвання яйкамі помніка Леніну — больш за месяц на Акрэсціна.
Вось Настачка Палажанка з Мінска, з 14 гадоў у Маладым Фронце, якая мае «сутак» ды «крыміналак» болей, чым палова апазіцыйных лідараў, разам узятых, — як ільвіца, змагаецца за свайго каханага…
І нарэшце, наймацнейшы баец, 22-гадовы маладафронтавец з Жодзіна Раман Васільеў: за апошнія 10 месяцаў — 95(!) «сутак» на дошках, у холадзе і голадзе, рэкорд у нашай найноўшай гісторыі.
Вера і мова… Седзячы разам на Акрэсціна, дамаўляюцца: хто мацюкнуўся — атрымай пендаля. Ты ж маладафронтавец, чуеш!
У Азербайджане, дзе і рэжым падобны, і апазіцыя прыблізна ў гэткім жа стане, што і наша, лічыцца, што палітыка — справа надзвычай сур’ёзная, і займаюцца ёй мужчыны 30—50 гадоў. Маніфестацыя ў Баку — ідуць тысячы здаровых мужыкоў, ад скураных куртак ды пінжакоў чорна. І нашых дзеячаў з гідлівасцю, не менш выразнай за каўказскі акцэнт, пытаюцца: а слухай, чаго за вас ваююць вашыя дзеці?
Вось ужо 15 гадоў незалежнасці МФ трымае фронт вулічнага супраціву — акцыямі, «лятучымі пікетамі», бел-чырвона-белымі сцягамі, «крыміналкамі» ды асабістай самаахвярнасцю.
Не паспела схлынуць хваля «хлопцаў Плошчы» — і вось ужо накатвае новая. Тыя, хто гатовы трымаць малады фронт, пакуль дарослыя дзядзькі за іхнімі спінамі мычаць, жуюць соплі і высвятляюць адносіны крыўдліва, быццам падлеткі.
Вакол чаго яднацца ім, старэйшым? Ды вакол падтрымкі маладафронтаўцаў. Каваленкі. Васьковіча. Бяляцкага. Статкевіча. Дашкевіча. Лобава. Усіх тых, хто прымае ўдар на сябе, каб рэжым не ўварваўся на кухні.
Сустракаць моладзь з «сутак» ды адседак, збіраць поўныя залы на суды, дапамагаць бацькам і даводзіць: не ўшчуваць такіх дзяцей трэба, а ганарыцца імі!
У 2007-м, калі Дашкевіч ды Фінькевіч сядзелі па турмах, а колькідзясят маладафронтаўцаў хадзілі пад «крыміналкамі», найвастрэйшыя акцыі МФ праводзіла дзявочая «брыгада пантэраў» — Кася Галіцкая, Люся Атакулава, Кася Краснова.
Цяпер — зноў хлопцы. «Хоць ёсць за каго замуж выходзіць беларусачкам», — важка падсумоўвае Мікола Дземідзенка.
…А хлопчыка, што ўцёк на партыйным «Бусле», злавілі.
Ровар застаўся ў лесе. У дзяжурцы запыталі, ці буду пісаць заяву — усё-такі крадзеж. Для шустрыка — лічы, адразу турма. Пісаць, вядома, не стаў.
Ровар адшукалі і прывезлі сябры. Спраўны, колы круцяцца. Увечары дзіця незалежнасці прыйшло з прабачэннямі. Прыгнечанае — праз сваю дурную вандроўку цяпер сядзі, чакай выраку начальства. Але павітаўся па-беларуску. І напрыканцы размовы папрасіў Біблію.
Спакусаў ды выпрабаванняў на долю дзяцей незалежнасці хопіць. Але яны ўжо адчуваюць нешта такое, што прымушае іх бацькоў апускаць вочы і пераводзіць гутарку на дробязі.
Зразумець іх, прыняць іх — спрытных і разгубленых, пакінутых і адчайных, заблытаных у сацыяльных сетках і такіх моцных — здольны толькі Той, Хто аддаў за нас Свайго адзінага ўлюбёнага Сына. Бог-Айцец.